«Працягваюць імітацыю». Ці падзейнічае на беларусаў перадвыбарчая агітацыя?


31 студзеня ў Беларусі пачнецца агітацыя кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у каментары «Белсату» адзначыў: улады фармальна выканаюць план, пра эфектыўнасць якога казаць не выпадае.

Стэнд для агітацыі перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года. Фото: Белсат

«Што ў беларускай сістэме пры Лукашэнку застаецца нязменным – гэта імітацыя», – сказаў Віталь Цыганкоў, разважаючы пра эфектыўнасць агітацыі перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы.

Палітычны аглядальнік заўважыў, што цяперашнія ўлады маглі б з лёгкасцю адмовіцца ад фармальнасцяў, якія ў Беларусі называюцца выбарамі, аднак усё адно «выконваюць нейкія правілы»:

«Пасля 2020 года, калі людзей арыштоўваюць, саджаюць за лайк ці нейкі каментар, можна было б плюнуць на ўсялякія ўмоўнасці, абвесціць, што парламент будзе прызначацца і гэта ў нас такая суверэнная беларуская дэмакратыя. Не, ім усё роўна трэба выконваць нейкія правілы, працягваць гэтую імітацыю выбарчага працэсу».

Усе сустрэчы з кандыдатамі, аўтапрабегі, выезды высокіх чыноўнікаў на заводы – толькі для птушачкі, бо «так трэба».

Агляд
Ваенкам-цік-токер і прарасейскія кадры: каму дазволілі ісці ў дэпутаты
2024.01.16 18:46

«Калі ёсць імітацыя, то трэба праводзіць і сустрэчы, на кожную кандыдатуру зацверджанага будучага дэпутата даць гэтак званага канкурэнта і ўважліва сачыць, каб у кожнай акрузе было мінімальна дзве асобы. Для кіраўніцтва сістэмы гэта ёсць сведчаннем нейкай эфектыўнасці: вось адбыліся сустрэчы, вось прыйшлі людзі, хто больш здолеў прыгнаць, значыцца, у таго кандыдата большы наменклатурны рэсурс», – растлумачыў Цыганкоў.

Паводле яго, дзіўна спадзявацца, што пасля агітацыйнай сустрэчы або нейкага аўтапрабегу грамадзяне кінуцца галасаваць за патрэбнага кандыдата.

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

«Асаблівай логікі шукаць не трэба. Маецца план, яго трэба выконваць. Скажуць: лыжны прабег – пойдуць на лыжы, скажуць: дрэвы секчы ці садзіць – будуць секчы ці садзіць. Што які-кольвек ініцыятыўны чыноўнік у адміністрацыі Лукашэнкі залучыць у план рыхтавання да выбараў, то яны і будуць рабіць», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Раней абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў не ўдзельнічаць у «Адзіным дні галасавання» 25 лютага. Яна падкрэсліла, што пад відам дэмакратычнага працэсу рэжым Лукашэнкі хоча ўмацаваць сваю ўладу, за якую «трымаецца пасінелымі пальцамі».

«Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Так званы «Адзіны дзень галасавання«, які прызначыў рэжым, гэта бязвыбары. Рытуал без сэнсу і справядлівасці», – заявіла Ціханоўская.

Яна заклікала «быць пільнымі і не даць сябе падмануць»: «Пазбягайце ўдзелу ў рэжымных мерапрыемствах. Распаўсюджвайце праўдзівую інфармацыю. У рэшце рэшт, падтрымлівайце адно аднаго».

Hавiны
Ціханоўская прыдумала слова для лукашэнкаўскіх выбараў: «бязвыбары»
2023.11.24 20:31

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў