Польскія перавозчыкі хочуць заблакаваць адзіны шлях дастаўкі грузаў з Беларусі ў Польшчу


Польскія перавозчыкі і фермеры падалі ў адміністрацыю гміны Цярэспаль заяўку на правядзенне акцыі пратэсту на аўтадарозе № 68 у раёне Карошчына, піша MOST. Гэта фактычна адзіная магістраль, па якой на дадзены момант ідуць грузавыя перавозкі паміж Беларуссю і Польшчай. На працягу месяца ўдзельнікі акцыі плануюць прапускаць па ключавой трасе па адным грузавіку за гадзіну. Для беларускіх транспартных кампаній гэта можа азначаць страты ў сотні мільёнаў еўра. 

Польска-беларуская мяжа. 21 лютага 2023 года. Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Цяпер на польска-беларускай мяжы дзейнічае ўсяго адзін пункт пропуску для грузавога транспарту – «Кукурыкі – Казловічы». Ад яго аўтамабілі ідуць па 68-й трасе. Пратэстоўцы маюць намер перакрыць яе перад уездам у аўтамабільны тэрмінал. Такім чынам, пабудаваць маршрут у аб’езд будзе практычна немагчыма, лічаць перавозчыкі: побач дарогі, якія праходзяць, абмежаваныя для праезду аўтатранспарту агульнай вагой звыш 20 тон.

У заяўцы, накіраванай арганізатарамі акцыі ў адміністрацыю Цярэспаля, указваецца, што яны маюць намер вывесці на дарогу дзесяць седлавых цягачоў і дзесяць адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. Чаканая колькасць удзельнікаў заяўлена вельмі абцякальна – ад дзесяці чалавек да двух тысяч. Пратэст павінен пачацца а 8 раніцы 26 лютага і працягнецца да 31 сакавіка ўключна.

У Польшчы ўзгадненне акцый мае паведамляльны прынцып, але яны не павінны парушаць заканадаўства, у тым ліку забаронена поўнае блакаванне дарог. Гэты момант арганізатары акцыі пастараліся абысці: у заяўцы пазначана, што ўдзельнікі будуць прапускаць грузавікі па раскладзе, з частатой адна машына за гадзіну ў кожны бок. Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на транспарт, які перавозіць жывых жывёлаў, а таксама на праезд супрацоўнікаў памежнай і спецыяльных службаў.

Чаго жадаюць удзельнікі акцыі

Такімі дзеяннямі ініцыятары акцыі спрабуюць дабіцца вырашэння праблем перавозчыкаў і фермераў. Па-першае, яны патрабуюць вярнуцца да сістэмы выдачы дазволаў на ўезд у Польшчу для грузавога транспарту на ўкраінскіх і малдаўскіх нумарах.

Па-другое, пратэстоўцы дамагаюцца забароны на рэгістрацыю ў Польшчы транспартных кампаній з украінскім, беларускім і расейскім капіталам. На думку арганізатараў акцыі, гэты бізнес аказвае негатыўны ўплыў на стан польскіх перавозчыкаў.

Справа ў тым, што пасля забароны на ўезд у ЕЗ для беларускіх і расейскіх перавозчыкаў многія транспартныя кампаніі з Беларусі пачалі драбніць бізнес, рэгіструючы даччыныя прадпрыемствы ў Польшчы. Фактычна гэта давала магчымасць аднаму і таму ж перавозчыку везці груз на беларускай фуры да транспартна-лагістычнага цэнтру на польскай мяжы, а ад ТЛЦ і па тэрыторыі Еўропы – ужо на польскай фуры. Мабыць, таму адной з мэт акцыі з’яўляецца звярненне ўвагі польскіх уладаў на неэфектыўнасць санкцый, уведзеных у дачыненні да Беларусі і РФ.

Па-трэцяе, пратэстуючыя патрабуюць абмежаваць увоз збожжа і садавінагароднінай прадукцыі з Украіны, а таксама адтэрмінаваць увядзенне мер еўрапейскай аграпалітыкі.

Меркаванні
Чаму польскія фермеры блакуюць мяжу з Украінаю?
2024.02.19 08:20

Беларускія перавозчыкі рыхтуюць петыцыю

Блакаванне 68-й дарогі будзе стратным для беларускіх перавозчыкаў. Прадстаўнікі галіны расказалі MOST, што ўжо рыхтуюць петыцыю ў адміністрацыю Цярэспалю з патрабаваннем забяспечыць праезд па трасе ў адпаведнасці з правіламі дарожнага руху.

– Гаворка ідзе не пра мільёны, а пра дзясяткі і сотні мільёнаў еўра ўбыткаў. Тое, што яны заяўляюць, – гэта як мінімум прыпыненне дзейнасці транспартных, гандлёвых кампаній, – ацэньвае магчымы ўплыў на галіну прадстаўнік адной з арганізацый-перавозчыкаў.

Ён кажа, што беларусы не будуць патрабаваць забароны акцыі, але жадаюць гарантаваць магчымасць праезду па трасе.

– Могуць на абочыне [пратэставаць], могуць паласу перакрыць. Гэта іх права. Мы на яго ніякім чынам не ўплываем. Але мы таксама жадаем працаваць, і нам таксама есці трэба. Перакрыцце транспартных вузлоў – гэта ўжо перабор, – кажа суразмоўца, паказваючы, што рэальная мэта пратэстуючых – «выцясненне транспартных кампаній з замежным капіталам».

Агляд
Еўрапейскія фермеры пратэстуюць амаль месяц. Чаго яны хочуць?
2024.02.22 09:59

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў