«Выпадкаў літаральна некалькі». ЦБС заклікае беларусаў, якія пад абаронай у Польшчы, не панікаваць, але быць пільнымі


Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве зафіксаваў «факт перадачы асабістых дадзеных беларусаў, якія маюць дадатковую абарону ў Польшчы, у амбасаду Рэспублікі Беларусь». З такой праблемай да спецыялістаў ЦБС звярнуліся самі беларусы, расказалі «Белсату» у прэс-службе ЦБС.

Беларускі і польскія сцягі на ўрадзе ў горадзе Элк, Польшча. 24 сакавіка 2023 года.
Фота: ЛМ / Белсат

Паведамляецца, што дадзеныя перадалі польскія дзяржорганы, але гаворка не аб Упраўленні па справах замежнікаў.

«Выпадкаў літаральна некалькі. І гэта памылкі асобных чыноўнікаў», – кажуць «Белсату» у прэс-службе ЦБС.

Там расказваюць пра адзін з падобных інцыдэнтаў:

«Спачатку асабістыя дадзеныя жанчыны перадалі ў амбасаду (тады ў яе была гуманітарная віза), а пасля гэтага польскія органы хацелі перадаць у пасольства кантакт яе мужа, які ўжо меў абарону ў Польшчы. Але яна паказала на закон, што так рабіць нельга і абышлося».

Юрыст Вольга Дабравольская напісала скаргу на такія дзеянні польскіх дзяржаўных органаў.

«Яны адбыліся ў сілу няведання закона асобнымі чыноўнікамі. ЦБС заклікае не панікаваць, – піша ЦБС. – Польшча была і застаецца надзейным прытулкам для беларусаў. Калі вы ці вашы блізкія сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй, напішыце нам у Telegram @antoscbs. Гэта дапаможа нам лепш зразумець узніклую праблему».

Тым не менш, інцыдэнт выклікае сур’ёзныя асцярогі, бо парушае прынцыпы прыватнасці і бяспекі грамадзян, якія знаходзяцца пад міжнароднай абаронай, адзначае ЦБС.

«Важна памятаць, што згодна з артыкулам 9 Закона ад 13 чэрвеня 2003 года «аб прадастаўленні замежнікам абароны на тэрыторыі Рэспублікі Польшча» (у рэдакцыі ад 2023 года, пазіцыя 1504), асабістыя дадзеныя не могуць быць перададзены або атрыманы ад субʼектаў, у дачыненні да якіх існуе абгрунтаванае меркаванне ў здзяйсненні пераследаў або магчымага прычынення сурʼёзнай шкоды. У выпадку грамадзян Беларусі такімі субʼектамі зʼяўляюцца ўлады Рэспублікі Беларусь, уключаючы супрацоўнікаў пасольства і консульства», – падводзіць рысу ЦБС.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў