У Беларусі масава знікаюць кіроўцы і настаўнікі: што адбываецца на рынку працы


У тройцы найбольш дэфіцытных прафесіяў: кіроўцы транспартных сродкаў, медыкі і электраманцёры. За тры летнія месяцы ўдвая павялічылася колькасць вакансіяў для настаўнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Згодна з даследаваннем экспертаў аналітычнага цэнтру BEROC, цягам першага паўгоддзя 2023 на рынку працы Беларусі скарачаецца колькасць звальненняў. Пры гэтым эканаміст Леў Львоўскі адзначае, што рынак перагрэты і мы цяпер у сітуацыі вострага недахопу кадраў. Так, менавіта адсутнасць персаналу адзначаюць як галоўную праблему большасць прадстаўнікоў прадпрыемстваў і беларускага бізнесу, якія прынялі ўдзел у даследаванні.

Гэтыя звесткі падмацоўваюцца лічбамі. На сёння ў Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў размешчаныя 130 567 прапановаў працы. На канец траўня гэтая лічба складала 116 429 (то бок за тры месяцы яна вырасла больш чым на 14 тысяч), а на канец лютага – 99 953. Колькасць вакансіяў няспынна расце з вясны 2022 года. Пры гэтым рэзюмэ – толькі 10 698, і гэтая лічба моцна не змяняецца на працягу года.

На першых месцах у колькасці вакансіяў цягам 2022–2023 гадоў застаюцца Менск і Менская вобласць.

Якіх спецыялістаў найбольш бракуе ў Беларусі

У краіне па-ранейшаму адчувацца дэфіцыт медыкаў. Хоць лічба вакансіяў за апошнія тры месяцы перастала расці, але высокакваліфікаваных спецыялістаў не хапае. Напрыклад, патрэбныя галоўныя дактары і загадчыкі аддзяленняў, хірургі, тэрапеўты, анестэзіёлагі і іншыя.

Вось як расла колькасць вакансіяў цягам паўгода:

  • снежань 2022: 6286 вакансіяў;
  • люты 2023: 6330;
  • травень 2023: 6651;
  • жнівень 2023 (на сённяшні дзень): 6542 дактары.

Таксама адчувальны дэфіцыт медычнага персаналу. Гэтак, сёння ў шпіталі і паліклінікі шукаюць 4060 медсясцёр.

Што цікава, у жніўні знайшлася спецыяльнасць, якая ўпершыню за апошнія два гады перагнала ў колькасці медыкаў. І гэта… кіроўцы транспартных сродкаў. Так, на сённяшні дзень бачым ажно 8246 вакансіяў, у той час як усяго тры месяцы таму, у траўні, гэтая лічба складала 4027, то бок за тры месяцы колькасць вакансіяў паввялічылася ў два разы.

Патрабуюцца на рынку працы і электраманцёры: бракуе 3485 адмыслоўцаў, у траўні патрабаваліся 3324 спецыялісты, а ў канцы 2022 года – усяго 1474 чалавек.

Наступныя ў нашым рэйтынгу – трактарысты. Для іх адкрытыя 3142 вакансіі.

У Беларусі скарачаецца колькасць асобаў, якія прафесійна гатуюць. Знайшлі ажно 2657 вакансіяў для кухараў. У траўні шукалі 2200 чалавек, у канцы 2022 года былі адкрытыя 1924 вакансіі ў гэтым профілі.

Таксама ў Беларусі вялікая нястача прадаўцоў. Гэтак, цяпер бачым 2666 вакансіяў. У траўні патрабаваліся 2184 спецыялісты.

Не стае і газазваршчыкаў – адкрытыя 1323 вакансіяў, у траўні патрабаваліся 1239 чалавек, у канцы 2022 года шукалі 923 спецыялістаў.

Адчуваецца дэфіцыт будаўнікоў. Цяпер патрабуюцца 1257 адмыслоўцаў будаўнічага профілю. У траўні іх было 1200, у лютым – 871. У снежні 2022-га лічба была меншая на 407 вакансіяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Не развязваецца праблема з кіроўнымі кадрамі. У снежні 2022 года мы знайшлі 1016 вакантных месцаў на кіроўныя пасады, у лютым 2023-га – 1106, у траўні – 1102 вакансіі, цяпер – 1261.

Застаецца адчувальным дэфіцыт выхавальнікаў у дзіцячых садках. На сёння знаходзім 981 вакантных месцаў працы. У траўні было 746, у лютым – 637, а ў снежні 2022 года – 513.

У Беларусі працягваюць знікаць настаўнікі. Гэтак, на сёння знаходзім 859 вакансіяў, а на пачатку лета іх было 411 (за тры месяцы – рост у два разы!). У лютым шукалі 379 настаўнікаў, у снежні 2022 года – 355.

Шукаюць таксама дырэктараў (знайшлі 595 вакансіяў, у траўні было 557) і эканамістаў (553 вакансіяў цяпер супраць 494 у траўні).

Што датычыць працы ў IT, то там рынак вакансіяў залёг на гістарычнае дно. Два першыя летнія месяцы колькасць вакансіяў у IT паніжалася: у ліпені яна апусцілася да адзнакі 4215 (мінус 6 % да траўня), што прыкладна адпавядае ўзроўню лютага.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў