Рэформы непазбежныя: што рабіць з беларускай эканомікай пасля Лукашэнкі


Каб перазапусціць эканоміку пасля сыходу Лукашэнкі, неабходны інстытуцыйныя рэформы. У першую чаргу гэта змены звязаныя з абмежаваннем ролі дзяржавы ў эканоміцы, стварэннем прыязных умоваў для вядзення эканамічнай дзейнасці, павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржпрадпрыемствамі і сістэмы сацыяльнай абароны. Разам з экспертамі Цэнтра новых ідэй ў рамках іх чарговага праекта разбіраемся, якія эканамічныя рэформы жыццёва неабходныя для новай Беларусі. Пра палітычныя рэформы можна прачытаць тут

Навошта патрэбныя эканамічныя рэформы

Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Эксперты канстатуюць: пры сённяшняй уладзе беларуская эканоміка наўрад ці будзе расці, а шанцы для рэформаў з’явяцца толькі пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі. Паводле апошняга прагнозу МВФ, у найбліжэйшыя шэсць гадоў толькі тры краіны ва ўсім свеце будуць развівацца павольней за Беларусь. З улікам унутрыпалітычнага крызісу, эканамічных санкцый, страты ўкраінскага рынку, абвостраных дэмаграфічных праблем і павялічанай залежнасці ад расейскай эканомікі, якая дэградуе, перспектывы эканамічнага росту ў нашай краіне застаюцца аднымі з найгоршых у свеце. Без радыкальных эканамічных рэформаў Беларусь чакае стагнацыя і далейшае адставанне ад больш развітых краін рэгіёна.

Калі ў Беларусі адкрыецца акно магчымасцяў, трэба дзейнічаць хутка. Неабходна будзе паспець правесці крытычную масу рэформ да таго, як у краіне ўзмацніцца антырэфарматарскае лобі – папулісты, прадстаўнікі папярэдняга недэмакратычнага рэжыму, прарасейскія сілы.

Апытанні сведчаць, што беларусы разглядаюць прыватны сектар і прадпрымальніцтва як крыніцы эканамічнага росту, а ролю дзяржавы перш за ўсё бачаць ў галіне дастаўкі грамадскіх паслуг, такіх як ахова здароўя і адукацыя. Новым уладам будзе важна данесці да грамадства бачанне рэформаў, іх час і паслядоўнасць, карысці і кошты, шанцы і праблемы. Невыкананне гэтай умовы было адной з галоўных памылак шмат каго з рэфарматараў.

Агляд
BEROC: IT-галіна Беларусі ачуняе толькі пасля «палітычных пераменаў» у краіне
2023.09.14 17:45

Выклік для эканамічнай трансфармацыі заключаецца ў тым, каб пазбегнуць сацыяльных праблем. Узнікне патрэба фінансава падтрымаць людзей, непасрэдна закранутых зменамі. Напрыклад, рэструктурызацыя стратных дзяржаўных прадпрыемстваў прывядзе да скарачэння занятасці. Людзі, якія ў выніку гэтых працэсаў страцяць працу, мусяць пэўны час атрымліваць годны даход з боку дзяржавы і мусяць мець магчымасці для самарэалізацыі ў выглядзе стварэння ўласнага бізнесу ці пошуку іншай працы. Важна, каб людзі разумелі, што ўлады праводзяць рэформы не дзеля ўласнага ўзбагачэння, а дзеля таго, каб беларусам жылося лепш.

Эканамічныя рэформы маюць больш шанцаў на поспех, калі адначасова рэфармаваць і іншыя сферы, сярод якіх сістэмы адукацыі і судовая. Апошняя галіна істотная для абароны асноў рынкавай эканомікі: правоў чалавека, правоў уласнасці і выканання кантрактаў.

Парк высокіх тэхналогій.
Фота: dev.by

Як аднавіць эканоміку?

Змена рэжыму на дэмакратычны адкрые шлях да хуткага эканамічнага росту. Як толькі Беларусь пачне працэс дэмакратызацыі, санкцыі супраць яе будуць хутка замарожаныя, а потым і цалкам адмененыя. У краіне ізноў пачне развівацца беларускі прыватны бізнес, вернуцца ранейшыя і прыйдуць новыя замежныя інвестары.

Таксама патрэбна правесці інстытуцыйныя рэформы (напрыклад, рэструктурызацыя і прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў, рынак працы, сямейная палітыка, сацыяльная палітыка, зялёная эканоміка, падатковая палітыка, пенсійная рэформа).

У прыватнасці патрэбна:

– абмежаваць ролю дзяржавы ў эканоміцы – яна павінна ў першую чаргу стаць гарантам развіцця інстытутаў і сацыяльнай інфраструктуры;

– стварыць роўныя і спрыяльныя ўмовы вядзення бізнесу для ўсіх прадпрыемстваў незалежна ад формы ўласнасці, памеру і віду дзейнасці;

– павысіць эфектыўнасць кіравання дзяржпрадпрыемствамі, правесці іх аўдыт і прыватызацыю большай іх часткі;

– павысіць эфектыўнасць сістэмы сацыяльнай абароны – замест падтрымкі стратных калгасаў і прамысловых прадпрыемстваў лепш скіраваць рэсурсы на адрасную дапамогу;

– павысіць эфектыўнасць і празрыстасць рынку працы, абараніць правы працоўных праз развіццё незалежных прафсаюзаў і адыход ад кантрактнай сістэмы;

– ачысціць банкаўскі сектар ад дрэнных крэдытаў, перадусім для дзяржпрадпрыемстваў, і развіваць фінансавы рынак;

– інвеставаць у лічбавую інфраструктуру для павышэння празрыстасці сістэмы дзяржкіравання і эканамічных адносін паміж грамадзянамі і дзяржавай;

– павысіць канкурэнтаздольнасць і інавацыйнасць эканомікі праз развіццё прадпрымальніцкай ініцыятывы, стварэнне экасістэмы развіцця стартапаў і садзейнічанне развіццю венчурных інвестыцый;

– гарантаваць энергетычную бяспеку Беларусі праз дыверсіфікацыю крыніцаў пастаўкі энерганосьбітаў, стварэння рынка электрычнай энергіі і газу, інвестыцыі ў аднаўляльныя крыніцы энергіі і энергаэфектыўнасць;

– стымуляваць развіццё зялёнай эканомікі па прыярытэтных напрамках: узнаўляльныя крыніцы энергіі, цыркулярная эканоміка, рэсурсаэфектыўная вытворчасць, экалагічны транспарт, арганічнае земляробства і захаванне біяразнастайнасці.

Міжнародная супольнасць будзе гатовая аказаць падтрымку дзеля аднаўлення беларускай эканомікі, лічаць эксперты. У 2021-ым Еўракамісія ў кансультацыі з эканамічнай камандай абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай прыняла Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі на суму € 3 млрд (прыкладна 5% ВУП Беларусі) на першыя гады правядзення эканамічных рэформ.

Каментар
«Прагнозы пераходзяць у праграмы, праграмы – у планы». Эканаміст пра тое, як рэжым будзе нарошчваць ВУП
2023.10.09 08:00

План ЕС уключае фінансаванне для прыватнага бізнесу, буйныя інфраструктурныя праекты, развіццё трансгранічных праектаў і іншых ініцыятываў у межах «Усходняга партнёрства», падтрымку ўступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і шмат іншага.

Ідуць перамовы аб тым, каб свой «план Маршала» для Беларусі абвесцілі і ЗША. Да праектаў ЕС і ЗША далучыцца таксама МВФ, гатовы падтрымаць стабілізацыйную праграму, ухваленую новым беларускім урадам.

Сусветны банк прафінансуе развіццё прыватнага сектара, інвестыцыі ў інфраструктуру, мадэрнізацыю сістэмаў аховы здароўя і адукацыі.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прафінансуюць праекты ў энергетыцы, пераход на зялёную эканоміку і паспрыяюць прыходу стратэгічных інвестараў на беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы.

Міжнародная падтрымка спатрэбіцца і пры рэструктурызацыі дзярждоўгу, у тым ліку рэфінансавання (перш за ўсё перад Расеяй) краінамі Захаду пад ніжэйшыя працэнты і на больш працяглыя тэрміны, з адтэрміноўкай пагашэння цела крэдыту ў першыя некалькі гадоў. Дапамога прыдасца і для гарантавання энергетычнай бяспекі эканомікі ў выпадку, калі Расея вырашыць распачаць энергетычны шантаж Беларусі.

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.
Фота: n-link.az

Акрамя гэтага, трэба агучыць праграму рэпатрыяцыі беларускага бізнесу і беларусаў з-за мяжы. Праграма павінна заахвоціць беларускую дыяспару інвеставаць у новую Беларусь, вярнуцца ў Беларусь або прасоўваць беларускія нацыянальныя інтарэсы ў краінах пражывання. Прыкладам працы ў гэтым накірунку з’яўляецца створаная ў 2021-ым Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой, у якую ўваходзяць неафіліяваныя з рэжымам бізнесы з Польшчы, Літвы, Чэхіі, Германіі і ЗША.

Варта ўлічваць паспяховы досвед краін, у якіх дыяспара ўнесла значны ўклад падчас нацыябудаўнічых працэсаў і эканамічнай трансфармацыі, напрыклад у Ірландыі ў другой палове ХХ стагоддзя ці ў Ізраілі пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1948-ым годзе.

Пабудова эканомікі, заснаванай на вяршэнстве права, мусіць уключаць пакаранне для тых, хто найбольш спрычыніўся да рэпрэсіяў.

Неабходна прадугледзіць забарону на займанне імі дзяржаўных пасад цягам пэўнага перыяду, асуджэнне таталітарных ідэалогій, а таксама кампенсацыю пацярпелым ад рэпрэсій. Пры гэтым працаўнікі дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў, якія не рабілі злачынстваў, не будуць абмежаваныя ў правах. Пераадоленне расколу ў грамадстве павінна адбывацца на аснове аднаўлення законнасці і нацыянальнага прымірэння.

Эканоміка з Чалым
Як будзем адбудоўваць эканоміку пасля Лукашэнкі?
2021.06.03 21:30

Чаму рэгіёны адстаюць і што з гэтым рабіць?

Большасць беларусаў жыве па-за межамі Менска, і шмат з іх кажа пра тыя самыя праблемы: адсутнасць перспектываў, працы і рэзкая розніца ва ўзроўні жыцця паміж сталіцай і астатнімі рэгіёнамі, а таксама імклівае зніжэнне колькасці насельніцтва ў малых гарадках і сельскай мясцовасці.

Размеркаванне жыхароў унутры Беларусі працягвае змяняцца. Раёны і гарады губляюць насельніцтва на карысць абласных цэнтраў і менскай агламерацыі. 75% гарадскіх жыхароў (59% ад агульнай колькасці) сканцэнтраваныя ў 20 са 115 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, з якіх больш за палову таксама паступова губляе насельніцтва.

У Менску і Менскай вобласці вырабляецца больш за палову ўнутранага валавога прадукту ўсёй Беларусі. Па ўзроўні заробку сталіца практычна на 80% апярэджвае некаторыя вобласці Беларусі, але пры гэтым знаходзіцца на ўзроўні найменш развітых рэгіёнаў Латвіі ці Польшчы.

Згодна з рэйтынгам адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак (АТА) паводле ўзроўню эканамічнага развіцця, які быў складзены Навукова-даследчым эканамічным інстытутам Мінэканомікі, узровень развіцця вышэйшы за сярэдні па краіне ў 2021-ым годзе мелі толькі 7 са 128 АТА базавага ўзроўню. То бок 94% адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак развіваюцца горш, чымся ў сярэднім уся краіна. Падобныя вынікі паказвае рэйтынг найбольш буйных 40 беларускіх гарадоў, які склаў Цэнтр новых ідэй. У ім толькі 8 з 40 найбуйнейшых гарадоў знаходзяцца на ўзроўні вышэйшым за сярэдні.

Беларускія рэгіёны застаюцца аўтсайдарамі сярод рэгіёнаў блізкіх краін па ўзроўні правядзення рэформаў кіравання і развіцця. Палітыка развіцця рэгіёнаў у Беларусі дагэтуль заснаваная на дырэктыўным планаванні і пераразмеркаванні рэсурсаў ад больш паспяховых да менш удалых. Асноўным гульцом гэтай палітыкі з’яўляецца ўрад, які размяркоўвае субсідыі ды інвестыцыі адміністратыўна-тэрытарыяльным адзінкам і пэўным сектарам эканомікі, спрабуючы падтрымаць адзіны ўзровень развіцця і аказання асноўных сацыяльных паслуг.

Агляд
Беларусь жыве? Як паміраюць рэгіёны і што хвалюе беларусаў
2023.03.05 08:00

Паводле экспертаў, рэгіёнам патрэбныя наступныя рэформы:

-дэцэнтралізацыя і павышэнне якасці мясцовага самакіравання;

– развіццё не адміністратыўных межаў, а рэгіёнаў з улікам наяўнага патэнцыялу і фактараў для эканамічнага развіцця;

– інвеставанне не толькі ў інфраструктуру, але і ў сістэму паслуг для прадуктаў бізнесу і мясцовых супольнасцяў, накіраваных на развіццё.

Каб захаваць чалавечы капітал, неабходна палепшыць адукацыйную інфраструктуру на мясцовым узроўні. Рэгіянальныя ўніверсітэты мусяць быць мадэрнізаваныя і развітыя з улікам патрэбаў рынку працы. Акрамя таго, мусіць быць створаная інфраструктура для прафесійнай і нефармальнай адукацыі, дасяжная паблізу месцаў жыхарства людзей.

Рэгіёны павінны змякчаць негатыўную міграцыю з дапамогай праектаў, якія павышалі б мабільнасць працоўнай сілы, уздымалі б узровень прафесійнай адукацыі, стваралі б зручныя для карыстальніка інструменты пошуку працы.

Замест дзеянняў па захаванні працоўных месцаў на дзяржпрадпрыемствах, якія дорага каштуюць, стратэгіі мусяць падтрымліваць пераход да больш вытворчай занятасці ў прыватным сектары і развіццё экасістэмаў для прадпрымальніцтва і самазанятасці.

Агляд
Будучыня Беларусі: што і як можа яе змяніць? Чатыры сцэнары ад экспертаў
2023.06.19 20:03

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў