Пратэстоўцы ў Бялградзе спрабавалі штурмаваць мэрыю. Паліцыя ўжыла сілу


Тыдзень у Сербіі не cціхаюць акцыі пратэсту пасля парламенцкіх выбараў. У нядзелю дэманстранты спрабавалі штурмаваць будынак мэрыі Бялграду. Паліцыя ўжыла слезацечны газ, піша «Reuters».

Паліцыя ўжывае слезацечны газ падчас спробы штурму мэрыі Бялграду. 24 снежня 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Апазіцыя вінаваціць улады ў фальсіфікацыях. Паводле абвешчаных вынікаў галасавання, кіроўная Сербская прагрэсіўная партыя прэзідэнта Александара Вучыча набрала 46,72 %, левацэнтрысцкі апазіцыйны альянс «Сербія супраць гвалту» – 23,56 % галасоў, а Сацыялістычная партыя Сербіі –6,56 %.

Ужо тыдзень трываюць шматтысячныя акцыі пратэсту, і да 24 снежня дэманстрацыі адбываліся без інцыдэнтаў. Напярэдадні ўдзельнікі спрабавалі штурмаваць будынак мэрыі Бялграду, дзе месціцца мясцовы выбаркам. У дзверы і вокны актывісты кідалі камяні, пабіўшы шыбы. Паліцыя ўжыла слезацечны газ. Пазней сілавікі выціснулі пратэстоўцаў з плошчы перад ратушаю, паведамляе «Reuters».

Апазіцыя абвінаваціла паліцыю ў празмернай жорсткасці.

У пільным звароце да нацыі ў нядзелю ўвечары Вучыч заявіў, што закалоты справакаваныя «вонкавым умяшаннем», аднак не сказаў, якая краіна за гэтым стаіць, перадае брытанская тэлерадыёкарпарацыя Бі-Бі-Сі.

Міжнародныя назіральнікі канстатавалі: кіроўная партыя атрымала несправядлівую перавагу праз упярэджанасць медыяў, маніторынгавая місія таксама зафіксавала парушэнні пры галасаванні.

Прэзідэнт Сербіі абвінавачванні ў фальсіфікацыях адкідае і сцвярджае, што выбары былі сумленныя.

Прэм’ер-міністарка Ана Бырнабіч назвала пратэстоўцаў «бандытамі, якія жадаюць дэстабілізаваць Сербію». І заявіла, што ФСБ Расеі папярэдзіла ўлады рэспублікі пра «планы дэстабілізацыі», яна паабяцала, што «новага Майдану ў Сербіі не будзе».

Hавiны
Прэзідэнт Вучыч: Сербія не расейская губерня
2023.05.29 10:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў