Telegram-канал «Голас гордага Гедыміна – Ліда» паведаміў пра дэфіцыт санітарак у раённай лякарні. Паводле гэтых звестак, не стае 35 работніц. Акрамя таго, на стотысячны горад цэнтр сацыяльнага абслугоўвання мае толькі тры сядзелкі.
«У Лідзе страшэнны недахоп санітарак у гарадской лякарні», – напісаў Telegram-канал «Голас гордага Гедыміна – Ліда». Паводле звестак гэтай крыніцы, не стае 35 работніц. Амаль усе санітаркі «працуюць за дваіх», фактычна на двух стаўках, аднак заробак атрымліваюць за паўтары, бо афіцыйна аформіць інакш немагчыма.
У рэспубліканскай базе вакансіяў маецца абвестка гарадской лякарні аб пошуку санітаркі на цэлую стаўку з заробкам 600–650 рублёў. Таксама ў шпіталі ёсць вакансіі лекараў і медсясцёр.
Акрамя таго, паведамляецца пра недахоп сядзелак у раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання: на стотысячны горад – толькі тры работніцы. У базе міністэрства працы таксама знайшлася такая вакансія на стаўку. Абяцаюць заробак у 730–745 рублёў.
Лекараў, медсясцёр і санітарак таксама шукае абласны псіханеўралагічны шпіталь «Астроўля» Лідскага раёну. «Праблема нумар адзін у гэтай больніцы», – адзначаюць крыніцы.
Сяргей Крот belsat.eu