У Ryanair пацвердзілі, што інфармацыю аб «мінаванні» яны атрымалі ад беларускага боку


Авіякампанія Ryanair пракаментавала інцыдэнт з вымушанаю пасадкай у Менску самалёта рэйсу Афіны – Вільня.

Як паведаміла авіякампанія ў адказе на запыт belsat.eu, экіпаж рэйсу Афіны – Вільня атрымаў інфармацыю пра небяспеку на борце ад беларускіх дыспетчараў, якія і далі інструкцыі прызямляцца ў Менску. Аднак ніякай бомбы на борце не знайшлі. Прыкладна праз пяць гадзінаў перабывання ў менскім аэрапорце экіпажу дазволілі вылецець у Вільню.

Ryanair піша, што кампанія ўжо паінфармавала адпаведныя нацыянальныя і еўрапейскія агенцтвы ў сферы бяспекі і аховы, а таксама папрасіла прабачэння ў пасажыраў рэйсу:

«Мы прыносім шчырыя прабачэнні ўсім пасажырам, якіх гэта закранула, за затрымку, якая, на жаль, не была падкантрольная кампаніі Ryanair».

Вядома, што на той момант, калі самалёт разварочваўся над Лідаю, найбліжэйшым аэрапортам для пасадкі была Вільня. Да яе заставалася каля 90 кіламетраў, у той час як да Менску – каля 200. У выніку таго, што самалёт прызямліўся ў Менску, сілавікі змаглі затрымаць аднаго з пасажыраў – блогера і журналіста Рамана Пратасевіча. Выглядае, што вымушаная пасадка самалёта ў Менску была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля таго, каб затрымаць апазіцыйнага блогера.

Hавiны
«Гэта не можа застацца беспакараным». Еўрапейскія палітыкі абураныя інцыдэнтам з самалётам Ryanair у Беларусі
2021.05.23 20:22

Раней начальнік Галоўнага штабу, першы намеснік кіраўніка ВПС і войскаў СПА генерал-маёр Андрэй Гурцэвіч заявіў, што дзеля таго, каб забяспечыць пасадку ў Менску пасажырскага самалёта Ryanair, дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны былі прыведзеныя ў гатоўнасць № 1. Ён сцвярджае, што знішчальнік МіГ-29 быў падняты ў паветра нібыта ўжо пасля таго, як камандзір пасажырскага самалёта вырашыў сесці на запасным аэрадроме «Менск-2».

«Дзяжурны экіпаж атрымаў задачу ажыццяўляць кантроль і, у выпадку неабходнасці, аказаць дапамогу грамадзянскаму судну ажыццявіць бяспечную пасадку на аэрадром «Менск-2». Пасля таго, як грамадзянскае судна ажыццявіла пасадку, дзяжурны экіпаж, выканаўшы задачу, ажыццявіў пасадку на аэрадроме базавання», – заявіў Гурцэвіч.

Следчы камітэт заяўляе, што з нагоды факту ілжэмінавання самалёта распачатая крымінальная справа. «Паводле следства, днём 23 траўня паступіла інфармацыя аб мінаванні самалёта, які ажыццяўляў рэйс Афіны – Вільня. Дзеля праверкі атрыманых звестак самалёт прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце «Менск», – адзначаюць у СК.

Інцыдэнт з вымушанаю пасадкай самалёта Ryanair у Менску і затрыманнем блогера Рамана Пратасевіча выклікаў хвалю абурэння ў Еўропе.

Абноўлена
У выніку спецаперацыі затрыманы Раман Пратасевіч. Галоўнае
2021.05.23 17:32

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў