Былую журналістку Ларысу Шчыракову і праўнука Якуба Коласа залучылі ў «спіс экстрэмістаў»


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі 22 верасня абнавіла Пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. У «спіс экстрэмістаў» дадалі 34 новыя прозвішчы.

Ларыса Шчыракова.
Фота: Ларыса Шчыракова / Facebook

Гэтак, у «спіс экстрэмістаў» залучылі гомельскую былую журналістыку і культурніцкую дзяячку Ларысу Шчыракову. У канцы жніўня Ларысе агучылі прысуд: 3,5 года калоніі ды штраф Br 3500. На яе завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб распаўсюдзе ў інтэрнэце заведама непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь (ч. 1 арт. 369-1), а таксама абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 ст. 361-4 УК).

Акрамя Ларысы Шчыраковай, у спісе з’явілася прозвішча 17-гадовага Мікіты Бруя, стрыечнага праўнука Якуба Коласа. Маладзёна вінавацяць у наўмысных дзеяннях для рэабілітацыі нацызму, а таксама ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 130-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК). У ліпені суддзя Вікторыя Паляшчук прысудзіла Мікіту тры гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.

Мікіта Бруй быў адным з затрыманых у лістападзе 2022 года ўдзельнікаў чату «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта» (СНБШ), які прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Hавiны
17-гадоваму праўнуку Якуба Коласа далі 3 гады за «садзейнічанне экстрэмізму»
2023.07.19 20:49

Таксама ў «спіс экстрэмістаў» дадалі музыку Мікіту Найдзёнава і фігурантаў справы аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане – Сяргея Рабушку, Аляксандра Напрэенку, Максіма Зуева і Вадзіма Багаўкова. Чатырох беларусаў – фігурантаў справы – судзілі завочна, бо яны не ў Беларусі. Іх прызналі вінаватымі ў злачынствах паводле трох крымінальных артыкулаў і засудзілі агулам на 36 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Hавiны
Беларусаў, якія закідалі яйкамі амбасаду Беларусі ў Лондане, асудзілі на 36 гадоў калоніі
2023.08.30 17:06

На 22 верасня ў «спісе экстрэмістаў» налічваюцца 3324 імёны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў