«Раблю сваю працу і ўсім палітыкам задаю нязручныя пытанні»

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў напісаў ліст. Выканальніку абавязкаў дырэктара нашага тэлеканалу Аляксею Дзікавіцкаму. Піша, што ў часе эфіру «Студыі Белсат» 26 сакавіка я, вядоўца таго эфіру, агучыў памылковую інфармацыю.

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Цытую ліст, у якім цытуюцца нібыта мае словы: «кіраўніцтва Каардынацыйнай Рады атрымлівае фінансавае ўзнагароджанне за сваю дзейнасць». Толькі вось у тым эфіры мае словы гучалі інакш: «Але ўсё ж такі кіраўніцтва займае пасады не бясплатна, не на валанцёрскіх асновах».

Пагадзіцеся, гэта крышку іншае ад таго, што піша Андрэй Ягораў. Я не кажу, што яны атрымліваюць заробак; не кажу, што атрымліваюць «фінансавае ўзнагароджанне за сваю дзейнасць»; а мае словы – тое, што, знаходзячыся на пасадах, кіраўнікі маюць пэўныя магчымасці: сустрэчаў, падарожжаў, удзелаў у замежных мерапрыемствах, здабыванні сродкаў на існаванне структуры. Ці гэта не так?

Спадар Ягораў жа заклікае прызнаць памылку ў нашым эфіры. Калі так заклікае, – называю гэта памылкай. Таксама называю маёй памылкай тое, што не запытаў, з якіх сродкаў аплачваюцца пералёты і гатэлі кіраўніцтва Каардынацыйнай рады. Яшчэ памылка – не запытаць, з чаго жыве кіраўніцтва КР, і памылка – не запытаць, якім правам пасля сканчэнне тэрміну паўнамоцтваў рада працягвае існаваць. Шмат памылак.

Усе можна выправіць, калі б спадар Ягораў знайшоў урэшце час прыйсці ў студыю і адказаць на ўсе пытанні. Тым больш, што мы яго запрашалі мноства разоў: 15 снежня, 18 снежня, 19 снежня, 16 студзеня, 2 лютага, 6 лютага, 9 лютага, 26 лютага, 26 сакавіка, 2 красавіка – аднак ніводнага разу ў спікера не знайшлося магчымасці быць у жывым эфіры.

Яшчэ ў лісце да майго кіраўніка спадар Ягораў зазначае, што я, цытую: «рэгулярна тэндэнцыйна асвятляю падзеі ў Каардынацыйнай Радзе, выстаўляючы кіраўніцтва выключна ў негатыўным святле». А вось гэта ўжо маніпуляцыя.

Усяго толькі раблю сваю працу і ўсім палітыкам задаю нязручныя пытанні.

Ліст да выканальніка абавязкаў «Белсату» і гэтыя закіды лічу спробай аказаць на мяне ціск і перашкодзіць незалежнай журналісцкай дзейнасці. Таму дэкларую, што і надалей буду задаваць палітыкам нязручныя пытанні. І нават тысяча такіх лістоў мяне не спыняць.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў