«Human Constanta» назвала неабгрунтаванымі ўсе абвінавачанні ў шпіянажы


«Human Constanta» назвала неабгрунтаванымі усе абвінавачанні ў шпіянажы, якія распаўсюджаны праўладнымі медыямі. Аб гэтым праваабаронцы паведамілі на сваім сайце. 

Наста Лойка.
Фота: Human Constanta / Facebook

Выданне «Беларусь Сегодня» выпусціла 20 снежня артыкул, у якім спасылаючыся на матэрыялы сілавікоў, вінаваціць Насту Лойку і супрацоўнікаў праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» ў шпіянажы.

«Усе абвінавачанні, якія прыводзяцца ў артыкуле, зʼяўляюцца неабгрунтаванымі. Мы, як і раней, будзем працягваць сваю праваабарончую дзейнасць і далей адстойваць правы чалавека для кожнай, а таксама патрабаваць спыніць усе спробы пераследу і ціску на беларускіх праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці», – заявілі прадстаўнікі «Human Constanta».

Праваабаронцы нагадалі, што з самага пачатку заснавання «Human Constanta» ажыццяўляла дзейнасць «выключна мірнага і праваабарончага характару». У заяве таксама падкрэсліваецца, што дзейнасць арганізацыі «зʼяўляецца правамернай і гарантаваная праваабаронцам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека – у тым ліку, Дэкларацыяй аб праваабаронцах, зацверджанай Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 года».

У згаданым артыкуле «Беларусь Сегодня» успамінаецца арганізацыя «Human Constanta», яе супрацоўнікі і кіраўніца Наста Лойка. Нагадаем, 14 снежня Насту чацвёрты раз запар арыштавалі. Суд Першамайскага раёну Менску прызначыў ёй чарговыя 15 содняў арышту. Як і ў папярэднія разы, праваабаронцу асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП (Дробнае хуліганства). Такім чынам тэрмін знаходжання жанчыны за кратамі складзе мінімум 60 сутак.

17 снежня стала вядома, што скарга Насты Лойкі зарэгістравана Камітэтам ААН па правах чалавека.

Hавiны
Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу праваабаронцы Насты Лойкі 
2022.12.17 15:47

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў