«Лукашэнкаўскія вагнэраўцы» заняліся будаўнічым бізнесам. Расследаванне «BELPOL»


Супольнасць былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» выдала вялікае расследаванне пра кампанію «ГардСэрвіс» – адзіную ў Беларусі прыватную вайсковую кампанію. «Белсат» пераказвае, што ў тым расследаванні.

Былыя сілавікі «BELPOL» здабылі вялікі масіў дакументаў пра «ГардСэрвіс» – «прыватнай ахоўнай кампаніі», звязанай з уладамі Беларусі і баевікамі расейскай групы Вагнэра.

Кампанію «ГардСэрвіс» заснавалі 21 лістапада 2019 года, раней яна звалася «БелСек’юрыціГруп». 18 чэрвеня 2020 года Лукашэнка дазволіў кампаніі ўжываць агнястрэльную зброю – гэта адзіная прыватная кампанія, якая мае такі дазвол. Праз месяц пасля таго дазволу ў беларускім санаторыі затрымалі, як сцвярджалася, баевікоў расейскай Групы Вагнэра, але іх неўзабаве адпусцілі. «ГардСэрвіс» трапіў пад санкцыі Еўразвязу, Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ў снежні 2021 года. Але, як сцвярджалі ўкраінскія расследавальнікі, у 2023 годзе вагнэраўцам дазволілі далучыцца да «ГардСэрвісу» і з’ехаць ваяваць у адну з краінаў Цэнтральнай Афрыкі.

Паводле «BELPOL», «ГардСэрвіс» ахоўвае збольшага толькі двух чалавек: былога кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі і куратара ягоных афрыканскіх праектаў Віктара Шэймана і вядомага сеткай шапікаў «Табакерка» блізкага да Лукашэнкі алігарха Аляксея Алексіна.

У час заснавання кампаніі ейным уласнікам было ТАА «Глобалкастам-менеджмент», якімі валодалі грамадзянка Беларусі Ганна Пушкарова і грамадзянка Украіны Ганна Хмялеўская. Абедзве звязаныя з Шэйманам: Пушкарова была ў «эскорце» Лукашэнкі і пасялілася па суседстве з Шэйманам («BELPOL» намякае, што яна магла нарадзіць дзіця ад Шэймана), а Хмялеўская – жонка пляменніка былой жонкі Шэймана. Пазней «ГардСэрвісам» стаў валодаць паплечнік Шэймана, дырэктар «Лініі Сталіна» Аляксандр Мятла.

«BELPOL» высветліў, што ў штаце «ГардСэрвіс» лічацца 64 чалавекі, з якіх 36 у аддзеле ахоўнай дзейнасці, на ўзбраенні кампаніі 34 пісталеты МР71, два пісталеты «Glock 17» і тры пісталеты Макарава, тры аўтаматы АКС-74У, тры карабіны «Вепр» розных варыянтаў і адзін карабін «Сайга 9». Дырэктара ў «ГардСэрвісу» фармальна няма, а кіруюць кампаніяй намеснікі няіснага дырэктара, былыя вайскоўцы Аляксандр Кулакевіч і Уладзімір Арэх, а таксама былая адвакатка Святлана Арнаўт і сын намінальнага ўласніка кампаніі Міхаіл Мятла.

Намеснікам дырэктара налічваюць заробак 4150 рублёў на месяц, «стралкам» – 1162 рублі, «старэйшым стралкам» – 1395 рублёў, «інспектарам аховы» – 2325 рублёў. «BELPOL» назваў імёны «інспектараў», паслугамі якіх карыстаецца асабіста Шэйман. На сваю ахову ён выдаткаваў не менш за мільён рублёў за няпоўныя два гады, вынікае са здабытых дакументаў. Алексін жа заключыў з «ГардСэрвісам» дамову на ахову сваёй сядзібы «Радавое гняздо» (у абавязкі аховы ўваходзіць у тым ліку пакос травы і прыбіраюць лісце).

Hавiны
Наймітам Лукашэнкі набылі браняваны джып за 315 тысяч долараў. Расследаванне «BELPOL»
2023.11.17 08:10

Фактычна «ГардСэрвіс» падпарадкаваны ўладам Беларусі, заяўляе «BELPOL».

Лукашэнка абавязаў фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама» перадаць «ГардСэрвісу» ў якасці спонсарскай дапамогі чатыры будынкі на вуліцы Карвата ў Менску. Гэтыя будынкі да таго былі цэнтрам навучання ў галіне бяспекі, з улікам рэканструкцыі каштавалі звыш мільёна долараў.

«BELPOL» здабыў дакументы, у якіх пазначана, што «ГардСэрвіс» выконвае даручэнне асабіста Шэймана на адвод адпаведных зямельных участкаў, просіць у Шэймана аплаціць працы для «ГардСэрвісу» кампаніямі Упраўлення справамі прэзідэнта, і іншае.

Як адзначае «BELPOL», форму для супрацоўнікаў «ГардСэрвіс» замаўляюць у Дэпартаменту выканання пакаранняў – адзенне вырабляюць зняволеныя гомельскай калоніі № 4. Касіць траву і рабіць іншыя гаспадарчыя працы для «ГардСэрвіс» выпраўлялі салдатаў тэрміновай службы. А мэблю кампанія бясплатна атрымала ад Галоўнага гаспадарчага кіравання Упраўлення справамі прэзідэнта.

Будаўнічыя работы і напаўненне матэрыяльнай базы «ГардСэрвіс» кантраляваў першы намеснік Шэймана Мікалай Сіліванаў, які раней займаў пасаду Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва Узброеных сілаў Беларусі. «BELPOL» здабыў дакументы, у якіх Сіліванаў даручае зрабіць для «ГардСэрвісу» нават самыя дробныя працы, як то абрэзаць дрэвы і аднавіць зламаныя бардзюры.

Пазней «ГардСэрвіс» бясплатна атрымаў ад «Дынама» яшчэ два будынкі па суседстве і прадаў іх з дапамогай Сіліванава. Паводле «BELPOL», будынкі з тэрыторыяй хацелі перадаць для зносу і новай забудовы кампаніі «Тапас» блізкага да Лукашэнкі бізнесоўца Паўла Белага, але затрыманне Белага, імаверна, зменіць планы. За продаж бясплатна здабытых будынкаў «ГардСэрвіс» меў атрымаць 5,5 млн долараў.

Будаўнічы бізнес і ахова двух чалавек – не адзіныя напрамкі дзейнасці кампаніі. «ГардСэрвіс», як даведаўся «BELPOL», праводзіў таксама «антытэрарыстычныя курсы» для дзяржаўных прадпрыемстваў па цане 1841,24 рубля з чалавека, але курсы ладзілі не надта актыўна і з выкарыстаннем метадычак СССР 1970-х гадоў. Таксама курсы ладзілі для гасцей з Зімбабвэ – за 50 тысяч рублёў з 21 чалавека.

Hавiны
«Zerkalo»: супрацоўнікаў беларускай кампаніі «ГардСэрвіс» трэнуюць баевікі ПВК Вагнэра
2022.08.18 16:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў