У Беларусі маглі ведаць, што чалавек у Польшчы мяняе правы. Дэталі «перадачы дадзеных»


Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве распавёў, што зафіксаваў «факт перадачы асабістых звестак беларусаў, якія маюць дадатковую абарону ў Польшчы, у амбасаду Рэспублікі Беларусь», але не распавёў падрабязнасці. «Белсат» знайшоў беларуску, якая сутыкнулася з падобнай сітуацыяй. У яе выпадку гэта адбылося пры замене пасведчання кіроўцы. Меркавана, астатнія выпадкі таксама былі звязаныя з гэтым. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота:  av.by

Нагадаем, што ЦБС адзначыў, што выпадкаў было «літаральна некалькі» і гаворкі аб наўмыснай перадачы дадзеных беларусаў не ідзе.

Ганна (імя зменена) з мужам пераехалі ў Польшчу, паколькі беглі ад рэпрэсій у Беларусі. У Ганны быў гуманітарны від на жыхарства, а ў яе мужа – дадатковая абарона.

«Гэта было ў 2022 годзе. Я мяняла правы кіроўцы ў ужондзе. У мяне тады была гуманітарная віза. Мне сказалі, што я павінна прынесці ім даведку з амбасады Беларусі, каб пацвердзіць, што ў мяне ёсць правы. Я спрабавала растлумачыць, што не магу ісці ў амбасаду. Мне адказалі, што яна ні на што не ўплывае і без даведкі ніхто мне нічога не памяняе.

У выніку пагадзіліся прыняць дакументы і сказалі, што запыт зробяць самі. Паведамілі, што зрабілі запыт, але ім не адказвае амбасада, таму мая справа прыпыненая», – кажа Ганна.

Яна чакала адказу каля пяці месяцаў, але безвынікова. Беларуска кажа, што тады пракансультавалася з Упраўленнем па справах замежнікаў, дзе ёй сказалі, што ў яе выпадку замяніць правы можна без даведкі ад беларускага боку.

«Я чытала закон аб замежніках, потым кансультавалася. І напісала ва ўжонд доўгі ліст са спасылкамі на закон і напісала, што яны выдалі маё месцазнаходжанне. Мне нічога не адказалі на гэты ліст. Праз тры дні прыйшоў ліст, што я магу ісці забіраць мае правы.

Пазней мы хадзілі ва ўжонд мяняць правы мужу, у яго ўжо была дадатковая абарона. Мы хадзілі ў гэты ж ужонд. І яго спрабавалі адправіць па гэтую даведку ў амбасаду. Я нагадала пра закон і ў яго прынялі дакументы. Праз чатыры дні ў яго былі правы, гэта значыць яны не сталі запыт рабіць», – кажа Ганна.

Як паведамляецца на сайце Амбасады Беларусі ў Польшчы, для атрымання даведкі аб тым, што ў чалавека ў Беларусі было пасведчанне кіроўцы патрэбна даслаць у амбасаду ксеракопію  дакументу, які сведчыць асобу (старонкі з персанальнымі дадзенымі на рускай/беларускай мовах і ў лацінскай транслітарацыі, з адзнакай аб рэгістрацыі ў Беларусі або аб пастаноўцы на пастаянны консульскі ўлік), ксеракопію пасведчання кіроўцы, пацверджанне аплаты консульскага збору і заяву. Беларуская амбасада рэкамендуе «указваць нумар тэлефона альбо адрас электроннай пошты для магчымай сувязі», але гэта не абавязкова.

Каментар
«Выпадкаў літаральна некалькі». ЦБС заклікае беларусаў, якія пад абаронай у Польшчы, не панікаваць, але быць пільнымі
2024.04.16 19:37

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў