Менскі гарадскі суд 30 жніўня агучыў вырак у справе нападу на амбасаду Беларусі ў вялікай Брытаніі ў снежні 2021 года. Чатырох беларусаў – фігурантаў справы – судзілі завочна, бо яны не ў Беларусі. Іх прызналі вінаватымі ў злачынствах паводле трох крымінальных артыкулаў і засудзілі агулам на 36 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Беларусы Сяргей Рабушка, Аляксандр Напрэенка, Максім Зуеў, Вадзім Багаўкоў абвінавачваліся беларускім судом у дзеяннях, накіраваных на распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), наўмысным пашкоджанні чужой маёмасці (ч. 3 арт 218 КК) і ў гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні службовай асобы (ч. 1 арт 366 КК). Менскі гарадскі суд прызнаў іх вінаватымі і 30 жніўня абвесціў прысуд:
Такія выракі агучыла суддзя Дзіна Кучук.
Паводле матэрыялаў справы, падсудныя – «удзельнікі нефармальнай палітызаванай эмігранцкай групоўкі выхадцаў з Беларусі «Надзея» 19 снежня 2021 года «закідалі курынымі яйкамі фасад будынку амбасады ў Лондане і размясцілі каля ўваходу інсталяцыю абразлівага зместу». Апроч гэтага, яны нібыта абразілі словамі супрацоўнікаў амбасады і ўжылі ў дачыненні іх фізічны гвалт, прычыніўшы ім пашкоджанні цела.
Шкоду, якую нанеслі беларусы будынку пасольства, суд ацаніў на суму, большую за 142 тысячы рублёў.
Інцыдэнт каля беларускай амбасады ў Лондане разглядала брытанская паліцыя. Яна адмовілася выдаць мужчынаў беларускаму боку.
Суд над «нападнікамі» ў Менску адбываўся завочна, бо яны цяпер за межамі краіны. Маёмасць абвінавачаных, якая заставалася ў Беларусі, была арыштаваная, паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем, здарэнне каля пасольства РБ у Вялікай Брытаніі адбылося 19 снежня 2021 года пасля акцыі салідарнасці, якую праводзілі ў Лондане нашыя суайчыннікі. Пра тое, што консул Беларусі ўвечары таго ж дня быў збіты, паведамілі спачатку «Желтые сливы». На наступны дзень МЗС Беларусі зрабіла афіцыйную заяву, у якой інфармавала, што аднаму з дыпламатаў зламалі нос і паламалі зуб. Беларуская дыяспара ў Лондане заявіла, у сваю чаргу, што не мае дачынення да збіцця беларускага консула. Справай займалася лонданская паліцыя, якую выклікалі працаўнікі амбасады.
Фота вокладкі: Белсат
Зміцер Міраш belsat.eu