Наймітам Лукашэнкі набылі браняваны джып за 315 тысяч долараў. Расследаванне «BELPOL»


Супольнасць былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» падзялілася з «Белсатам» звесткамі пра новы аўтамабіль кампаніі «ГардСэрвіс» – прыватнай ахоўнай кампаніі, звязанай з Аляксандрам Лукашэнкам, гэткіх беларускіх дзяржаўных вагнэраўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабіль «Toyota Land Cruiser 300».
Фота: toyota.co.nz

Былыя сілавікі «BELPOL» здабылі шэраг дакументаў, што датычаць набыцця браняванага аўтамабіля «AG 41 8340» беларускай кампаніі «ГардСэрвіс» у складзе расейскай «АрморГрупп».

Паводле дакументаў, здабытых «BELPOL», угоду заключылі 25 верасня 2023 года, а ўжо 26 кастрычніка прадавец выслаў рахунак на ўнясенне рэшты сумы пасля перадаплаты.

Дакументы пра набыццё браняванага ўсюдыхода беларускай кампаніяй «ГардСэрвіс» у расейскай «АрморГрупп». Скан: BELPOL
Дакументы пра набыццё браняванага ўсюдыхода беларускай кампаніяй «ГардСэрвіс» у расейскай «АрморГрупп». Скан: BELPOL
Дакументы пра набыццё браняванага ўсюдыхода беларускай кампаніяй «ГардСэрвіс» у расейскай «АрморГрупп». Скан: BELPOL
Дакументы пра набыццё браняванага ўсюдыхода беларускай кампаніяй «ГардСэрвіс» у расейскай «АрморГрупп». Скан: BELPOL

Браняваны аўтамабіль, які ёсць прадметам дамовы, створаны на базе ўсюдыхода «Toyota LC 300» (LC значыць «Land Cruiser»), на які навешалі прыхаваную браню, здольную спыніць кулю аўтамата Калашнікава з дыстанцыі 10 метраў. Аўтамабіль мае серыйны нумар (VIN) XWN418340P5000039, створаны на базе машыны з серыйным нумарам JTMAB7BJ7P4061944 (базы звестак паводле VIN-нумара паказваюць, што гэта сапраўды «Land Cruiser» 2022 года выпуску), колер чорны.

Цана машыны – 24 451 666 расейскіх рублёў, але беларускі бок мусіць скампенсаваць прадаўцу падатак на дададзеную вартасць – 4,89 мільёна расейскіх рублёў. Агулам у доларавым эквіваленце на момант імавернага падпісання дамовы гэта 314 760 долараў.

Выглядае, што беларускі бок купляе амаль што базавую камплектацыю: на сайце прадаўца такі браняваны «Land Cruiser» прадаюць ад 27 мільёнаў расейскіх рублёў. Дарэчы, гэта адзіная машына, на якую на гэтым сайце пазначылі цану, астатнія – «на запыт» (а ёсць і «Mercedes’ы», і УАЗы).

Аналітыка
Лукашэнка хоча пры дапамозе вагнэраўцаў развіваць кантрактную армію. Ці рэальна гэта?
2023.08.03 18:02

У дамовах пазначана, што «ГардСэрвіс» рэпрэзентуе намеснік дырэктара Аляксандр Кулакевіч, а пераганяць аўтамабіль мае кіроўца Уладзімір Падалінскі. Гэтыя асобы ёсць на «Чорнай мапе»: паводле здабытых хакерамі і актывістамі звестак, Кулакевіч быў начальнікам аднаго з упраўленняў Галоўнага выведнага ўпраўлення Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі і праходзіў правяранне Камітэтам дзяржаўнай бяспекі для працы ў «ГардСэрвісе», Падалінскі працаваў у Службе бяспекі прэзідэнта (пазначаны ў дамовах нумар пашпарта Падалінскага супадае з пазначаным на «Чорнай мапе»).

Кампанію «ГардСэрвіс» заснавалі 21 лістапада 2019 года, раней яна звалася «БелСек’юрыціГруп». 18 чэрвеня 2020 года Аляксандр Лукашэнка дазволіў кампаніі ўжываць агнястрэльную зброю – гэта адзіная прыватная кампанія, якая мае такі дазвол. Праз месяц пасля таго дазволу ў беларускім санаторыі затрымалі, як сцвярджалася, баевікоў расейскай Групы Вагнэра, але іх неўзабаве адпусцілі. «ГардСэрвіс» трапіў пад санкцыі Еўразвязу, Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ў снежні 2021 года. Але, як сцвярджалі ўкраінскія расследавальнікі, у 2023 годзе вагнэраўцам дазволілі далучыцца да «ГардСэрвісу» і з’ехаць ваяваць у адну з краінаў Цэнтральнай Афрыкі.

Для якіх мэтаў і на чые грошы «ГардСэрвіс» купляе браняваны джып, у кантрактах не значыцца.

«BELPOL» жа абяцае неўзабаве апублікаваць новае вялікае расследаванне пра лукашэнкаўскіх сілавікоў.

Вялікае расследаванне пра «ГардСэрвіс» і яго дзейнасць выйдзе ў нядзелю на YouTube-канале «BELPOL», а таксама ў праграме «Тыдзень».

Hавiны
«Zerkalo»: супрацоўнікаў беларускай кампаніі «ГардСэрвіс» трэнуюць баевікі ПВК Вагнэра
2022.08.18 16:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў