«Пазоў на мільярд». Юрысты каментуюць справу «Беларуськалію» ў спрэчцы з Літвою


Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк пракаментаваў «Белсату» пазоў «Беларуськалію» да Літвы на € 1 млрд. Ён агаварыўся, што, натуральна, усіх абгрунтаванняў беларускай кампаніі не ведае, аднак адзначыў: пры патрабаванні такіх грошай доказы мусяць быць стоадсоткавымі.

Чацвёртае рудаўпраўленне ААТ «Беларуськалій».
Фота: kali.by

Пра тое, што «Беларуськалій» ініцыяваў інвестыцыйны арбітражны працэс, першым паведаміў літоўскі тэлеканал TV3. Паводле гэтых звестак, беларускае прадпрыемства абвінавачвае Літву ў парушэнні двухбаковага пагаднення аб абароне інвестыцыяў, падпісанага ў 1999 годзе.

Прэтэнзіі ў заяўніка дзве: касаванне дамовы аб транспартаванні ўгнаенняў чыгункаю ў Клайпедскі порт, а таксама зніжэнне кошту акцыяў «Беларуськалію» і тэрміналу насыпных грузаў (BKT) у Клайпедзе – паперы патаннелі праз санкцыі супраць беларускай кампаніі. Цяпер 30 % акцыяў тэрміналу належаць «Беларуськалію», аднак яны замарожаныя з увагі на абмежаванні.

Літва скасавала пагадненне аб транспартаванні беларускага калію, спасылаючыся на пагрозу нацыянальнай бяспецы. Транспартаванне спынілася ў леташнім лютым. Свае страты «Беларуськалій» ацаніў на € 1 млрд.

Каментар
«Літве будзе няпроста». Эксперты ацанілі шанцы на поспех «Беларуськалію» ў спрэчцы на € 1 млрд
2023.11.14 16:44

Яшчэ адну прэтэнзію беларускага боку раскрыў намеснік міністра замежных справаў Ігар Назарук: парушэнне Літвою «міжнародных дакументаў, што абавязваюць забяспечыць доступ да партоў краіне, якая не мае выхаду да мора».

«Давайце не будзем забываць і аб тым, што ў Літве нашая ўласнасць. Мы ўклалі туды сродкі, і нам не даюць карыстацца нашай уласнасцю», – цытуе чыноўніка выданне «Sputnik».

У гэтым каментары дыпламат выкарыстаў «дыпламатычную» лексіку і параўнаў дзеянні Вільні з дваровай шпаною:

«Мне нагадваюць гэтыя сітуацыі, умоўна кажучы, дваровую шпану, якая, заручыўшыся падтрымкай старэйшых хуліганаў, пачынае паказваць, якая яна не тое каб адважная, а якая яна актыўная. Праўда, адной пстрычкі хопіць, каб астудзіць увесь запал».

Міністр транспарту і камунікацыяў Літвы Марус Скуодзіс назваў спрэчку ў арбітражы «нармальнаю працэдураю», аднак ад падрабязных каментароў адмовіўся, каб не нашкодзіць справе.

«Гэта нармальная працэдура, калі краіна абскарджвае тое ці іншае палажэнне з улікам міжурадавых пагадненняў. З досведу іншых арбітражных разглядаў мы бачым, што ў такіх працэдурах часам выкарыстоўваюцца нават невыразныя электронныя лісты палітыкаў, таму лепш устрымацца ад каментароў і прыняць гэта ў цэлым як нармальную працэдуру», – сказаў міністр у інтэрв’ю «Ziniu radijas».

Пазіцыя суўладальніка тэрміналу ў Клайпедзе

Літоўскі бізнесовец Ігар Удавіцкі, якому належыць найбуйнейшая доля ў тэрмінале ў Клайпедзе, актыўна падтрымлівае дзеянні «Беларуськалію», хаця сам з уладамі сваёй краіны не судзіцца. У сваім Facebook прадпрымальнік публікуе спасылкі на артыкулы пра поспехі расейскага «Уралкалия», які нібыта расквітнеў пасля заняпаду беларускага канкурэнта.

«Мае шчырыя віншаванні ўраду Літвы, малайцы! Менавіта дзякуючы вам прыбытак «Уралкалия» ў 2022 годзе дасягнуў амаль $ 6 млрд, чаго не было ніколі за ўсю гісторыю прадпрыемства. Прадпрыемства, якое павольна рухалася да банкруцтва, узляцела, як ракета: велізарны экспарт, высокія цэны, новыя працоўныя месцы, высокія заробкі», – піша бізнесовец.

Паводле ягоных падлікаў, праз забарону транзіту беларускіх угнаенняў «Літва знішчыла больш за 1,5 тысячы працоўных месцаў на чыгунцы і ў порце, а эканоміка страціла амаль € 300 млн гадавога прыбытку».

Вагоны «Беларуськалію» ў Клайпедскім порце ў Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

Удавіцкі ўпэўнены, што беларуская кампанія «выгуляе пазоў, гэта гульня ў адну браму». Ён пералічыў пяць законаў, якія, на ягоную думку, парушыла Літва: Венскую канвенцыю аб праве міжнародных дамоваў 1969 года, нацыянальны закон «Аб міжнародных дамовах», пагадненне паміж Літвою і Беларуссю аб спрыянні ажыццяўленню і абароне інвестыцыяў ад 1999 года, двухбаковае пагадненне аб умовах транзіту грузаў з выкарыстаннем партоў, а таксама Дамову аб функцыянаванні Еўразвязу.

«Ніякае рашэнне ўраду Літвы не касуе абавязанняў у міжнародных пагадненнях Літвы, спасылкі на інтарэсы нацыянальнай бяспекі таксама не ёсць выключэннем. Ніякія санкцыйныя рэгламенты Еўразвязу не распаўсюджваюцца на абʼекты інвестыцыяў, абароненыя адпаведным інвестыцыйным пагадненнем. Літва не мела законнага права забараняць транзіт «Беларуськалію», скасоўваць дамову транспартавання, якая ёсць самастойным абʼектам інвестыцыяў, спыняць доступ да тэрміналу», – упэўнены Ігар Удавіцкі.

Што кажуць юрысты?

Партнёр юрыдычнай фірмы «Motieka ir Audzevičius» Рымантас Даўётас у каментары TV3 ацаніў шанцы бакоў на поспех як «50 на 50».

«Мяркую, судовы працэс на такую суму сапраўды небяспечны. Ацаніць шанцы на перамогу ці паразу, не ведаючы ўсіх аргументаў і не ўдзельнічаючы ў справе, вельмі складана, але звычайна поспех такіх справаў – 50 на 50. Можна сказаць, рызыкі рэальныя», – падкрэсліў адвакат.

Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк у размове з «Белсатам» ставіць на перамогу «Беларуськалію» адмовіўся. Ён прагназуе паразу беларускага боку, за якую заплацяць падаткаплатнікі:

«Я пакуль не бачу стоадсоткавых жорсткіх падставаў, каб «запіліць» пазоў на мільярд. У такіх судовых справах пошліны будуць вымярацца мільёнамі. Мільён долараў у год можа быць лёгка ганарар праўнікам, і гэта за кошт беларускага падаткаплатніка. А справа можа ісці 3–5 гадоў».

Кірылюк звярнуў увагу, што раней Беларусь не перамагла ані ў адным камерцыйным арбітражы.

Суразмоўца «Белсату» асобна спыніўся на прэтэнзіі, звязанай з каштоўнымі паперамі «Беларуськалію» і тэрміналу ў Клайпедзе, якія патаннелі праз санкцыі.

«Тут даводзіцца падбіраць юрыдычны аналаг слова «лухта», бо не існуе такіх праўных падставаў. Урад Літвы нідзе не даваў абяцанняў, што акцыі «Беларуськалію» падаражэюць. Гэта можна параўнаць з тым, што я пайшоў да цырульніка, а потым мне дзяўчына адмовіла ў спатканні, і я іду да цырульніка і кажу: мне гэта нанесла крыўду і шкоду, вярні мне грошы», – вобразна растлумачыў юрыст.

Аргумент пра допуск да мора Кірылюк таксама не лічыць слушным: «Трэба даказаць, што ўрад Літвы парушыў нейкія правы. Ці маюцца іншыя шляхі давозіць гэты калій да порту, калі, напрыклад, чыгунка не працуе, ці могуць завезці гэты калій цяжкавікамі? Можа, гэта не так зручна і даражэй – і што? Чыгунка не адзіны ж шлях».

Што тычыцца стратаў інвестараў праз санкцыі, дык гэта заўсёды так, напрыклад, ад гэтага пабочнага эфекту пацярпелі заходнія кампаніі, якія сышлі з Расеі пасля пачатку вайны ва Украіне.

«Гэта праблема інвестара. Фіксуй там страты і ідзі зарабляй у іншае месца. Любое санкцыйнае абмежаванне будзе парушаць інтарэсы інвестараў, і што, любое абмежаванне цяпер можна скасаваць, сказаўшы, што я інвеставаў у гэтую кантору?» – разважае праўнік НАУ.

Міхаіл Кірылюк адзначыў, што ў арбітражы беларускі бок мусіць падрабязна давесці «спіс заканадаўства, свае правы, дзе яны зафіксаваныя, у якіх канвенцыях і дэкларацыях, чаму лічыць іх парушанымі».

«Літва будзе пісаць адказ, сыходзячы з таго, што там напісаў «Беларуськалій». Мы пакуль не ведаем, што яны напісалі, спадзяюся, справа не будзе закрытай і яе апублікуюць, бо яна вельмі цікавая, і мы ўбачым узровень довадаў «Беларуськалію». Каб атрымаць мільярд, трэба будзе даказваць «Беларуськалію», ёсць такое паняцце – цяжар доказаў. Ты патрабуеш грошай, ты даказваеш», – падсумаваў праўнік.

Hавiны
Беларускі металургічны завод абыходзіць санкцыі праз літоўскую кампанію
2023.11.20 13:56

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў