Кіберпартызаны: «Калі нашых патрабаванняў не выканаюць, сетка БЧ можа быць атакаваная зноў»


Чыгуначны вакзал. 22 красавіка 2021. Менск, Беларусь.
Фота: ТК / Белсат

«Кіберпартызаны» заявілі аб нападзе на камп’ютарную сетку Беларускай чыгункі, пасля чаго з’явілася інфармацыя, што ў Беларускай чыгункі здарыўся збой сістэмы: перасталі працаваць серверы і ўнутраныя сэрвісы, квіткі можна набыць толькі праз білетныя касы.

Мы пагутарылі з прадстаўніком супольнасці кіберпартызанаў аб гэтым здарэнні.

– Ці слушна мы разумеем, што без ключоў шыфравання Беларуская чыгунка не можа працаваць у звыклым рэжыме і не хутка адновіцца ад гэтай атакі?

– Мы дапускаем, што нягледзячы на ​​тое, што мы выдалілі 100 тэрабайтаў бэкапаў базаў звестак, у БЧ знойдуцца не выдаленыя копіі часткі базаў, і магчыма, ім удасца іх часткова аднавіць, але гэта зойме як мінімум некалькі тыдняў, і ўсё роўна застануцца базы, якія давядзецца збіраць з нуля. А калі нашыя патрабаванні не будуць выкананыя, не выключана, што сетка можа быць атакаваная зноў.

– Якія наступствы вашыя дзеянні мелі для чыгункі і ўвогуле для ўладаў?

– Паводле нашай інфармацыі, ужо пачаліся затрымкі цягнікоў. Мы мяркуем, што ў бліжэйшыя дні і тыдні затрымак будзе яшчэ больш, пакуль сетка і сістэмы БЧ не вернуцца ў штатны рэжым.

– Ці вы маеце ўжо нейкі адказ ад чыгункі альбо ад рэжыму?

– Прадстаўнікі рэжыму пакуль не выходзілі з намі на сувязь.

– Вы паставілі пэўныя ўмовы рэжыму – рэальна разлічваеце, што можа атрымацца?

– Я думаю, ім трэба яшчэ некалькі дзён, каб усвядоміць сурʼёзнасць стратаў і прыняць рашэнне аб далейшых сваіх кроках. Чым даўжэй яны будуць чакаць, тым горшая будзе іхная сітуацыя. Нашыя прадстаўнікі гатовыя ў любы момант прыняць ад іх заяўку на разблакаванне сеткі і спыненне кібератакі.

– Наколькі складана было гэта зрабіць з тэхнічнага гледзішча?

– Кібератака на сетку БЧ была значна складанейшая за атакі сеткі МУС, бо базы звестак трэба было не толькі чытаць, але і пісаць у іх, а яшчэ і знайсці ўсе бэкапы і знішчыць або зашыфраваць іх. Гэтая аперацыя была адной з самых складаных нашых кібераперацыяў.

Кібератаку 24 студзеня кіберпартызаны патлумачылі тым, што ў гэтыя дні «рэжым Лукашэнкі прапускае акупацыйныя войскі на нашую зямлю».

«У межах кіберкампаніі «Пекла» мы зашыфравалі асноўную частку сервераў, базаў звестак і працоўных станцыяў БЧ з мэтай запаволіць і парушыць працу дарогі. Бэкапы знішчаныя», – заявілі праз канал «Кіберпартызаны».

Паведамляецца, што кібератацы падвергліся дзясяткі базаў звестак. Аўтаматыка і сістэмы бяспекі свядома не былі закранутыя кібератакай, каб пазбегнуць аварыйных сітуацыяў.

Артыкулы
«Кіберпартызаны» заявілі аб нападзе на камп’ютарную сетку Беларускай чыгункі
2022.01.24 17:04

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў