Ціханоўская правяла перамовы з Шольцам на канферэнцыі ў Мюнхене


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская правяла перамовы з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і сустрэчы з шэрагам еўрапейскіх і сусветных палітыкаў на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба прэзідэнткі.

Святлана Ціханоўская і Оляф Шольц. Фота прадстаўлена Офісам абранай прэзідэнткі Беларусі.

У Мюнхене 17 лютага абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская з дэлегацыяй Офісу і Аб’яднанага пераходнага кабінету правялі перамовы з канцлерам Нямечыны Оляфам Шольцам і кіраўніком яго канцылярыі Вольфгангам Шмідтам. Падчас сустрэч бакі абмеркавалі неабходнасць новай скаардынаванай стратэгіі ў абарону беларускай незалежнасці і будучыню бяспекі ў рэгіёне і агульную стратэгію ў Міжмор’і, дзе Беларусь – адзін з ключавых элементаў бяспекі.



Паведамляецца таксама, што на перамовах гаварылі пра канцэпцыі кааліцыі ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Ціханоўская папрасіла Германію стаць адным з лідараў такой кааліцыі, каб выступіць гарантам пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі, вываду расейскіх войскаў, распрацоўку плана адбудовы Беларусі і плана Маршала для нашай краіны.

Святлана Ціханоўская і Жазэп Барэль. Фота прадстаўлена Офісам абранай прэзідэнткі Беларусі.

У сваю чаргу, падчас сустрэчы на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з кіраўніком Еўрапейскай дыпламатыі Жазэпам Барэлем Святлана Ціханоўская заклікала звярнуць увагу на паглынанне Беларусі Расеяй. Было падкрэслена, што пад прыкрыццём вайны, Лукашэнка аддае беларускі суверэнітэт Расеі, і неабходнай рашучая рэакцыя свету.

Падчас сустрэчы з Пінхасам Гольдшмідтам. Фота прадстаўлена Офісам абранай прэзідэнткі Беларусі.

Знакавай стала, таксама сустрэча сустрэча з Пінхасам Гольдшмідтам – прэзідэнтам Канферэнцыі еўрапейскіх равінаў. Ціханоўская і Гольдшміт абмеркавалі сітуацыю з габрэйскай супольнасцю ў Беларусі, а таксама кантакты з Ізраілем. Ціханоўская асудзіла антысеміцкія заявы Лукашэнкі, адзначыла важную ролю яўрэйскай супольнасці ў гісторыі Беларусі. Для Беларусі важна падтрымліваць добрыя адносіны з Ізраілем, таму прэзідэнтка папрасіла Пінхаса Гольдшмідта дапамагчы ў наладжванні кантактаў паміж дэмакратычнай Беларуссю і Ізраілем.

Раней паведамлялася, што з 16 да 18 лютага Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі. Там яна абмяркуе сітуацыю ў рэгіёне і пытанні Беларусі з галоўнымі палітыкамі свету.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў