Беларускі металургічны завод абыходзіць санкцыі праз літоўскую кампанію


Беларускі металургічны завод, які цяпер пад санкцыямі ЕЗ, працягвае гандляваць з Еўропай, піша «Еўрарадыё».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадукцыя беларускага металургічнага заводу.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

Абмежаванні на ўвоз металу з Беларусі Еўразвяз увёў у сакавіку 2022 года. З 3 жніўня 2023-га Беларускі металургічны завод асобна ўнесены ў санкцыйны спіс ЕЗ. Санкцыі прадугледжваюць, што сродкі БМЗ у Еўропе павінны быць замарожаныя, ніякія сродкі і эканамічныя рэсурсы не могуць быць перададзеныя заводу наўпрост ці ўскосна. Свядомы і наўмысны абыход санкцыяў забаронены.

У ліпені 2023 года кіраўніцтва БМЗ заявіла, што кампанія знайшла новыя рынкі збыту, усе ключавыя паказнікі холдынгу выкананыя, а ў першым паўгоддзі 2023 года завод экспартаваў прадукцыю на $ 660,5 млн.

У распараджэнні журналістаў аказаліся дамовы БМЗ з кампаніямі «Milca Baltija» і «Eurologisticos bazė». Абедзве кампаніі зарэгістраваныя ў Літве. «Milca Baltija» ўжо трапіла ў поле зроку журналістаў-расследавальнікаў. У верасні 2023 года стала вядома аб тым, што гэтая літоўская кампанія дапамагае абыходзіць санкцыі «Горадня Азоту»: перавозіць беларускія ўгнаенні ў Еўразвяз пад выглядам узбекскіх.

Анонс
Узбекістан дапамог «Горадня Азоту» абысці санкцыі Еўразвязу – Беларускі расследавальніцкі цэнтр
2023.09.27 19:35

Сама кампанія не хавае ў «LinkedIn», што асноўная сфера яе дзейнасці – гандаль на рынку сталі. Некаторыя людзі, звязаныя з кампаніяй у сацсетцы, адзначаюць у сваіх профілях, што яны з Беларусі. А некаторыя вядуць бізнес у Беларусі. Напрыклад, гандлёвы прадстаўнік «Milca Baltija» Сяргей Галда.

Згодна з дакументамі, «Milca Baltija» і «Eurologisticos bazė» звязаныя, бо UAB «Milca Baltija» заплаціла БМЗ за тры замовы UAB «Eurologisticos bazė» на агульную суму каля 200 тыс. еўраў. Краінай прызначэння тавараў, набытых «Milca Baltija», ёсць Турцыя.

Кантракт БМЗ з «Milca Baltija» дзее з 31 траўня 2022 года. Гэта значыць, ужо пасля 2 сакавіка 2022 года, калі санкцыі пачалі дзеяць. Такія дзеянні літоўскіх кампаніяў можна разглядаць як парушэнне санкцыяў Еўразвязу ад 2 сакавіка 2022 года. Яны забараняюць наўпроставае або ўскоснае закупліванне і транспартаванне чыгуну і сталі або прадукцыі з іх, калі гэтыя тавары месцяцца ў Беларусі ці вырабляюцца там.

Журналісты звярнуліся па каментары да «Milca Baltija» і «Eurologisticos bazė» з просьбаю патлумачыць, чаму яны працягнулі падпісваць кантракты з БМЗ пасля забароны на гандаль беларускімі металамі. Аднак адказу пакуль не атрымалі.

СП belsat.eu

Стужка навінаў