Лукашэнка рыхтуецца да Трэцяй сусветнай вайны. Інтэрв’ю з Уладам Кобецам


Лукашэнка казаў, што варта рыхтавацца да Трэцяй сусветнай вайны. На жаль, ён сапраўды да гэтага рыхтуецца. Беларусь уцягваецца ў вайну двума дыктатарамі. Адсутнасць легітымнага прадстаўніка і незалежнасці Беларусі стварае небяспеку, што тэрыторыя Беларусі ў гэтай вайне будзе, і з усімі наступствамі. Вынікі для Беларусі Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы у першай частцы інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Уладам Кобецам, выканаўчым дырэктарам iSANS – Міжнароднай сеткі стратэгічных дзеянняў па бяспецы. 

Сяргей Пеляса: Ты ўдзельнічаў у Мюнхенскай канферэнцыі, прысвечанай пытанням бяспекі. Беларуская дэлегацыя на чале са Святланай Ціханоўскай удзельнічала ў ёй трэці раз. Раней вялікіх беларускіх дэлегацыяў там не было. Які практычны сэнс мае ўдзел беларусаў у гэтай канферэнцыі, дзе абмяркоўваецца шмат актуальных праблемаў і здаецца, што Беларусь не самая важная з іх?

Агляд
Стрымаць Пуціна і залагодзіць Трампа. Да чаго не прыйшлі на канферэнцыі бяспекі ў Мюнхене
2024.02.20 10:20

Улад Кобец: Гэта самая вялікая пляцоўка, дзе абмяркоўваюцца пытанні бяспекі ў Еўропе. Удзел беларускай дэлегацыі паказвае тую ролю, якую Беларусь сёння займае ў сістэме міжнароднай бяспекі, асабліва ў нашым рэгіёне. Мы, iSANS, арганізавалі сайд-івэнт, на каторым таксама ўдзельнічала Святлана Ціханоўская і нашыя еўрапейскія партнёры. Ці разумеюць заходнія партнёры ролю Беларусі? Вайсковыя партнёры разумеюць.

Усё больш палітыкаў разумее, таму што Беларусь – краевугольны камень бяспекі ў рэгіёне. Менавіта з тэрыторыі Беларусі пачалася атака на Кіеў расейскіх войскаў. Пагрозу з тэрыторыі Беларусі бачаць краіны Балтыі. Уцягванне Беларусі ў вайну з’яўляецца вельмі небяспечным і падрывае бяспеку ў рэгіёне.

Калі б Беларусь захавала незалежнасць і нейтралітэт, калі б пасля 2020 года выбар беларусаў быў зафіксаваны ў змене ўлады, то мы б сёння не бачылі ні гэтай вайны, ні гэтай сітуацыі ў Еўропе, калі ў першы ж дзень Мюнхенскай канферэнцыі Пуцін, хоць і не ўдзельнічаў фізічна, але даслаў туды вельмі зразумелы мэсэдж смерцю Навальнага. У 2007 годзе, калі ён агучваў там, стоячы на трыбуне, свае рэакцыі на тое, куды рухаецца міжнародны парадак і дзе ён бачыць ролю Расеі, яшчэ магчыма было думаць, што Расея можа заняць месца ў сістэме сусветнай бяспекі, але цяпер у кулуарах ёсць кансэнсус, што гэта непазбежнае зло.

Няма з кім дамаўляцца, немагчыма пазбегнуць сцэнару, які Пуцін навязвае свету. Таму трэба рыхтавацца да вялікай вайны.

Мы бачым, што вельмі хуткімі тэмпамі адбываецца ўніфікацыя беларускай арміі з расейскай. Ідуць змены ў арміі. Уводзіцца інстытут інструктараў. У Расею паехалі першыя партыі інструктараў вучыцца. Раней камандзір вайсковай часткі адказваў за падрыхтоўку. Цяпер гэта будуць прафесійныя інстытуты інструктараў. Вагнераўцаў ужо бракуе, бо ўсё, што маглі, аддалі. Тыя, хто застаўся ў Беларусі, – іхны досвед састарэў. Уводзіцца інстытут сваіх інструктараў, але гэта таксама звязана з уніфікацыяй арміі. Гэтая ўніфікацыя разам з перааснашчэннем беларускага войска – усё гэта індыкатары таго, што сітуацыя накручваецца. Сам Лукашэнка казаў, што варта рыхтавацца да Трэцяй сусветнай вайны. На жаль, яны сапраўды да гэтага рыхтуюцца. Беларусь уцягваецца ў вайну двума дыктатарамі. Адсутнасць легітымнага прадстаўніка і незалежнасці Беларусі стварае небяспеку, што тэрыторыя Беларусі ў гэтай вайне будзе, і з усімі наступствамі.

Пуцін даслаў у Мюнхен мэсэдж смерці. Раней ён прыязджаў і агучваў шалёныя канцэпцыі, яшчэ за год да вайны з Грузіяй, калі ўсе пачалі разумець сутнасць крамлёўскага рэжыму. Гэтым разам даслаў выразнае паведамленне. Што гэта азначае для беларусаў? Мне было цікава, што Юлія Навальная мела запланаваную размову са Святланай Ціханоўскай. Адразу пасля інфармацыі пра смерць мужа яна спачатку ўсе сустрэчы адмяніла, а потым усё ж сустрэлася з Ціханоўскай. Як ты гэта ўспрымаеш? Мне падаецца, гэта падкрэслівае важнасць беларусаў пасля 2020 года, сведчыць, што з намі лічацца і хочуць размаўляць. І падтрыманне беларусаў патрэбнае нават расейцам.

Усе гэтыя гады расейцы шукалі кантакту з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, разумеючы, што ў іх няма таго, што ёсць у беларусаў. У беларусаў ёсць прэзідэнт-элект, у беларусаў адбылася рэвалюцыя 2020 года, і ясна, што Святлана Ціханоўская перамагла ў выбарах. У беларусаў ёсць структура паралельнай улады. Гэтага няма ў Расеі. У Расеі няма адзінага лідара дэмакратычных сілаў, увогуле паняцце дэмакратычных сілаў у Расеі складана інтэрпрэтаваць. У гэтым яны нашмат адстаюць ад беларусаў. Я б не хацеў, каб мы звязвалі кантэкст Беларусі з Расеяй. Беларусь зусім у іншых варунках знаходзіцца. Мы, нават калі глядзім на дадзеныя сацыялагічных апытанняў, бачым вялікую розніцу. Фактычна гэта прорва паміж двума народамі. Можна сказаць, што гэта добра, можна сказаць – што кепска.

Расея згубіла свой шанец стаць важным элементам паўночна-атлантычнай сістэмы бяспекі. Калі б Расея працягнула шлях наладжвання стасункаў і развіцця ў дэмакратычным свеце, то поўнач нашай планеты была б ахопленая агульнай сістэмай бяспекі, агульнымі каштоўнасцямі і агульнымі магчымасцямі моцнага і станоўчага развіцця. Ініцыятыва новай сусветнай вайны і перадзелу свету ствараюць для нас пагрозу апынуцца ў свеце, якога мы яшчэ не ведаем і не разумеем. Ніколі так доўга Еўропа не жыла без вайны, як пасля аб’яднаўчых працэсаў ЕЗ і NATO.

Уся гісторыя Еўропы – гэта гісторыя войнаў. Калі ўявіць, што Беларусь не ўдзельнічае ў гэтай вайне, то мы скажам так, што беларускае войска не ўдзельнічае і не знаходзіцца на тэрыторыі Украіны разам з Расеяй. Але тылавыя функцыі выконвае, тэрыторыя выкарыстоўваецца, агрэсія пачалася з тэрыторыі Беларусі, беларуская прамысловасць працуе на расейскую армію. З тэрыторыі Беларусі Пуцін можа пагражаць краінам Балтыі, Польшчы. Калі б Беларусь не ўдзельнічала ва ўсім гэтым, то не было б атакі на Кіеў. Калі Беларусь выцягнуць з гэтага, то вайна скончыцца. Бо расейская прамысловасць не можа прадукаваць тое, што прадукуецца на тэрыторыі Беларусі. Знікае пагроза Польшчы і краінам Балтыі. Балтыя атрымлівае моцны падмурак на поўдні, а Украіна пазбаўляецца паўночнага балкона, які прымушае трымаць вялікую колькасць украінскіх войскаў на поўначы. Для беларусаў гэта азначае спыненне дыскурсу аб магчымасці вайны. У гэтай сітуацыі працягваць вайну яшчэ і ў Беларусі для Расеі, я мяркую, будзе немагчыма.

Поўную версію інтэрв’ю глядзіце ў відэа вышэй.

belsat.eu

Стужка навінаў