Які след пакіне кахоўская катастрофа?

Першае, што я зрабіла сёння раніцай, – патэлефанавала сваёй знаёмай украінцы, з якой паспелі пасябраваць за год.

Яна мне раней казала, што ейныя бацькі і бабуля застаюцца ў Херсонскай вобласці і не паддаюцца на ўгаворы выехаць хаця б на час у бяспечнае месца. Там усё няпроста – бацькі разведзеныя. Мама з бабуляй жывуць на адным канцы вёскі, а бацька – на другім. Бацька – інвалід, у яго няма нагі. Маці паведаміла, што агарод пасадзілі. Куры, карова, свінні… Куды ехаць? Але сёння Людміла ўсхвалявана спытала, ці ведаю я як журналіст больш падрабязную інфармацыю пра абстаноўку. Яна да апошняга спадзявалася, што ўсё абыдзецца. Сказала: «У нас сяло стаіць на ўзвышшы. Нібыта не павінна затапіць. Бацька раніцай быў у мамы з бабуляй. Я ім паспела сказаць: «Трымайцеся разам. Так вам лягчэй будзе, і ў выпадку эвакуацыі дапаможаце адно аднаму». Бацька сказаў, што яму трэба з’ездзіць дадому, каб забраць пратэз і дакументы. А зараз няма сувязі з імі ўвогуле. Ні з кім. Я хвалююся, таму што пасярод вёскі ў нізінцы рачулка і масток. Яго ўжо напэўна затапіла. Як бацька вернецца? Што там увогуле адбываецца?» Я спытала назву сяла. «Токараўка», – адказала Людміла. Першае, што я знайшла ў зводках навінаў, – пералік затопленых паселішчаў. Сярод іх гэтая Токараўка…

Мясцовыя жыхары назіраюць за часткова затопленым раёнам Херсона. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота:  AFP / East News

Ніхто нават не задаецца пытаннем: як увогуле такое стала магчымым, каб нехта ў ХХІ стагоддзі аддаў загад на знішчэнне ўсяго жывога, а іншыя яго выканалі на такой вялікай частцы тэрыторыі Еўропы? Ці разумелі людзі, якія рыхтавалі падрыў Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, да якіх наступстваў прывядзе гэты тэракт? Не маглі не разумець. Бо ў іх за плячыма на момант, калі яны пералічвалі ўсе магчымыя варыянты, каб нанесці як мага больш зруйнавальны ўдар «па ворагу», былі дыпломы аб тым, што яны некалі скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ворагам у іх аказалася ўсё мірнае насельніцтва разам з хатняю жывёлай і прадстаўнікамі дзікай прыроды. Праўда, наконт адукаванасці згадваюцца каментары ў сацсетках, калі з расейскіх танкаў ішоў абстрэл Запарожскай АЭС. Людзі пыталіся: «Ці хадзілі гэтыя танкісты ў школу? Ці ведаюць яны нешта пра ядравую рэакцыю?» Таму наконт разумення ёсць пытанні.

Адбылося не проста чарговае ваеннае злачынства. Прагучаў выклік усяму чалавецтву. Катастрофа так ці інакш закране і тых, хто стараўся не чытаць навінаў і лічыць, што тое, што адбываецца ва Украіне, – гэта ўсяго толькі міжнародны ваенны канфлікт. Кіраўніца аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сілаў абароны поўдня Украіны Наталля Гумэнюк выказала версію вайскоўцаў аб тым, чым кіравалася расейская армія: «Яны спрабуюць павялічыць плошчу воднай паверхні, каб украінскія сілы абароны не звярнуліся да фарсіравання». Ужо вядома, што тэракт здзейснілі байцы 205-й мотастралковай часткі арміі РФ. Ёсць перахоп іхных перамоваў праз рацыі, калі яны просяць дапамогі ў сваіх, паведаміўшы, што яны на верхавінах дрэваў. Не чакалі, што вада хлыне з такой хуткасцю? Кахоўскае вадасховішча ў параўнанні з іншымі на Дняпры мае самы вялікі абʼём – да 18 кубакіламетраў вады. Яно злучае правы і левы бераг Херсонскай вобласці.

Калі яшчэ ў кастрычніку мінулага года зʼявіліся першыя паведамленні аб тым, што расейскія акупанты замініравалі дамбу і саму ГЭС, Уладзімір Зяленскі папярэджваў Маскву, што выбух будзе азначаць «абвяшчэнне вайны ўсяму свету». І гэта ўсё ж такі здарылася. Пакуль з розных месцаў паступаюць паведамленні аб тым, што ў ваду трапляюць розныя рэчывы ад вытворчай дзейнасці, у тым ліку 300 тонаў таксічнага паліва, якое можа атруціць усё жывое на некалькі дзясяткаў, а то і сотні кіламетраў.

Ёсць небяспека яшчэ адной экалагічнай катастрофы, якая можа адбыцца, калі ў зону затаплення трапяць Алешкаўскія пяскі на левым беразе Дняпра. Эксперт Прычарнаморскага цэнтру палітычных і сацыяльных даследаванняў Уладзімір Малчанаў папярэджваў яшчэ раней: «Участак з цэнтрам у вёсцы Радэнск – гэта пясчаныя барханы, якія былі намытыя Дняпром восем тысяч гадоў таму, калі раставаў вялікі еўрапейскі ледавік. Там ёсць невялікія азёры, вакол рэліктавыя лясы. Уся гэтая тэрыторыя будзе пераўтвораная ў пясчанае балота, гэтак жа і далей уніз ад Голай Прыстані да самага сяла Гладкоўка».

Падрыў плаціны прывядзе таксама да абмялення вадасховішча, а гэта ў сваю чаргу можа пазбавіць Крым прэснай вады. Спецыялісты падлічылі, што дастаткова знізіць узровень вады на 4 метры, каб яна перастала паступаць у Паўночна-Крымскі канал. Гэта яшчэ адно пытанне наконт «разумення» наступстваў тэракту. Расейскія вайскоўцы наогул праігнаравалі праблему водазабеспячэння Крыму? Ці можна тады меркаваць, што Крым яны больш не разглядаюць як стратэгічную тэрыторыю? Што гэта – жаданне пакінуць ворагу выпаленую пустэчу або проста адсутнасць элементарнай логікі?

Якія наступствы могуць быць у выніку гэтай катастрофы? Я спытала аб гэтым працаўніка Інстытуту біялогіі жывёлы Нацыянальнай акадэміі аграрных навук Украіны Юрыя Багдана. Ён кажа: «Падрыў Кахоўскага вадасховішча – гэта экалагічная катастрофа, якую цяжка з нечым параўнаць. Па-першае, загіне багата жывёлы, рыбы, дрэваў. Усё гэта на доўгі час застанецца пад вадой, будзе гнісці і такім чынам атручваць ваду. Па-другое, будзе знесены верхні пласт глебы, найбольш патрэбны для сельскай гаспадаркі. Земляробствам там немагчыма будзе займацца некалькі гадоў. Па-трэцяе, зруйнаванне будынкаў, сістэмы каналізацыі, розных тэхнічных аб’ектаў – усё гэта дадасць атручванне, якое будзе разносіцца па ўсёй воднай сістэме Украіны».

Жанчына прабіраецца па затопленай дарозе ў Херсоне. 6 чэрвеня 2023 года.
Фота: Яўген Малалетка / AP Photo / East News

Але ўвесь свет цяпер назірае за сітуацыяй на Запарожскай АЭС. Што адбудзецца, калі вада для ахаладжэння рэактару перастане паступаць? Хаця адказ відавочны. Ніколі раней не стракацелі навіны такімі паняццямі як «контур астуджвання». Іх наогул некалькі, гэтых контураў, але найважнейшы – гэта водны. Увесь час патрэбная новая халодная вада, таму што, акрамя падтрымання тэмпературы ахалоджвання, частка яе проста выпараецца пры астуджванні вежы. Што цяпер адбываецца на АЭС? Новая халодная вада не паступае ў патрэбнай колькасці. Тэмпература рэактараў будзе павышацца. Спыніць рэактар не выйсце, бо нават спынены ён патрабуе астуджвання.

Гендырэктар МАгАтЭ Рафаэль Мар’яна Гроссі збіраецца наведаць ЗАЭС. Ён заявіў, што калі ўзровень вады ў рэзервуары для ахаладжэння рэактараў упадзе ніжэй за 12,7 метра, то яе не ўдасца запампоўваць. Тады аварыйныя дызельныя генератары могуць зрабіцца непрыдатнымі. А што будзе далей, страшна нават падумаць.

Праўда, ёсць і добрая навіна – прэзідэнт ДП «НАЭК «Энергаатам» Пятро Коцін паведаміў, што пры будаўніцтве Запарожскай АЭС была прадугледжаная такая сітуацыя. Ён сказаў, што ёсць адпаведныя інструкцыі для персаналу, каб гарантаваць бяспеку станцыі.

Пакуль жа людзям застаецца толькі праявіць сваю салідарнасць і спадзявацца на сілы нябесныя. У маёй знаёмай Людмілы з’явілася надзея – яна паспела пагаварыць з бацькам пару хвілінаў, калі з’явілася сувязь. А 2-й гадзіне дня ён паспеў сказаць, што ён у сваім доме. Мост на той момант быў яшчэ цэлы, але вада прыбывала з кожнай хвілінай. Ужо пачало падтопліваць тыя дамы, якія стаяць у нізіне. Сувязь на гэтым абарвалася. Але ягоная дачка хаця б ведае, што родныя жывыя, і яна, як і ўсе мы, спадзяецца, што з бядой удасца справіцца. Яна толькі спытала: «Нам дапамагае ўвесь свет, вядома. Даюць узбраенне. Але, здаецца, гэтага недастаткова. Колькі ж гэта будзе працягвацца? Як гэта ўсё спыніць?..»

Чытайце таксама:

Падрыў Кахоўскай ГЭС: што будзе з мірнымі жыхарамі і войскамі, Запарожскай АЭС і Крымам

Што за Кахоўская ГЭС, якую ўзарвалі на Херсоншчыне. І што было роўна 85 гадоў таму

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў