У Беларусі закрылі выдавецтвы «Вышэйшая школа» і «Народная асвета»


Беларуская Рада культуры апублікавала агляд сітуацыі з беларускай літаратурай і кніжнай справай – з гэтым ва ўладаў, як пішуць у аглядзе, «вясновае абвастрэнне». У апошнія дні сакавіка закрылі два выдавецтвы з багатай гісторыяй.

Кнігі выдавецтва «Народная асвета»
Кнігі выдавецтва «Народная асвета».
Фота: Народная-Асвета / VK

Як заўважыла Рада культуры, у канцы красавіка пра закрыццё абвесцілі выдавецтва «Вышэйшая школа», якое існавала 60 гадоў і было адным з самых вялікіх у краіне, і «Народная асвета», якое ў дзень закрыцця адзначала 73-годдзе.  Абодва выдавалі навучальную літаратуру, падручнікі, навукова-папулярныя кнігі, «Народная асвета» выдавала таксама мастацкую літаратуру.

На думку Рады культуры, гэтыя выдавецтвы маглі далучыць да выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». Імаверна, дзеля гэтага чыноўнікі перадалі выдавецтвы ад Міністэрства інфармацыі да Міністэрства адукацыі. Раней падобным чынам закрылі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» і далучылі да выдавецтва «Беларусь».

«Аб’ядноўваць дзяржаўныя выдавецтвы не варта было хоць бы таму, што налета, выглядае, ужо не будзе каму ствараць ілюзію масавасці айчыннае выдавецкае справы, – піша Рада культуры. – Працягваюцца скасаванні або прыпыненні ліцэнзіяў незалежных выдаўцоў: выбылі з шыхту часопіс „Arche“, [выдавецтвы] „Зміцер Колас“ і „Цымбераў“».

Пацверджанняў планаў далучыць закрытыя выдавецтвы да нейкіх іншых няма.

Незалежныя выдавецтвы тым часам спрабуюць выжыць у выгнанні. Так, «Пфляўмбаўм», «Янушкевіч», «Gutenberg Publisher», «Skarynapress», «Kamunikat» і іншыя працавалі на кніжных кірмашах у Вільні (22–25 лютага), Ляйпцыгу (21–24 сакавіка). Цягам мінулага года, няпростага для грамадзянскай супольнасці, беларусы выдалі больш за сотню кніг.

Тварамі беларускай літаратуры за мяжой, на думку Рады культуры, цяпер ёсць Саша Філіпенка, які нядаўна атрымаў прэмію ў Францыі, а таксама Ева Вежнавец і Альгерд Бахарэвіч, якія прэзентуюць пераклады сваіх твораў на замежныя мовы.

Бязвіз
Хадановіч пра беларускую літаратуру, якая не патрэбная дзяржаве
2024.04.08 11:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў