Расейцы разразаюць Аўдзееўку на часткі і спрабуюць атачыць. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 722-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 15 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты рыхтуюць артылерыю для абстрэлу расейскіх пазіцый у Данецкай вобласці, Украіна. 14 лютага 2024 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці Узброеныя сілы РФ працягваюць атакаваць каля населеных пунктаў Сынькоўка і Іванаўка, але лінія фронту застаецца нязменнай.

У сваю чаргу ўкраінскія вайскоўцы контратакуюць каля Табаеўкі, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі – пакуль таксама безвынікова.

На суседнім ліманскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на так званым торскім выступе на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля населеных пунктаў Дзіброва і Белагораўка на Луганшчыне.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што на першым участку расейцы наступалі калонай цяжкай тэхнікі ў бок сяла Ямалаўка, але панеслі істотныя страты ды адступілі.

Пры гэтым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхным вайскоўцам усё ж удалося палепшыць сваё становішча па пярэднім краі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што каля Белагораўкі баі маюць сустрэчны характар.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейскія вайскоўцы атакавалі каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка, імкнучыся выйсці да суседняга гораду Часаў Яр – паўсюль сілы абароны краіны ўтрымалі свае пазіцыі.

Тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што пры гэтым самыя ЗСУ вярнулі шэраг раней страчаных пазіцыяў каля Багданаўкі.

У Мінабароны РФ паведамляюць, што таксама ўкраінцы атакавалі каля сёлаў Парасковіеўка, Іванаўскае, Клішчыеўка, Курдзюмаўка і Ленінскае, што ўказвае на актыўную абарону з боку Збройных сілаў. Між тым на гэтых участках зменаў лініі фронту не фіксуецца.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва войскаў РФ, а таксама найбольшая інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў з іхнага боку фіксуюцца ў ваколіцах Данецку.

На аўдзееўскім кірунку, па словах украінскага камандавання, толькі за апошнія содні сілы абароны краіны адбілі не менш за 34 атакі праціўніка ў ваколіцах аднайменнага гораду, а таксама яшчэ шэсць – каля сёлаў Севернае і Невельскае.

Між тым іншыя крыніцы паведамляюць, што УС РФ паступова прасоўваюцца на кірунку, і сітуацыя для ЗСУ рабіцца крытычнай.

Так, аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што расейцы прасунуліся на поўначы і поўдні Аўдзееўкі

Сямён Пегаў піша, што на першым участку перадавыя атрады войскаў РФ прасунуліся на адлегласць да паўкіламетра на захад ад раней перарэзанага Індустрыяльнага праспекту (галоўная дарога паміж рознымі часткамі гораду). У гэты ж час на поўдні яны амаль атачылі ўмацаваны раён абароны ЗСУ «Зеніт» – ваенкор сцвярджае, што ўкраінцы маюць з ім сувязь толькі цераз невялікі ўчастак шырынёй каля 800 метраў.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што цяпер УС РФ засяродзіліся на расшырэнні зоны кантролю вакол участкаў, дзе раней ім удалося прарваць абарону праціўніка. У прыватнасці, яны прасунуліся з поўдня ад Аўдзееўкага кар’еру да вуліцы Шастакова.

На мар’інскім кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць каля населеных пунктаў Краснагораўка, Пабеда і Новаміхайлаўка.

Паведамляецца, што ў Новаміхайлаўцы расейцы прасунуліся па вуліцы Ціміразева, занялі частку прамысловай зоны, а таксама ўсталявалі кантроль над мясцовымі могілкамі.

Пры гэтым «Рыбарь» адзначае, што далейшы рух ускладняецца наяўнасцю капітальных пабудоваў у цэнтральнай частцы сяла, а таксама перавагай ЗСУ ў БпЛА.

Акрамя гэтага на мар’інскім кірунку войскі РФ занялі новыя пазіцыі ў лесапасадках з поўдня ад Новаміхайлаўкі.

Самыя вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону на кірунку, гавораць, што цяпер расейцы змяшчаюць вектар сваіх атак на сяло Пабеда, якое імкнуцца абысці з поўначы і поўдня.

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

Больш спакойнай для ЗСУ выглядае сітуацыя на поўдні краіны.

На бярдзянскім кірунку расейцы атакавалі з поўдня ад сяла Залатая Ніва, але прасунуцца не здолелі.

На суседнім мелітопальскім кірунку баі па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці: тут вядома пра тры няўдалыя атакі войскаў РФ каля сёлаў Вэрбовае і Работына.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў: тут Генштаб ЗСУ фіксуе сем няўдалых штурмаў сваіх пазіцыяў з боку праціўніка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў