Кіраўніца Саюзу палякаў Беларусі паведаміла пра сустрэчу з Анджэем Пачобутам у калоніі


Кіраўніца Саюзу палякаў Беларусі Анджэліка Борыс паведаміла пра спатканне з палітвязнем Анджэем Пачобутам у наваполацкай калоніі. Яна апавяла пра гэта прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду на сустрэчы ў Варшаве 15 красавіка, інфармуе канцылярыя польскага лідара.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і кіраўніца Саюзу палякаў Беларусі Анджэліка Борыс. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Przemysław Keler / KPRP

Кіраўнік Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся ў прэзідэнцкім палацы з лідарамі Саюзу палякаў Беларусі – Анджэлікай Борыс і Марэкам Занеўскім.

«Спадарыня Борыс паведаміла пра спатканне з Анджэем Пачобутам, які ў зняволенні ў наваполацкай калоніі, сустрэча адбылася са згоды Аляксандра Лукашэнкі», – інфармуюць у канцылярыі польскага прэзідэнта.

Калі адбылася сустрэча Борыс з Пачобутам, не ўдакладняецца. Таксама невядомыя акалічнасці гэтага спаткання.

Сустрэча прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з лідарамі Саюзу палякаў Беларусі. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2024 года.
Фота: Przemysław Keler / KPRP

Анджэліку Борыс і Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года. Летась у красавіку Борыс вызвалілі, закрыўшы справу супраць яе. Актывістку абвінавачвалі ў «распальванні варожасці», і за два гады следства не знайшло прыкметаў злачынства.

Журналіст, сябра Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут адбывае 8-гадовы тэрмін паводле абвінавачвання ў «распальванні варожасці» і «закліках да санкцыяў». Такі вырак агучыў суддзя Гарадзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык. Пазней суддзя Вярхоўнага Суда Ігар Любавіцкі адхіліў апеляцыйную скаргу палітвязня.

Гісторыі
Фігура дзесяцігоддзя ў Польшчы, «тэрарыст» на радзіме. Журналіст Анджэй Пачобут – тры гады за кратамі
2024.03.25 11:31

За кратамі Пачобута кідаюць то ў штрафны ізалятар, то ў памяшканне камернага тыпу.

Сёння палітвязню споўніўся 51 год.

Агляд
Польшча заклікае да дыялогу, але Менск абвінавачвае Варшаву ў псаванні стасункаў
2023.04.14 16:50

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў