Тое, што раднейшае за Радзіму

Спазнаўшы якасць жыцця значна больш высокага ўзроўню, сучасныя метады кіравання грамадствам і сапраўдную сацыяльную справядлівасць, усё больш пачынаеш адчуваць, што ў Беларусь вяртацца проста не хочацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня пажарнай службы. Менск, Беларусь. 23 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Там, на Радзіме, на маё глыбокае перакананне, і пасля знікнення Лукашэнкі створаныя ім аўгіевы стайні яшчэ вельмі доўга будуць нагадваць пра дыктарскія невуцтва, злосць, нянавісць, помслівасць і дзікунскую свавольнасць, якая ператварыла яго з чалавека ў жывёліну, што кіруецца інстынктамі.

Як вяртацца да тых беларусаў, якія засталіся жыць у краіне і без усялякага дакору сумлення радасна пляскаюць у далоні правадыру ды ягоным супольнікам?

Уяўляючы, што з гэтымі аскепкамі чалавечай годнасці калісьці разам шпацыраваў па вуліцах беларускай сталіцы, ездзіў у транспарце, проста адмаўляешся верыць, што яны былі зусім іншымі.

Пасля таго, як за гэты час пайшлі ў лепшы свет і мае бацькі, у якіх не давялося папрасіць прабачэння і з імі развітацца, то ўвогуле ўпэўнены: няма там чаго рабіць.

Куды лепей рухацца ў адваротны бок – да цывілізацыі, сучаснасці, чалавечнасці. Хаця вось адзін мой калега і сябар, вельмі таленавіты журналіст і на ўсе рукі майстар, упэўнены, што не будзе змяняць грамадзянства. Маўляў, занадта непатрыятычна гэта. Магчыма. Але ж ніхто не замінае атрымаць пашпарт іншай краіны, але застацца з беларускім. Гэта Лукашэнка пастанавіў не дазваляць распаўсюджанага ў цывілізаваным свеце падвойнага альбо нават патройнага грамадзянства. А з дыктатарам абавязкова сыдзе і гэты зацяты архаізм.

Увогуле, жывучы ў польскай сталіцы, ловіш сябе на думцы, што недарэмна магчымасць своечасова пераехаць сюды была дадзеная Богам. Гэтае адчуванне поўнай распаволенасці душы, якое варта толькі развіваць, а не замыкацца ў сабе, сумуючы па Радзіме, з’явілася не ўпершыню. Але не адразу пасля таго, як больш за 3,5 года таму я памяняў сталае месца жыхарства з Менску на Варшаву.

Думкі пра польскае грамадзянства ўзнікаюць усё часцей. Пашпарт Еўразвязу – мора магчымасцяў. Пры прыёме на добрую працу ў Заходняй Еўропе, у той жа заможнай Нямеччыне, заўсёды патрабуюць грамадзянства адной з краінаў Еўропы. Альбо, напрыклад, уласнага зарэгістраванага бізнесу для тых, хто жадае рабіць тое, што ўмее, але за больш высокае грашовае ўзнагароджанне.

З беларускім пашпартам ад гэтых магчымасцяў толькі рожкі ды ножкі. І сіла, дакладней, вартасць нашага сіняга ўсё слабее. Нават права кіраваць аўтамабілем, атрыманае ў Польшчы, дае значна больш шырокае поле дзейнасці і ў самой Паспалітай, і ў краінах Еўрапейскага Звязу.

Чарговы прыліў душэўнай сублімацыі ўзнік 7 красавіка, калі ў Варшаве панавала агульная атмасфера яднання і клопату за будучае краіны. Гэта быў дзень выбараў у органы мясцовага самакіравання. Менавіта САМАкіравання, а не як у Беларусі – органаў паднявольнай вертыкалі.

Улады польскай сталіцы абяцалі святочны дзень, і ён сапраўды атрымаўся. У Варшаве зноў пераканальна перамог цяперашні прэзідэнт (як называюць у Польшчы кіраўнікоў мегаполісаў) сталіцы Рафал Тшаскоўскі. Улады паклапаціліся, каб прыход на выбарчыя ўчасткі быў не абавязалаўкай, а сапраўдным волевыяўленнем.

Каб узмацніць адчуванне вольнасці жыцця ў дэмакратычнай краіне, зрабілі агульнапольскі бясплатны праезд у гарадскім транспарце. Аргумент для тых, хто будзе галасаваць? Несумненна. І гэта ж не першы раз. На мінулагодніх парламенцкіх выбарах было тое ж. Ты можаш задарма ехаць у транспарце і калі кіруешся на выбарчы ўчастак, і калі проста едзеш у горад на шпацыр.

Сустрэча мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага з жыхарамі гораду каля станцыі метро «Кабаты». 7 кастрычніка стала вядома, што Рафал Тшаскоўскі перамог у гонцы за пасаду прэзідэнта сталіцы. Варшава, Польшча. 4 красавіка 2024 года.
Фота: Michal Zebrowski / East News

Зрабіць так вырашыў, напрыклад, сам прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі. Альбо ў Кракаве тамтэйшы кіраўнік Яцэк Майхроўскі. Ці Яцэк Яськовяк, які ўзначальвае гарадскую адміністрацыю Познані ўжо 10 гадоў і цяпер быў яўным лідарам. Рашэнні прымалі менавіта прэзідэнты гэтых вялікіх гарадоў. Кіраўнік дзяржавы Анджэй Дуда ў гэтым нават не браў удзелу.

А калі ў Беларусі быў бясплатны праезд для ўсіх? Правільна: ніколі! На Дзень без аўтамабіля і тое думалі не пра клімат на планеце, а каб не праскочыў задарма ў метро той, хто ўласна і не мае аўтамабіля.

Ведаеце, мне згадаўся студзень 2024 года, калі, акрэдытаваўшыся на чэмпіянат Еўропы па гандболе сярод мужчынскіх камандаў, я ўпершыню наведаў Берлін і стаўся сведкам сапраўднага нацыянальнага яднання фарэрцаў. Дэбютантаў кантынентальнага першынства – нацыянальную каманду Фарэрскіх Астравоў – за амаль 1700 кіламетраў прыехалі падтрымаць 5000 заўзятараў!

Як сказаў фарэрскі гандбаліст Олі Мітун, гэта 10 % насельніцтва краіны. Неймаверна! І каманда дамаглася фантастычнай нічыёй у двубоі з самою зборнаю Нарвегіі. Затое ў нас, падумалася мне адразу, вуліцы чыстыя і палі засеяныя.

Не ведаю, на Фарэрах, не быў, але і ў Нямеччыне палі засеяныя, а вуліцы – як дзе. Дый метро старэнькае, цёмнае. Але ж ці гэта хоць неяк уплывае на годны ўзровень жыцця?

У канцы яшчэ крыху пра спорт. Увечары 7 красавіка ў Варшаве быў футбол, матч нацыянальнага чэмпіянату паміж віцэ-чэмпіёнам краіны,  мясцовай «Legia», і найбліжэйшымі беларускімі суседзямі – беластоцкай «Jagiellonia», якая пасля двух запар срэбных сезонаў у 2017 і 2018 гадах, але фінішу толькі 14-й летась, рэальна прэтэндуе на першы ў яе гісторыі тытул, лідаруючы ў польскай «Экстраклясе». 30-тысячная арэна «Legia» – бітком. Заўзятары ні на секунду не перапыняюць спеваў і крычалак. Атмасфера заварожвае. У выніку – нічыя, 1:1, і барацьба за чэмпіёнства толькі абвастраецца.

У гэты ж дзень у Менску чэмпіён Беларусі, мясцовае «Дынама», прымаў наваполацкі «Нафтан». Таксама нічыя, 2:2. На 5-тысячным стадыёне – максімум 2,5 тысячы заўзятараў. І амаль цішыня! Толькі рэхам раздаюцца трэнерскія каманды, а гульцы не саромеюцца смачна вылаяцца матам, калі балюча.

Пару тыдняў таму Лукашэнка ўсцяж выхваляўся перад сагнанымі жыхарамі Горадні. Маўляў, людзі, якія з’ехалі за мяжу, «зубок вылекаваць» едуць у Беларусь, «танна падлячыцца». Хаця гэта звычайная практыка ўва ўсім свеце. Людзі нават на іншыя кантыненты пералятаюць, каб скарыстацца больш таннаю медычнаю дапамогаю. Пры гэтым яны цалкам аплочваюць паслугі, везучы грошы, валюту, папаўняючы бюджэты тых краінаў.

Але што з Лукашэнкі возьмеш? Ён гадамі вярзе лухту, і гэта з’ядаецца народам. Гора-кіраўнік пераконваў гледачоў, што яны плоцяць падаткі, а хтосьці карыстаецца гэтым і ледзь не бясплатна лекуецца. Добра, калі людзі, якія сабраліся, слухалі Лукашэнку фонам, альбо тое, што ён казаў, у адно вуха ўваходзіла, а з другога выходзіла. А калі ўспрымалі ўсур’ёз? Адзінае, што было праўдаю з ягонай прамовы ў лесе, – што «нікому нашыя беларускія рублі не патрэбныя», гэта ж не долары.

«Мы яшчэ не дасягнулі такой якасці беларускага рубля, – прызнаваўся Лукашэнка. – І, напэўна, не дасягнем. Няма той магутнасці, няма такой гістарычнай мінуўшчыны».

Але пры гэтым правадыр абавязкова, як звычайна, адзначыў сябе: «Мы пайшлі своеасаблівым шляхам… і бачым, што не памыліліся». Праўда, тое, што «бачыць» рэжым і што бачаць, калі кпяць з яго ўва ўсім свеце, – безумоўна, дзве вялізныя розніцы.

Вось у чым праблема: нацыя гібее, а Лукашэнка сядзіць. Упарта сядзіць! І апускае нашую Радзіму ўсё ніжэй.

Відаць, і справа аднаўлення краіны будзе належаць тым, хто ўсё гэта слухае, ківае, пагаджаецца ды паслухмяна абірае такіх жа недалёкіх і нягеглых кіраўнікоў, якім бы толькі дзень прастаяць і ноч пратрымацца.

Разбор
У Беларусі фармуецца УНС. Топ-7 простых пытанняў пра новы дзяржаўны орган
2024.04.16 06:00

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў