Ваенкам-цік-токер і прарасейскія кадры: каму дазволілі ісці ў дэпутаты


У Беларусі 15 студзеня скончыўся прыём дакументаў для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў. «Белсат» паглядзеў, хто прэтэндуе на прадстаўніцтва інтарэсаў беларусаў.  Сярод кандыдатаў знайшліся вядомыя і адыёзныя персанажы. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паседжанне Палаты прадстаўнікоў. Менск, Беларусь. 12 кастрычніка 2022 года.
Фота: Палата прадстаўнікоў / Telegram

У Палату прадстаўнікоў – рускамірцы, Гайдукевіч, змагар з чайлдфры

У Гарадзенскай вобласці на дэпутацкія крэслы разлічваюць максімальна лаяльныя ўладам. Напрыклад, па Паўночнай акрузе №52 балатуецца кіраўнік «Белай Русі» Алег Раманаў. З 2019 года ён з’яўляецца членам Савету Рэспублікі ад Гарадзенскай вобласці. У 2021 годзе ён стаў рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, дзе зладзіў чысткі непажаданых уладам.

Раманаў вядомы як рускамірэц. Улетку 2023 года ён быў удзельнікам прэзентацыі «Клуба сяброў Расеі» і распавядаў, што на постсавецкай прасторы хтосьці расколваў народы і «мы сёння як ніколі маем патрэбу ў адзінстве». На гэтым жа мерапрыемстве беларускім дзецям падарылі пуцёўкі ў дзіцячы цэнтр «Артэк», які знаходзіцца ў акупаваным Крыме.

Самае святло пралукашэнкаўскага «бамонду» збіраецца у дэпутаты ў Менску. Сярод іх дэпутат Алег Гайдукевіч. Ён запамінаецца сваёй экспрэсіяй і скандальнымі заявамі, праўда, успрымаць яго сурʼёзна складана. Напрыклад, ён прапанаваў прафінансаваць выкраданне і вываз з Еўропы ў Беларусь кіраўніка НАУ і намесніка Святланы Ціханоўскай у Пераходным кабінеце Паўла Латушкі. На думку палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, у Гайдукевіча проста «роля блазна».

Каментар
Віталь Цыганкоў: Словы Гайдукевіча не варта ўспрымаць за сур’ёзны намер
2023.07.22 12:48

Выпадкі з ім і праўда бываюць камічныя. Адзін дзень ён лаецца на захад і крычыць з тэлевізара пра сямейныя каштоўнасці, а потым у яго тэлеграм-канале раптам зʼяўляюцца непрыстойныя фоты. Праўда, з ім звязаныя і сумныя гісторыі. Нібыта за падпал яго дому ў Беларусі судзілі як тэрарыстаў 18 чалавек. У тым ліку Вадзіму Пракопʼеву завочна прысудзілі 25 гадоў.

Яшчэ ў дэпутаты сабраўся кіраўнік Чырвонага Крыжа па Беларусі Дзмітрый Шаўцоў. Ён не саромеецца ездзіць з z-сімволікай на акупаваныя тэрыторыі Украіны, таксама датычны да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Журналісты высветлілі, што Шаўцоў за грошы з грантаў для Чырвонага Крыжа ездзіў у адпачынак з палюбоўніцай.

На думку журналіста «Бюро» Аляксея Карпекі, для Шаўцова пераход у дэпутаты быў бы не паніжэннем, а добрай ракіроўкай.

«Як чалавека заслужанага, яго не могуць зняць з пасады генсакратара Чырвонага Крыжа і адправіць у нікуды. Улічваючы скандал вакол Чырвонага Крыжа і пазбаўленне фінансавання, яны, натуральна, хочуць яго замяніць, але зрабіць гэта так, быццам усё ідзе сваёй чаргой і яны [улады. – Рэд. ]не пайшлі на саступкі міжнародным арганізацыям», – сказаў у каментары «Белсату» Карпека.

Ідзе ў дэпутаты ідэолаг і генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. Ён прасоўвае расейскую позву, быў назіральнікам на «рэферэндуме» у ЛНР, прапанаваў Беларусі патрабаваць рэпарацыяў у Польшчы, і гэта з яго падачы са школьнай праграмы прыбралі «Каласы пад сярпом тваім».

Былы кіраўнік польскай амбасады ў Беларусі Вітольд Юраш згадвае ў сваёй кнізе «Дэман па суседстве» Гігіна і адзначае, што нават сярод вышэйшых чыноўнікаў Беларусі былі тыя, хто лічыў Гігіна «выключнай сволаччу».

Яшчэ адзін прапагандыст, які вельмі перажывае за веліч Расеі і хоча стаць дэпутатам у Беларусі – Аляксандр Шпакоўскі. За свае старанні ён ужо атрымаў месца дыпламата ў беларускім пасольстве ў Расеі.

Дэпутат-камуніст Сяргей Клішэвіч разлічвае застацца ў сваім крэсле. Запомніўся ён больш тым, што паказаў пратэстоўцам у 2020 годзе сярэдні палец, чым сваёй дэпутацкай дзейнасцю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэпутат Сяргей Клішэвіч паказвае сярэдні палец у бок аўтамабілістаў падчас язды на ровары з дзяржаўным сцягам Беларусі ў Менску, Беларусь. 20 жніўня 2020 года.
Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Спікерка Генпракуратуры Анжэліка Курчак таксама падалася ў дэпутаты. Яна змагаецца з чайлдфры і нават назвала іх пагрозай «нацыянальнай бяспецы і нашай дэмаграфічнай палітыцы» і «праявай новай дэмакратыі».

Былы намеснік кіраўніка МУС Аляксандр Барсукоў таксама разлічвае на месца ў Палаце. Ён вызначыўся разгонамі пратэстаў яшчэ задоўга да 2020 года. А пасля выбараў трапіў пад санкцыі ЕЗ.

Ад Менскай вобласці ў дэпутаты ідзе цяперашняя міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

У Віцебскай вобласці вылучаецца палкоўнік, ваенны камісар па Віцебскай вобласці цік-токер Руслан Шкодзін. У сваіх роліках ён у тым ліку каментуе цік-токі маладых людзей пра армію. На адным з відэа хлопец распавядае, што прыйшоў па адтэрміноўку для вучобы, але атрымаў позву.

«Так гэта і бывае!», – адказвае Шкодзін. Яшчэ маладому чалавеку не спадабалася хадзіць з паголенымі валасамі. «Нармальна, ты ж не чушпан!», – працягвае палкоўнік.

Кадр з цік-тока Шкодзіна. Крыніца: voenkom.pro / tiktok

У апошні момант у ліку кандыдатаў у дэпутаты апынуўся кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка. Ён ідзе па Пастаўскай акрузе №29. Гэта даўні прыхільнік Лукашэнкі, які з 1989 года працуе ў КДБ. Да 2013 года ён даслужыўся да намесніка кіраўніка КДБ, а са снежня 2019 года заняў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Прапагандыстка варожасці хоча ў мясцовыя саветы дэпутатаў

У мясцовыя саветы дэпутатаў таксама ідуць «правераныя» людзі. Напрыклад, па Бабруйскай выбарчай акрузе №42 – генеральны дырэктар Мазырскага НПЗ Віталь Паўлаў.

Цікавыя кадры сабраліся і ў Менскі абласны савет. Сярод іх гендырэктар інфармацыйнага агенцтва «Мінская праўда» Ларыса Коршун. Газета «Мінская праўда» вядомая сваімі абразлівымі карыкатурамі і тэкстамі. Напрыклад, на першай паласе можна знайсці надпіс «фюрэры апазіцыі» на фоне Святланы Ціханоўскай і расейскага апазіцыянера і палітвязня Аляксея Навальнага. Таксама тут была скандальная карыкатура да тэксту з нападкамі на каталіцкую царкву. Дызайнеры газеты ператварылі крыж на шыі ў каталіцкага святара ў свастыку.

Вокладка «Мінскай праўды». 26 студзеня 2021 года. Крыніца: euroradio.fm

Коршун таксама адмініструе прапагандысцкі тэлеграм-канал «Шкварка 2.0», які ў тым ліку публікуе антыўкраінскія матэрыялы. На думку праваабаронцаў «Вясны», гэтыя тэксты могуць стаць «прадметам крымінальнай справы аб прапагандзе вайны і распальванні міжнацыянальнай варожасці».

Каментар
Дэмакратычныя сілы прапануюць кандыдата ў дэпутаты, якога нельга пасадзіць за краты
2024.01.08 19:27

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў