«Украіна хоча міру». Галоўныя заявы другога дня Мюнхенскай канферэнцыі


У Нямеччыне 19 лютага праходзіць другі дзень Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Сёння на ёй выступілі генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан, віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс, старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен, а таксама прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Адной з галоўных тэм перамоваў стала сітуацыя з Украінай і абвастрэнне канфлікту на Данбасе.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы 2022 года.
Фота: egnum.ru

Аб чым казалі на Мюнхенскай канферэнцыі 19 лютага:

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан

Падчас выступу прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі заявіў, што расейскія салдаты па-ранейшаму знаходзяцца каля межаў Украіны і пагражаюць яе суверэнітэту, і свет павінен да апошняга абараняць Украіну і не адварочвацца ад яе ў цяперашняй сітуацыі.

«Мы не ведаем, што за намер у Пуціна, таму мы павінны абʼяднацца. Мы працуем з ЕЗ і ЗША і складаем самы жорсткі пакет санкцый.

Пуцін павінен разумець, што сваімі дзеяннямі ён не можа запалохаць НАТА – Альянс не мае намеру зачыняць свае дзверы для Украіны. Цяпер НАТА ўмацоўвае свае пазіцыі на ўсходзе і гатова рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі.

Мы мусім вынесці ўрокі з 2014 года. Што б ні адбывалася ў наступныя дні і тыдні, мы не можам дазволіць еўрапейскім краінам спалохацца расейскай агрэсіі, мы не можам дапусціць другі падзел Еўропы на сферы ўплыву і зараз мы павінны адмовіцца ад залежнасці ад пуцінскай нафты і газу», – сказаў Барыс Джонсан.

Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан. Скрыншот з відэа: in time Ukraine / YouTube

Ён таксама папярэдзіў, што Расея можа звярнуцца да падману і распаўсюджваць хаос, каб прадставіць наступленне РФ як «адказ на правакацыю».

Віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Гарыс

Белы дом лічыць, што ведае план Пуціна адносна агрэсіі супраць Украіны, заявіла віцэ-прэзідэнт ЗША на Мюнхенскай канферэнцыі.

Выступ Камілы Харыс на канферэнцыі ў Мюнхене.
Фота: Getty Images

Яна заявіла, што Расея яшчэ некаторы час будзе настойваць, што яна не ўдзельнічае ў нападзе на Украіну, чакаючы моманту для ўступлення ў гульню.

«У расейскай агрэсіі ёсць свой сцэнар гульні, які мы занадта добра ведаем. Расея будзе гуляць ва ўласную абыякавасць і невінаватасць, і адначасова будзе ствараць ілжывыя падставы для нападу. Для гэтага яна збірае сілы ў месцах атакі. Таму мы зараз атрымліваем апавяшчэнне аб распаўсюджванні ілжывай расейскай прапаганды», – сказала Камала Гарыс

Таксама Камала Гарыс заявіла, што ЗША плануюць спыніць Расею беспрэцэдэнтным ціскам у выпадку нападу на Украіну.

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен лічыць, што пагроза ваеннай эскалацыі канфлікту Расеі і Украіны можа поўнасцю перакроіць цяперашнюю сістэму сусветнага парадку.

Урзуля фон дэр Ляен на Мюнхенскай канферэнцыі.
Фота: kp.ru

«Не верачы сваім вачам, свет назірае за найбуйнейшым з самых цёмных часоў халоднай вайны нарошчваннем войскаў на еўрапейскай зямлі, таму што падзеі гэтых дзён могуць змяніць увесь міжнародны парадак», – заявіла Урзуля фон дэр Ляен.

Старшыня Еўракамісіі сказала, што Масква пагражае больш за 40 мільёнам жыхароў Украіны, прыкрываючыся патрабаваннямі даць ёй гарантыі бяспекі і парушае Статут ААН, які забараняе ўсім краінам парушаць тэрытарыяльную цэласнасць іншых краін ААН.

Таксама яна абвінаваціла Расею і Кітай у імкненні да «новай эры», у якой будзе зменены цяперашні міжнародны парадак з выкарыстаннем прымусу замест супрацоўніцтва.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг

Енс Столтэнберг лічыць, што неабходна раскрываць планы Расеі, каб сарваць яе намеры стварыць падставу для ўварвання ва Украіну.

«Выкрываць тое, што яны робяць. І гэта менавіта тое, што мы робім. Мы прама гаворым пра інфармацыю, якую атрымліваем ад разведак. Гэта доўжыцца ўжо некалькі месяцаў і мы адразу пачалі папярэджваць, што пачынаецца нарошчванне. А таксама казалі пра далейшыя планы Расеі. І тое, што мы меркавалі тады, цяпер і адбылося.

Мы таксама адкрыта гаварылі аб намерах Расеі стварыць падставу для атакі Украіны. І мы бачым спробы, мы бачым вельмі небяспечныя сітуацыі, якія яны спрабуюць стварыць», – сказаў Столтэнберг.

Енс Столтэнберг .
Фота: NATO

Столтэнберг заклікаў усіх саюзнікаў па альянсе абараняць адзін аднаго і заявіў, што «калі мэта Крамля ў тым, каб каля межаў Расеі было менш НАТА, ён атрымае толькі больш НАТА».

Таксама сакратар НАТА заявіў, што Расея не адводзіць свае войскі ад межаў Украіны, нягледзячы на ​​свае заявы.

Канцлер Германіі Оляф Шольц

На Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Оляф Шольц заклікаў выкарыстаць любыя магчымасці для дыпламатыі ва ўрэгуляванні канфлікту з Расеяй і папярэдзіў Маскву аб сур’ёзных наступствах уварвання ва Украіну:

«Любое далейшае парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны пацягне за сабой высокія выдаткі для Расеі – палітычныя, эканамічныя і геастратэгічныя».

Канцлер сказаў, што не адчувае ілюзій і не чакае хуткіх поспехаў і заявіў, што Расея мае ўсе магчымасці і рэсурсы для ваеннай агрэсіі супраць Украіны, таму важна выкарыстоўваць прастору для перамоваў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі

Падчас свайго выступу ў Мюнхене Зяленскі казаў пра нарастаючую агрэсію Расеі і заявіў, што Украіна 8 гадоў была надзейным шчытом для Еўропы, абараняючы яе ад адной з самых моцных армій, а «архітэктура сусветнай бяспекі далікатная і патрабуе абнаўлення».

«Украіна хоча міру. Еўропа хоча міру. Свет гаворыць, што не хоча ваяваць, а Расея не хоча нападаць. Нехта з нас хлусіць. Гэта яшчэ не аксіёма, але ўжо не гіпотэза», – сказаў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны выказаўся наконт уступлення ў НАТА: «Нам кажуць, што дзверы НАТА адчыненыя, але пакуль «староннім уваход забаронены».

Таксама Уладзімір Зяленскі ініцыяваў правядзенне кансультацый у межах Будапешцкага мемарандума. Ён адзначыў, што калі ініцыятыва будзе праігнараваная, Украіна паставіць пад сумнеў усе рашэнні мемарандума ад 1994 года.

На канферэнцыі, падчас сённяшняй дыскусіі высокага ўзроўню, прысвечанай Украіне, Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў: «Без свабоднай Украіны нам цяжка пазбавіцца ад дыктатарскай улады і захаваць сваю незалежнасць. Але Украіне таксама патрэбная дэмакратычная, незалежная, а значыць, і прадказальная добрая суседка Беларусь. Каб ніколі больш нават у страшным сне немагчыма было ўявіць, што беларуская зямля можа ўяўляць пагрозу для Украіны».

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы – штогадовая канферэнцыя, якая праводзіцца ў нямецкім Мюнхене з 1962 года. Гэта самая важная канферэнцыя ў Еўропе па бяспецы.

АД belsat.eu

Стужка навінаў