Прагматызм vs каштоўнасці: ці рызыкуе беларуская мова за мяжой знікнуць з яе носьбітамі


Званок. На занятак беларускай мовы ў беластоцкай школе бягуць некалькі дзяцей. Іх сустракае ўсмешлівая настаўніца, якая пачынае ўрок. Але трапіць на такія заняткі могуць не ўсе беларускія дзеці: нехта, калі і мае жаданне, не можа фармальна, а хтосьці не хоча сам.

Школа №4 у Беластоку, Польшча.
Фота: Белсат

Згодна Дэпартаменту ў справах іншаземцаў, у Польшчы на законных падставах жывуць блізу 60 тысяч грамадзянаў Беларусі. За два гады з-за палітычных рэпрэсіяў і пагаршэння эканамічнай сітуацыі беларусаў у Польшчы значна паболела. Згодна з польскім заканадаўствам, беларускую мову ў дзяржаўных школах Польшчы маюць права вывучаць толькі дзеці грамадзянаў Польшчы, якія лічаць сябе беларусамі. У Беластоку такія заняткі праходзяць у школе № 4. Каб займацца беларускаю моваю змаглі дзеці ўсіх беларусаў, што цяпер жывуць у Польшчы, прадстаўнікі дыяспары склалі адпаведную петыцыю (на момант публікацыі ў падтрыманне петыцыі сабраныя 37 подпісаў). На думку актывістаў, жаданне і настойлівасць бацькоў змогуць паўплываць на сітуацыю, у свой час менавіта такім шляхам быў прыняты Закон аб мовах нацыянальных меншасцяў. Аднак падпісалі петыцыю… усяго некалькі дзясяткаў чалавек. Разбіраемся, чаму так сталася.

«На плакаце Беларусь намалявалі ў чырвона-зялёных колерах, побач адзначылі Расею»

Каміла Ляўчук з Берасця разам з бацькамі пераехала ў Польшчу ў мінулым годзе. Пайшла ў 7 клас беластоцкай школы, зараз навучаецца ў 8-м. Наперадзе – іспыт, пасля якога трэба будзе ісці альбо ў старэйшую школу, альбо ў ліцэй.

«Напачатку было даволі складана: я разумела, што мне кажуць па-польску, але сама не магла адказаць, не магла пісаць. Мне вельмі дапамагала стаўленне настаўнікаў у школе: яны мяне падтрымлівалі, казалі: «Усё будзе добра, усё вывучыш, у цябе ёсць час». Таксама аднакласнікі ставіліся да мяне вельмі лаяльна: спрабавалі мяне зразумець па кантэксце, калі я не магла выказаць нешта словамі», – распавядае дзяўчына.

У Беларусі яна не вучыла польскай мовы, але часта бывала ў Польшчы разам з бацькамі, таму разумела мову на слых, магла нешта прачытаць. Польскую мову Каміла пачала вучыць, калі ехала ў цягніку ў Польшчу, у адзін канец. Праз два месяцы жыцця ў Беластоку ўжо атрымлівала адзнакі ў школе, як і польскія дзеці.

Каміла Ляўчук другі год вучыцца ў польскай школе.
Фота: Белсат

«Калі ў беларускую школу я не хацела ісці на ўрокі, то тут, калі бываюць вялікія выходныя, наадварот, хачу ў школу – вучыцца, пабачыцца з настаўнікамі. Яшчэ ў польскай школе няма школьнай формы, можна хадзіць хоць у піжамах ці спартыўных касцюмах», – кажа дзяўчына.

Усе ўрокі ў школе вядуцца на польскай мове, плюс абавязковая ангельская. З 7 класа трэба было выбраць яшчэ адну дадатковую мову для навучання. У школе Камілы гэта альбо нямецкая альбо расейская.

«Я выбрала расейскую, бо толькі прыехала, было цяжка браць на сябе яшчэ адну невядомую замежную мову. Але я б хацела вучыць беларускую мову, калі б была такая мажлівасць. Я на ёй з дзяцінства размаўляю. Ведаю, што ў Бельску і яшчэ дзесьці бліжэй да беларускай мяжы замест расейскай ёсць беларуская, і гэта вельмі файна. Мне часам вельмі не хапае проста з кімсьці паразмаўляць па-беларуску. У маёй школе ёсць беларускія дзеці, хтосьці спрабуе хоць штосьці сказаць па-беларуску, але такіх няшмат. Некаторыя, хто даўно прыехаў сюды, спрабуюць рабіць выгляд, што яны не беларусы, нічога не разумеюць, размаўляюць толькі па-польску. Не ведаю, навошта яны гэта робяць. Канечне, калі б я, пераехаўшы ў Польшчу, камунікавала толькі па-польску, я б хутчэй вывучыла гэтую мову. Але я ні ў якім разе не хачу забываць сваю родную мову, я лічу гэта вельмі важным», – кажа Каміла.

У канцы верасня штогод у беластоцкай школе адзначаюць Дзень розных культураў, краінаў і моваў. Кожны клас выбірае сабе краіну і робіць пра яе плакаты і прэзентацыі. У гэтым годзе Беларусь выбралі малодшыя класы.

«Калі я пабачыла плакат на тэму Беларусі, мне стала вельмі крыўдна: Беларусь намалявалі ў чырвона-зялёных колерах, побач адзначылі Расею. Трэба было яшчэ напісаць, як у краіне будзе «прывітанне», «дзякуй», «да пабачэння», і на беларускім плакаце ўсё было напісана па-расейску. Калі я прыехала ў Польшчу, пры любой нагодзе старалася распавядаць, што адбываецца ў нашай краіне. Рабіла вялікую прэзентацыю пра Беларусь, там было крыху пра палітыку, і дадала слайд, што калі б я гэтую прэзентацыю паказала за 100 км адсюль, у Беларусі, да нас у школу ўжо завітала б міліцыя», – узгадвае дзяўчына.

Каміла Ляўчук сёлета скончвае сярэднюю школу ў Польшчы.
Фота: Белсат

Бацька Камілы, журналіст Алесь Ляўчук, ведае пра ініцыятыву дыяспары – збор подпісаў за навучанне беларускай мове ў польскай школе. Але свайго подпісу не паставіў.

«Для мне гэта не вельмі актуальна, мая дачка ў выпускным класе ў польскай школе, і яна выдатна ведае беларускую мову. У людзей могуць быць розныя прычыны, чаму яны не падпісваюцца. Думаю, збольшага людзі думаюць пра будучыню, што іх дзеці будуць вучыцца ў польскім універсітэце, а не беларускім», – адзначае наш суразмоўца.

Прагматызм vs каштоўнасці

У размовах з іншымі бацькамі, якія пераехалі ў Польшчу цягам апошніх двух гадоў, стала зразумела: пасля пераезду важная задача – прыстроіць дзіця і дапамагчы яму хутчэй інтэгравацца ў новае грамадства, і тут не да беларускай мовы, якая патрабуе дадатковых высілкаў. Большасць ідзе прасцейшым шляхам, бо цяпер беларуская мова ніякіх адукацыйных і кар’ерных перспектываў не нясе. Эканамічныя і сацыяльныя стымулы пераважаюць каштоўнасці. Гэту тэндэнцыю адзначае метадолаг, спецыялістка ў сферы адукацыі Святлана Мацкевіч.

«Калі людзі апынаюцца ў эміграцыі пасля пратэстаў, яны перажываюць вымушаны паўторны крызіс: спрабуюць адаптавацца да новага культурнага асяродку і новых умоваў. Тут іншая мова, парадкі, іншая сістэма сацыяльных, прававых адносін. Таму беларусы ў эміграцыі вырашаюць найперш пытанні выжывання, затым – псіхалагічныя праблемы: пераадольванне траўмы, стрэсу. У прыярытэце – пытанне пошуку працы, забяспечванне элементарных умоваў жыцця, жыллё, уключэнне ў новае сацыяльнае асяроддзе. Бацькі звычайна кажуць: мы ў Польшчы, мусім адаптавацца і плануем, што нашыя дзеці будуць не толькі канчаць тут школу, але і паступаць у польскія ВНУ. Беларускія дзеці польскую мову асвойваюць хутка, лепш, чым дарослыя. Дзецям дастаткова два-тры месяцы для адаптацыі. Неабходнасці размаўляць на беларускай мове ў іх няма. Гаварэнне на беларускай мове пры адсутнасці моўнага асяродку будзе хутчэй як прымусовая мера, а любы прымус разглядаецца як чарговая праблема. Не варта думаць, што людзі, якія з’ехалі, пачалі жыць лепей. У іх ёсць праблемы, проста іншыя, не такія, як у Беларусі. І таму калі нейкае пытанне ўдаецца вырашыць хутка, напрыклад, прыстроіць дзіця ў школу, і некаторы час пра гэта не думаць – то і добра», – кажа ў гутарцы з «Белсатам» Святлана Мацкевіч.

Польскія падручнікі для 8 класа.
Фота: Белсат

Тым не менш, беларуская мова мусіць прысутнічаць у адукацыі, няхай і факультатыўна. А стымулам для дзяцей могуць быць толькі іхныя бацькі.

«У плане адукацыі нам варта павучыцца ў тых жа палякаў, як яны працуюць з моўнай палітыкай: мякка, ненавязліва, з паглыбленнем у культуру і асяроддзе. Методыка засваення мовы, функцыянальнай пісьменнасці не можа быць прымусовай. Гэта як кіраванне аўтамабілем: гэта таксама функцыянальная пісьменнасць, якой мусіць валодаць сучасны чалавек. І кожны сучасны беларус мусіць валодаць беларускай мовай. Але для таго, каб навучыцца кіраваць аўтамабілем, вы ідзяце на курсы, навучаецеся, праходзіце тэсты. У выніку вы альбо кіруеце аўтам, альбо не, сярэдняга не дадзена. Тое самае з беларускай мовай. Стымулам для дзяцей можа быць толькі ўласны прыклад. Калі вы пачынаеце карыстацца беларускай мовай у сваім паўсядзённым жыцці, нашыя дзеці трапляюць у моўны асяродак і таксама пачынаюць размаўляць на беларускай мове як на роднай», – упэўненая нашая суразмоўца.

На думку Святланы, праз моўныя праблемы спрабуюць вырашыць палітычныя, што ў прынцыпе няправільна. У беларусаў цяпер вельмі шмат задач, палітычныя вырашаюцца адным спосабам, культурныя – другім, адукацыйныя – трэцім, і ўсё гэта не варта змешваць. Калі гэта адбываецца, гэта фармуе адарванне ў беларусаў, якія размаўляюць па-расейску.

«Нам яшчэ шмат трэба зрабіць, каб нашыя дзеці вучыліся на беларускай мове. У нас маса праблемаў, якія трэба бачыць і прафесійна вырашаць. Самі яны не вырашацца. Па пстрычцы нічога не бывае, трэба разумець, што на гэта патрэбны час. Некалькі дзясяткаў чалавек падпісаліся пад зваротам за навучанне беларускай мове ў Беластоку? Дык гэта крута! Іх трэба ў гэтым падтрымаць. Менавіта так, у пазітыўным ключы гэта трэба падаваць, а не «ўсё прапала». Давайце пачнем з малога. Вялікія працэсы беларусізацыі пачынаюцца з малых групаў, яны павінны далей абрастаць «мясам», задаваць прыклады, паказваць, што гэта магчыма, і можа нават хутка. Калі нехта за мяжой арганізуе беларускамоўны гурток, школку, трэба ўсяляк дапамагаць ім справамі, грашыма, а не словамі. Давайце надрукуем якасныя беларускамоўныя дзіцячыя кнігі і бясплатна раздадзім іх у сем’і. Мусяць паўставаць культурныя асяродкі, грамадскія арганізацыі, якія развіваюць мову. Гэта мусіць быць цэлая стратэгія для стварэння такіх беларускамоўных анклаваў, пунктаў росту, з якіх пакрысе будзе раскручвацца працэс беларусізацыі», – адзначае экспертка.

Каміла Ляўчук выконвае дамашнюю працу.
Фота: Белсат

На ейную думку, цяпер, у параўнанні з 1990-мі, большасць расейскамоўных беларусаў асэнсоўвае неабходнасць ужываць беларускую мову. Настроі змяніліся, але ад асэнсавання да гаварэння – яшчэ доўгі шлях, на якім трэба дзейнічаць вельмі акуратна ў камунікацыйным, прапагандысцкім і арганізацыйным плане.

«Трэба ўсё рабіць па-сучаснаму, з дапамогай тэхналогіяў, бо і людзі цяпер сучасныя. Губляць, расчароўваць іх небяспечна. Калі мы па другім коле згубім гэтую магчымасць, баюся, трэцяй у нас ужо не будзе. У нас шмат прафесіянальных экспертаў у сферы адукацыі, якіх хвалюе гэтая праблема, якія пра яе думаюць. Трэба збірацца, ставіць праблему і разам абмяркоўваць, прапаноўваць, вырашаць. Цяпер мы можам спадзявацца толькі на сябе. У беларусаў няма сваёй дзяржавы, якая б гэтым займалася», – перакананая Святлана Мацкевіч.

Яна падкрэслівае: ужо сёння трэба ўздымаць гэтыя пытанні і рыхтавацца да будучыні.

«Свае нацыянальныя праблемы мы мусім вырашаць самі, ніхто за нас гэтага не зробіць. Сёння кожны з нас, у Беларусі ці ў эміграцыі, мусіць задаць сабе пытанне, ці гатовыя мы да будучыні, як мы да яе рыхтуемся. Ужо сёння трэба рыхтаваць будучага міністра адукацыі, менеджараў культуры і адукацыі. Мы дзяржаву павінны бачыць у сабе: я – будучая дзяржава. Калі такая матывацыя з’явіцца, значыць, у нас ёсць шанец. Для сябе я вырашыла, што калі ўзнікне гістарычная магчымасць, я буду вырашаць гэтую задачу. Сама міністрам адукацыі не стану, але гатовая яго падрыхтаваць», – падсумавала Святлана Мацкевіч.

СП belsat.eu

Стужка навінаў