Намеснік дарадцы Белага дому ў пытаннях нацыянальнай бяспекі адносна пытанняў міжнароднай эканомікі Майк Пайл даслаў на адрас Каардынацыйнай платформы донараў ліст з пералікам рэформаў, якія мусіць зрабіць Украіна, каб і далей атрымліваць вайсковую дапамогу. Пра гэта паведамляе «Українська правда».
Міжведамасная донарская каардынацыйная платформа для падтрымання працэсу аднаўлення і рэканструкцыі Украіны пачала працу ў студзені 2023 года. Яна ўключае прадстаўнікоў Украіны, Еўразвязу, Вялікай сямёркі, а таксама фінансавых установаў (ЕІБ, ЕБРР, МВФ і Сусветнага банку).
І вось цяпер стала вядома, што на яе адрас з Белага дому даслалі ліст з пералікам рэформаў, якія мусіць зрабіць Украіна, каб далей атрымліваць вайсковую дапамогу. Таксама яго атрымалі прэм’ер-міністр і Офіс прэзідэнта Украіны.
У дакуменце прапісаныя паводле прыярытэтнасці змяненні, якія трэба ўкараніць украінскім уладам цягам найбліжэйшых трох месяцаў, паўгода, года і васямнаццаці месяцаў. Яна датычаць функцыянавання назіральных радаў дзяржаўных прадпрыемстваў, антыкарупцыйных органаў, Вышэйшай рады правасуддзя, у цэлым судовай галіны ўлады. Таксама прапануюцца змены ў працы Міністэрства абароны Украіны і ўсіх сілавых ведамстваў.
Ліст ёсць папярэднім працоўным праектам для разгляду.
Пасля візіту на Генеральную асамблею Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Нью-Ёрку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выправіўся ў Вашынгтон, дзе правёў перамовы з уладамі ЗША, у тым ліку і з прэзідэнтам Джо Байдэнам.
Дэталі новага пакету вайсковай дапамогі коштам $ 325 млн раскрылі ў Дэпартаменце абароны ЗША. «Гэты пакет уключае ў сябе дадатковыя магчымасці для ўмацавання паветранай абароны Украіны ва ўмовах жорсткіх паветраных нападаў з боку Расеі, палепшаныя звычайныя боепрыпасы падвойнага прызначэння (DPICM), што дапамагаюць Украіне на полі бою, супрацьтанкавую зброю ды іншую тэхніку для задавальнення найважнейшых патрэбаў Украіны і дапамогі Украіне ў супрацьдзеянні агрэсіўнай вайне Расеі», – заявілі ў ведамстве.
Агулам гэта 47-ы транш абсталявання, што адміністрацыя Байдэна дае Украіне з запасаў Міністэрства абароны са жніўня 2021 года.
Якуб Хруст belsat.eu