Новы галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі прыняў рашэнне вывесці ўкраінскія войскі з Аўдзееўкі. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Зыходзячы з аператыўнай абстаноўкі, якая склалася вакол Аўдзееўкі, каб пазбегнуць акружэння і дзеля захавання жыцця і здароўя вайскоўцаў, прыняў рашэнне аб вывадзе нашых падраздзяленняў з гораду і пераходзе да абароны на больш выгадных межах. Нашыя жаўнеры годна выканалі свой воінскі абавязак, зрабілі ўсё магчымае для знішчэння лепшых расейскіх воінскіх частак, нанеслі ворагу значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы», – распавёў Сырскі.
Цяпер прымаюцца меры для стабілізацыі абстаноўкі і ўтрымання занятых пазіцыяў.
«Жыццё вайскоўцаў – самая высокая каштоўнасць. Аўдзееўку мы ўсё роўна вернем. Слава Украіне!», – рэзюмаваў галоўнакамандуючы.
Украінскія сілы, згодна з атрыманым распараджэннем, выйшлі з Аўдзееўкі на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі, паведаміў камандзір аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі. Паводле ягоных словаў, атачэння ўкраінскіх сілаў не дапусцілі, асабісты склад выведзены.
«У сітуацыі, калі вораг наступае па трупах сваіх жа салдатаў з перавагай снарадаў дзесяць да аднаго, пад пастаяннымі бамбаваннямі – гэта адзінае правільнае рашэнне», – зазначыў Тарнаўскі.
Баі за Аўдзееўку, якая знаходзіцца ў 10 кіламетрах на паўночны захад ад Данецку, вяліся з кастрычніка 2023 года. Брытанская выведка паведамляла, што Расея, падчас спробаў захапіць горад, страціла не менш за 400 БМП і іншай цяжкой тэхнікі, а таксама вялізную колькасць вайскоўцаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu