Дырэктар «Legion 104» адмаўляе датычнасць кампаніі да размяшчэння звароту Ціханоўскай на экранах у Менску


У суботу 24 лютага на рэкламных экранах у Беларусі запусцілі зварот Святланы Ціханоўскай. Акцыю правяло аб’яднанне былых сілавікоў Belpol. Праз суткі сілавікі затрымалі чатырох супрацоўнікаў кампаніі «Legion 104», якая займаецца выдаленым кіраваннем рэкламай. «Медыязона» паразмаўляла з дырэктарам гэтай кампаніі Андрэем Смаляком, якога праўладныя каналы абвінавацілі ў перадачы доступаў да экранаў.

Бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняю на экране ў менскім метро. 24 лютага 2024 года. Калаж з фота: t.me/motolkohelp

Зварот Святланы Ціханоўскай, як сцвярджалася, паказалі на больш чым 2 000 экранах. Праз некалькі гадзін пасля трансляцыі відэа праўладны тэлеграм-канал «Желтые сливы» абвінаваціў у перадачы доступаў да рэкламных экранаў кіраўніка кампаніі «Legion 104» Андрэя Смаляка. Прапагандысты напісалі, што ён у той жа дзень зʼехаў у Польшчу.

«Legion 104» – інжынірынгавая кампанія, якая распрацоўвае софт для аддаленага кіравання кантэнтам на любых экранах. Кампанія вырабляе экраны і аказвае постпродажную тэхпадтрымку. Сярод кліентаў «Legion 104» – «Беларусьнафта», «Еўраопт», Статусбанк і іншыя.

Андрэй Смаляк расказаў, што 24 лютага сапраўды зʼехаў у Варшаву.

«25 лютага мне споўнілася 50 гадоў. Я ехаў адзначыць юбілей з роднымі, якія вучацца ў Варшаве. 1 сакавіка я мусіў вярнуцца ў Менск. Але пры такім раскладзе я магу вярнуцца толькі на Акрэсціна і надоўга, таму шлях на радзіму мне закрыты».

Па словах Андрэя, 24 лютага, калі ён перасек беларускую мяжу на аўтобусе «Менск-Варшава» і быў на нейтральнай паласе, калегі паведамілі яму пра ўзлом сэрвісу кампаніі, праз які былі даступныя экраны ўсіх кліентаў. Праз яго і быў апублікаваны зварот Святланы Ціханоўскай:

«Мы адсачылі лічбавы след на нашых серверах, уваход быў з нямецкага IP, магчыма, з выкарыстаннем VPN».

Смаляк тлумачыць, што ў «Legion 104» ёсць root-доступ (доступ з пашыранымі правамі) да ўсіх асабістых кабінетаў кліентаў, але валодае ім абмежаваная колькасць чалавек.

Андрэй адмаўляе дачыненне кампаніі і сваё асабістае да публікацыі звароту Ціханоўскай: «Працуючы над праектам з 2015 года і выдаткаваўшы на яго велізарную колькасць сіл і рэсурсаў, мы не маглі сабе дазволіць нешта падобнае».

Ён упэўнены, што сэрвіс кампаніі ўзламалі. Андрэй кажа, што па факце ўзлому сілавікі завялі крымінальную справу. Па якіх артыкулах – невядома.

«Кампанію трасуць не па-дзіцячаму. Гэта яўна фінал. Цяпер я ў Польшчы з сямʼёй на здымнай кватэры, у кішэні – 900 долараў. У мяне нічога не засталося. Але я хоць бы на волі. Мае калегі ўсё пад ударам».

У нядзелю 25 лютага набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з чатырма затрыманымі супрацоўнікамі кампаніі «Legion 104». Гэта намеснік дырэктара па вытворчых пытаннях, менеджар па продажах, інжынер-сістэматэхнік, спецыяліст па продажах.

На відэа затрыманыя расказалі, што ўдзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе. У якім статусе і па якім артыкуле іх абвінавачваюць – невядома. Пра публікацыю роліка Ціханоўскай ніхто з іх не сказаў.

Hавiны
«BELPOL»: Ніхто з датычных да трансляцыі відэа Ціханоўскай не быў затрыманы
2024.02.26 15:19

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў