Сеткавы мовацыд. Чаму IT-кампаніі не любяць беларускай мовы?


Выбар беларускамоўнай версіі сайту ці мабільнай праграмы можа стаць першым крокам асобы да пераходу на камунікацыю на матчынай мове. Аднак ужо на гэтым этапе беларусізацыя зазнае паразу: на нашую мову перакладзеныя лічаныя сэрвісы. Чаму так адбываецца і што з гэтым рабіць – у матэрыяле «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dragana_Gordic / Freepik

«Select the language» – з гэтай фразы пачынаецца інтэрнэт-досвед любой асобы, і фактычна для беларусаў гэта выбар без выбару, даводзіцца карыстацца расейскай. Беларускай мовы няма ў Twitter, Instagram, TikTok, WhatsApp, Facebook Messenger, у самым папулярным у Беларусі браўзеры Google Chrome. Існуе праблема з прасоўваннем беларускамоўнай рэкламы на YouTube, індэксацыяй сайтаў на беларускай мове пошукавымі сістэмамі і ўласна пошукам інфармацыі паводле запытаў на нашай мове.

Мы малыя і незаўважныя

Як IT-кампаніі абіраюць мовы, на якія будзе перакладзены інтэрфейс праграмаў і сэрвісаў, «Белсату» распавёў аўтар падкасту «Першы гікаўскі» Аляксей Пальцаў. Блог пра кіно, серыялы, гульні, тэхналогіі і папулярную культуру ён вядзе на беларускай мове.

Аляксей патлумачыў, што моўныя версіі фактычна вызначаюць маркетолагі і збольшага ўсё залежыць ад таго, на якіх рынках кампанія можа зарабіць грошай:

«Маркетолагі пралічваюць, на якую аўдыторыю яны збіраюцца працаваць, звычайна гэта амерыканская аўдыторыя, адпаведна англійская мова, і еўрапейская аўдыторыя. Асноўныя еўрапейскія мовы звычайна дадаюць, але лічыцца, што ў Еўропе ведаюць англійскую».

Гэта фактычна пацвердзілі «Белсату» ў кампаніі Flo, якая прыдумала праграму для жаночага здароўя. Гэта беларускі стартап, што сабраў мільёны долараў інвестыцыяў, а ў леташнім кастрычніку закрыў менскі офіс, рэлакаваўшы праграмістаў.

«Ахоп перакладаў у кампаніі Flo вызначаецца нашай стратэгіяй. Прыярытэтнымі для нас ёсць тыя мовы, на якіх гавораць у краінах, дзе мы бачым рост цікавасці да Flo або высокі попыт на прадукцыю для жаночага здароўя», – заявілі ў кампаніі.

У Flo няма беларускай версіі, аднак у кампаніі не выключылі, што некалі зоймуцца перакладам.

«У Беларусі невялікі лік насельніцтва ў параўнанні з іншымі краінамі, дзе попыт на пераклады вышэйшы і большая патэнцыйная аддача, таму беларуская мова не зрабілася прыярытэтнай. Мы рэгулярна ацэньваем моўныя прыярытэты, таму нашая стратэгія можа змяняцца».

Прэс-службы Google, Twitter і Meta на лісты «Белсату» з просьбаю аб каментары не адказалі.

Бяда постсавецкага маштабу

Адсутнасць роднай мовы ў інтэрфейсах праграмаў ды інтэрнэт-сэрвісаў – праблема не толькі беларусаў, заўважае Аляксей Пальцаў. Кампаніі паводле інерцыі лічаць, што ўсёй постсавецкай прасторы хапае расейскай, таму не турбуюцца аб перакладзе на нацыянальныя мовы незалежных цяпер краінаў.

«У казахаў тое самае, ува ўсіх постсавецкіх рэспубліках. Лічыцца, што там пасуе расейская мова. Вы знойдзеце, вядома, нейкую аплікацыю, якая перакладзеная, напрыклад, на армянскую мову, але іх не больш, чым перакладзеных на беларускую».

Гэткая моўная ўніфікацыя былых савецкіх рэспублік адбіваецца на прасоўванні рэкламы на нацыянальных мовах: алгарытмы разумеюць толькі расейскую.

«Мы камунікавалі з тэхпадтрымкай Google наконт рэкламы на беларускай мове. Некаторая рэклама праходзіць, некаторую рэкламу яны баняць таму, што мова не пасуе. Яны цяпер для гэтага рынку выкарыстоўваюць расейскую мову, гэтак жа, як выкарыстоўваюць англійскую мову для еўрапейскага рынку, напрыклад», – распавёў блогер.

«Белсат» на ўласным досведзе пазнаў пакуты са спробамі запусціць рэкламу на YouTube. Колькі гадоў таму рэдакцыя прасіла кампанію развязаць гэтую праблему. Ліставанне звялося да «нічога асабістага – толькі бізнес», маўляў, выдаткі на мадэрацыю будуць вышэйшымі за прыбытак. Аргументы пра тое, што на YouTube паспяхова круціцца рэклама, напрыклад, на літоўскай ці каталонскай мовах, не падзейнічалі.

Дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці

Акурат пра дыскрымінацыю беларускай мовы вяліся перамовы абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай з прадстаўніцамі Google i YouTube. Яны сустрэліся падчас Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы. Ціханоўская заклікала, сярод іншага, наладзіць манетызацыю кантэнту на беларускай мове ў прадуктах Google ды YouTube і дазволіць рэкламу беларускамоўных відэаролікаў на YouTube.

Даводзіць да IT-гігантаў неабходнасць беларускай мовы мусяць і самі карыстальнікі, адзначае аўтар «Першага гікаўскага»: напрыклад, пісаць у тэхпадтрымку сэрвісаў, тэгаць афіцыйны акаўнт Twitter і дадаваць гэштэг #AddBelarusianLanguage. Таксама можна лабіяваць пытанне праз беларусаў, якія працуюць у гэтых кампаніях.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

«У тым жа Google працуе даволі шмат беларусаў, якія б таксама былі зацікаўленыя, і можна пісаць ім, каб яны звярталіся да сваіх менеджараў праектаў з тым, што карыстальнікі пішуць, давайце што-небудзь з гэтым вырашаць», – кажа Пальцаў.

Сеткавай беларусізацыі дапаможа і большая колькасць беларускамоўных блогераў, тады зробіцца відавочнай патрэба ў рэкламе для нашага рынку, падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Родная народная мова

Змаганне з мовацыдам паабяцалі падхапіць у Аб’яднаным пераходным кабінеце. Прадстаўніца ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык у размове з «Белсатам» пры гэтым адзначыла, што беларускую мову мусяць прасоўваць не толькі палітыкі:

«Гэта павінна быць патрэбна не палітыкам, а беларусам, і яны мусяць звяртацца і пісаць петыцыі. А мы са свайго боку будзем з задавальненнем іх падхопліваць, пісаць дадатковыя лісты і выкарыстоўваць розныя палітычныя інструменты ціску і камунікацыі, якія мы маем, дзеля таго каб паўплываць на рашэнні гэтых вялікіх кампаніяў».

Аліна Коўшык упэўненая, што, калі беларусы не возьмуцца за справу, поспеху чакаць не варта: «Гэта не будзе працаваць, калі гэта патрэбна толькі элітам і інтэлігенцыі. Мы мусім даваць прыклад, мы мусім натхняць. Вельмі важна, каб беларуская была жывой мовай нашых зносінаў. І да гэтага мы мусім ісці, каб яна была патрэбная беларусам перадусім. Яна патрэбная народу, яна патрэбная нам, каб мы заставаліся сабою».

Прэзентацыя кнігі «Беларускамоўныя». Менск, Беларусь. 21 лютага 2021 года.
Фота: Арт Сядзіба / Facebook

Беларусізацыя інтэрнэту – адзін з кірункаў працы Кабінету, запэўніла суразмоўца «Белсату»:

«Мы камунікуем з рознымі партнёрамі, робім гэтую працу сумесна з офісам Святланы Ціханоўскай, які насамрэч з вось гэтым BigTech камунікуе. А таксама з Радай культуры, з якой мы абмяркоўвалі гэтае пытанне і для якіх гэта таксама адзін з кірункаў дзейнасці».

Коўшык заклікала беларускія кампаніі і медыі зрабіць беларускамоўныя версіі сваіх сайтаў прыярытэтнымі, каб яны адкрываліся паводле змоўчання. А беларусаў яна папрасіла пакрысе пераходзіць на матчыну мову, пераводзіць інтэрфейсы онлайн-сэрвісаў, дзе магчыма, на беларускую, весці на беларускай профілі ў сацсетках, камунікаваць на беларускай мове ў сваім асяроддзі, а там і да сталага ўжывання недалёка.

«Я б вельмі хацела, каб беларуская мова была патрэбная не толькі нам, палітыкам, не толькі вось гэтай вузкай групе людзей, каб наша родная мова стала народнай мовай, каб гэта была мова нашай камунікацыі, мовай зносінаў, мовай кахання, нянавісці, мовай сварак, палітыкі, культуры, мовай спорту, каб яна была жывой мовай, якой мы можам карыстацца», – сказала Аліна Коўшык.

Гісторыі
Прагматызм vs каштоўнасці: ці рызыкуе беларуская мова за мяжой знікнуць з яе носьбітамі
2022.11.26 13:26

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў