news
Агляд

Танкі «Abrams» прыбудуць ва Украіну на наступным тыдні. Што яшчэ Байдэн перадае Зяленскаму

Пакет месціць найбольш важную зброю для Украіны менавіта на гэты момант.
22.09.202315:13

Пасля візіту на Генеральную асамблею Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Нью-Ёрку прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі скіраваўся ў Вашынгтон, дзе правёў перамовы з уладамі ЗША, у тым ліку і з прэзідэнтам Джо Байдэнам. Пра вынікі сустрэчаў – у аглядзе «Белсату».

Джо Байдэн і Уладзімір Зяленскі падчас спаткання ў Белым доме. 21 верасня 2023 года.
Фота: Evan Vucci / AP Photo / East News

Падчас візіту на Генеральную асамблею ААН украінскі прэзідэнт правёў шэраг перамоваў з замежнымі лідарамі – Албаніі, Балгарыі, Бразіліі, Еўракамісіі, ЗША, Нямеччыны, Румыніі, Чылі. Але гэтым ягоны візіт на тэрыторыю Злучаных Штатаў не скончыўся, і 21 верасня Уладзімір Зяленскі прыбыў у Вашынгтон, дзе сустрэўся з амерыканскімі парламентарамі, чыноўнікамі і прадстаўнікамі выканаўчай улады.

У сваіх выступах Зяленскі падкрэсліваў, што «Украіна здольная завяршыць гэтую вайну перамогай, якая станецца нашаю супольнаю перамогай», а «іншым народам не давядзецца адпраўляць свае войскі на гэтую бітву». Але, паводле яго, «адсутнасць адзінства здольная паставіць свабоду на калені».

«Пуцінскі спіс краінаў на знішчэнне быў доўгім. Яшчэ зусім нядаўна. Калі б Украіна пала, палова Еўропы была б пад пагрозаю трапляння ў сферу ўплыву Масквы, але амерыканскія інвестыцыі ва ўкраінскую бяспеку і глабальную абарону свабоды працуюць. На сто адсоткаў. Да апошняга цэнта», – заявіў прэзідэнт Украіны.

Аналітыка
Момант ісціны ўсё бліжэйшы. Тлумачым, як цяпер развіваецца контрнаступ ЗСУ
2023.09.19 07:26

У выніку, паводле Зяленскага, «Пуцін змушаны прыніжацца, асабіста забаўляючы дэлегацыю з Пхеньяну і спрабуючы здабыць прыхільнасць Тэгерану». Гэта паказвае «відавочную слабасць» Расеі. Аднак, дадаваў Зяленскі, каб перамагчы «імперыю зла», Украіне ў тым ліку патрэбныя новыя ўзбраенні і дадатковы санкцыйны ціск на Расею.

Гэтак, на сустрэчы з міністрам абароны ЗША Лойдам Остынам абмяркоўваліся пастаўкі артылерыйскіх сістэмаў і сродкаў далёкага паражэння. Прэзідэнт Украіны адзначыў важнасць узмацненне ўкраінскай паветранай абароны ды своечасовае забеспячэнне неабходнымі ўзбраеннямі і боепрыпасамі з боку партнёраў для працягу дэакупацыі ўкраінскіх тэрыторыяў.

Таксама бакі разгледзелі пытанне далейшай інтэнсіфікацыі развіцця вайскова-тэхнічнай ды абаронна-прамысловай супрацы Украіны і ЗША, стварэнне пляцовак для рамонту ўзбраення і артылерыйскіх сістэмаў заходняга ўзору, а таксама нарошчванне Кіевам ва ўзаемадзеянні з міжнароднымі партнёрамі ўласных магутнасцяў вытворчасці зброі і сумежнай прадукцыі.

Пра што размаўлялі і дамовіліся з Байдэнам

Канкрэтныя ж дасягненні перамоваў былі агучаныя па выніках сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Як паведаміў Зяленскі, яна прынесла «вельмі важкія вынікі».

«Ёсць новы абаронны пакет: паветраная абарона, артылерыя, снарады, інжынерныя сродкі. І доўгатэрміновая дамоўленасць – будзем разам працаваць, каб супольна з Амерыкай Украіна вырабляла неабходнае зброю», – апавёў украінскі прэзідэнт.

У прыватнасці, рыхтуецца прамысловая база для вытворчасці ў супрацы сістэмаў паветранай абароны ды іншых неабходных рэчаў.

«Гэта новы ўзровень нашага адзінства! Супраца ў абаронным сектары са Злучанымі Штатамі – гэта гістарычная рэч. Новая прамысловая база, новыя працоўныя месцы для абодвух нашых народаў. Украіна зможа вырабляць, у прыватнасці, СПА. Рыхтуемся стварыць новую абаронную экасістэму разам са Злучанымі Штатамі, каб вырабляць зброю, каб разам яшчэ больш узмацніць свабоду і абарону жыцця», – адзначыў Зяленскі.

У сваю чаргу Байдэн адзначыў, што прыхільнасць ЗША Украіне не аслабне.

«Пуцін, магчыма, усё яшчэ памылкова мяркуе, што зможа перажыць Украіну. Пуцін можа ўсумніцца ў нашай вытрываласці. Ён памыляецца. Мы будзем стаяць за свабоду і волю сёння, заўтра і столькі, колькі спатрэбіцца», – напісаў палітык у сацсетцы X.

ЗША будуць працягваць падтрымліваць «адважны народ Украіны», бо гэта інвестыцыі ў будучыню свету, які «будзе паважаць прынцыпы незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці». Таксама Байдэн паабяцаў «забяспечыць падтрыманне светам» Украіны, піша «France24».

Танкі набліжаюцца

Прэзідэнт ЗША паведаміў, што першыя амерыканскія танкі «M1 Abrams» прыбудуць ва Украіну ўжо на наступным тыдні.

«Сёння я ўхваліў наступны транш дапамогі ЗША ў галіне бяспекі Украіне, уключаючы больш артылерыі, больш боепрыпасаў, больш супрацьтанкавай зброі. І на наступным тыдні першыя амерыканскія танкі «Abrams» будуць дастаўленыя ва Украіну», – адзначыў Байдэн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія вайскоўцы на танку «Abrams» падчас вучэнняў на артылерыйскім шоу «Autumn Fire». Ольштын, Польшча. 16 верасня 2023 года.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

ЗША пачалі навучанне ўкраінцаў на танках «Abrams» у траўні ў Нямеччыне. Плануецца, што ЗСУ атрымаюць ад амерыканцаў 31 танк. Іх перададуць Украіне разам з боепрыпасамі, запаснымі часткамі, паліўным абсталяваннем, рамонтаваю базаю. Пры гэтым Злучаныя Штаты збіраюцца перадаць Кіеву абноўленыя танкі «M1A2 Abrams», а не больш старую версію «A1», якая ёсць у запасах войска.

Што яшчэ атрымае Украіна?

Дэталі новага пакету вайсковай дапамогі раскрылі ў Дэпартаменце абароны ЗША. «Гэты пакет уключае ў сябе дадатковыя магчымасці для ўмацавання паветранай абароны Украіны ва ўмовах жорсткіх паветраных нападаў з боку Расеі, палепшаныя звычайныя боепрыпасы падвойнага прызначэння (DPICM), якія дапамагаюць Украіне на полі бою, супрацьтанкавую зброю ды іншую тэхніку для задавальнення найважнейшых патрэбаў Украіны і дапамогі Украіне ў супрацьдзеянні агрэсіўнай вайне Расеі, што працягваецца», – заявілі ў ведамстве.

У прыватнасці ў пакет коштам $ 325 млн увайшлі:

  • ракеты АІМ-9М для СПА;
  • дадатковыя боепрыпасы для высокамабільных артылерыйскіх ракетных сістэмаў HIMARS;
  • ЗРК «Avenger»;
  • кулямёты калібру 50 для барацьбы з беспілотнікамі;
  • 155-мм артылерыйскія снарады, у тым ліку DPICM;
  • 105-мм артылерыйскія снарады;
  • ракеты з трубчастым запускам, аптычным адсочваннем і правадным навядзеннем (TOW);
  • супрацьтанкавыя комплексы «Javelin» і АТ-4;
  • больш за 3 мільёны патронаў да стралковай зброі;
  • 59 лёгкіх тактычных машынаў;
  • падрыўныя боепрыпасы для расчышчэння перашкодаў;
  • запасныя часткі, тэхнічнае абслугоўванне ды іншае палявое абсталяванне.

Дапамога, але не ўся

Напярэдадні сустрэчы старэйшая дырэктарка Рады нацыянальнай бяспекі ЗША ў справах Еўропы Амэнда Слоўт апавяла, што гэта ўжо чацвёрты пакет дапамогі за апошнія шэсць тыдняў. Агулам гэта будзе 47-ы транш абсталявання, якое адміністрацыя Байдэна надае Украіне з запасаў Міністэрства абароны са жніўня 2021 года.

Слоўт дадала, што гэты пакет месціць найбольш важную зброю для Украіны менавіта на гэты момант, якая б магла гарантаваць паветраную абарону. Пры гэтым ён не ўключае балістычных ракетаў вялікай далёкасці, абсталяваныя касетнымі боепрыпасамі, хоць Байдэн не выключае іх надання ў будучыні.

Таксама гэты пакет не залежыць ад дадатковых $ 24 млрд, якія прэзідэнт ЗША хоча, каб Кангрэс зацвердзіў для Украіны, паведамляе «NBC News».

Hавiны
Ціханоўская абмеркавала з еўрапейскімі палітыкамі пашпарты новай Беларусі і легалізацыю беларусаў у ЕЗ
2023.09.21 20:47

Макар Мыш belsat.eu