Ціханоўская правяла сустрэчу са спікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлоўсі


Падчас працоўнага візіту ў Мюнхен Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлоўсі, паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская і Нэнсі Пэлоўсі.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская і Нэнсі Пэлоўсі абмеркавалі неабходнасць устойлівай пазіцыі ў падтрымку Беларусі, падтрымку для грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў, у прыватнасці радыё «Свабода», якое фінансуецца Кангрэсам ЗША.

Пелоўсі прыняла запрашэнне выступіць на форуме Каліноўскага ў Вашынгтоне 23 сакавіка і пагадзілася спрыяць правядзенню слуханняў у Кангрэсе ЗША па ролі Лукашэнкі ў вайне і падтрымцы намаганняў беларусаў па абароне незалежнасці і пераходу да дэмакратыі. Таксама падчас сустрэчы абмеркавалі палітыку «гібрыднай акупацыі», якую праводзяць Расея і рэжым Лукашэнкі.

«Мы не дапусцім паглынання Беларусі Расеяй, якое зараз адбываецца. Мы не павінны пакідаць пытанне Беларусі на пасля. Сёння беларусам патрэбная вашая падтрымка, каб захаваць нашую дзяржаўнасць», – сказала Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская і Нэнсі Пэлоўсі.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай 

Ціханоўская і Пэлоўсі сустракаліся таксама на леташняй канферэнцыі ў Мюнхене ў лютым 2022 года. Апошняя іх сустрэча адбылася ў красавіку мінулага года ў Вашынгтоне.

У Нямеччыне Ціханоўская бярэ ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі ў справе бяспекі.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ўжо сустрэлася з прэзідэнткай Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, з Джорджам Сорасам, новаабраным прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам. Таксама яна правяла перамовы з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і кіраўніком яго канцылярыі Вольфгангам Шмітам. Таксама запланаваныя сустрэчы з шэрагам еўрапейскіх і сусветных палітыкаў падчас Мюнхенскай канферэнцыі ў справе бяспекі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў