Нобэлеўскі лаўрэат прадказаў Кітаю эпоху застою і расчаравання


Амерыканскі прафесар Пол Кругман, які ў 2008 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў эканоміцы за аналіз мадэляў гандлю і праблемаў эканамічнай геаграфіі, прадказаў захаванне і пашырэнне моцных праблемаў у эканоміцы Кітаю. Адпаведны тэкст ён апублікаваў на старонках The New York Times.

Пераабранне Сі Цзінь Піна старшынём КНР.
Фота: Синьхуа

Эканаміст адзначыў, што некаторыя аналітыкі чакалі, што кітайская эканоміка перажыве бум пасля адмены драконаўскіх захадаў, прынятых для стрымлівання пандэміі. Аднак Кітай адстае практычна паводле ўсіх эканамічных паказнікаў, акрамя афіцыйнага ВУП, але і да яго праўдзівасці прафесар ставіцца скептычна.

«Нават афіцыйная статыстыка гаворыць, што Кітай перажывае дэфляцыю японскага тыпу і высокі ўзровень беспрацоўя сярод моладзі. Гэта не поўнамаштабны крызіс, прынамсі, пакуль, але ёсць падставы меркаваць, што Кітай уступае ў эпоху застою і расчаравання», – заявіў Пол Кругман.

Прычыны гэтага ён бачыць з аднаго боку ў дрэнным кіраванні Сі Цзінь Піна, «чыя схільнасць да адвольных умяшанняў – што звычайна робяць аўтакраты – душыць прыватную ініцыятыву». А з другога – у няўстойлівасці самой эканамічнай мадэлі КНР, якая стрымлівае даходы хатніх гаспадарак дзеля росту інвестыцыяў пад кантролем уладаў.

Эканаміст адзначыў, што доля працаздольнага насельніцтва ў Кітаі зніжаецца з 2010 года, а «агульная прадукцыйнасць, здаецца, таксама знаходзіцца ў стагнацыі». Гэтыя праблемы, паводле яго, былі даволі відавочнымі яшчэ дзесяцігоддзе таму, але ўлады КНР здолелі замаскаваць праблему, «ствараючы гіганцкую бурбалку на рынку нерухомасці».

«Але бурбалкі ў рэшце лопаюцца», – адзначыў Кругман.

Таксама, на яго думку, кіраўніцтва Кітаю не вырашыцца на змены эканамічнай мадэлі. І ў выніку краіны можа сутыкнуцца з такім жа крызісам, як і Японія ў 1980-я гады. Аднак, калі Японія ў рэшце «дала рады» з гэтым, то ў дачыненні КНР эканаміст не ўпэўнены. Пры гэтым ён не выключае, што Пекін паспрабуе адцягнуць увагу «ад унутраных цяжкасцяў, заняўшыся ваенным авантурызмам».

Hавiны
ЦРУ: Кітай плануе захапіць Тайвань да 2027 года
2022.09.17 08:42

Нагадаем, што апошнім часам шмат абмяркоўваецца магчымы напад Кітаю на Тайвань. Але таксама ўсё часцей дадаюцца папярэджанні пра кітайскія прэтэнзіі на амаль усё Паўднёва-Кітайскае мора (бо калісьці Кітай проста намаляваў на мапе дзевяць рысак і заявіў: «Маё»). Кітай ужо вінаваціць Філіпіны ў «правакацыях», мае прэтэнзіі таксама да Малайзіі і В’етнаму.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў