Расейцы атачаюць апошнія рубяжы абароны ЗСУ ў Аўдзееўцы. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 723-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 лютага чытайце ў нашым аглядзе.

вайсковая тэхніка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці Узброеныя сілы РФ працягнулі наступальныя дзеянні ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Іванаўка. Ва ўкраінскім камандаванні паведамленні, што пакуль сілам абароны краіны ўдаецца стрымліваць праціўніка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў, што таксама на купянскім кірунку ідуць баі каля сяла Табаеўка, але там яны носяць сустрэчны характар. Зменаў па лініі фронту не адзначаецца.

На суседнім ліманскім кірунку атакі расейцаў фіксуюцца на поўначы Данецкай вобласці на так званым торскім выступе з усходу ад сёлаў Церны і Ямпалаўка, а таксама ніжэй па фронце ў ваколіцах Вясёлага (за ракой Северскі Данец).

Акрамя гэтага расейцы наступаюць на Луганшчыне, імкнучыся выйсці да Белагораўкі. Тут баі лакалізуюцца ў прамысловай зоне з усходу ад самога сяла. Пегаў гаворыць, што ўкраінскія вайскоўцы трымаюць манеўраную абарону – робяць тактычныя адыходы, пасля чаго контратакуюць.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейскія вайскоўцы цягам апошніх содняў не менш за 10 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка (на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру), але поспеху не дасягнулі.

Самыя вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону ў ваколіцах Бахмуту, гавораць, што расейцам удалося праціснуцца да першых будынкаў сяла Іванаўскае (на паўднёвым захадзе ад гораду), але неўзабаве ўкраінцы вярнулі пазіцыі, а таксама крыху адкінулі расейцаў з іншых участкаў.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Крытычнай для ЗСУ становіцца сітуацыя на аўдзееўскім кірунку, дзе войскі РФ паступова атачаюць аднайменны горад.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што на паўднёвым захадзе расейцы занялі ўмацаваны раён абароны ЗСУ «Зеніт», які напярэдадні быў аточаны з трох бакоў. Мяркуецца, што адсюль УС РФ паспрабую развіць поспех у бок іншага раёну абароны – «Хімік».

Акрамя гэтага, паводле аналітыкаў, расейцы занялі Данецкую фільтравальную станцыю (на ўсходзе ад гораду) і прасунуліся каля Невельскага (на паўднёвым захадзе  ад Аўдзееўкі).

Пегаў піша аб поспехах расейцаў на поўдні Аўдзееўкі, дзе расейцы амаль цалкам занялі вуліцы Спартыўная, Саборная і Чарнышэўскага ў прыватным сектары.

Таксама УС РФ развілі ранейшы поспех на поўначы, прасунуўшыся далей на захад ад Індустрыяльнага праспекту ў бок сяла Ластачкіна, да якога цяпер іх аддзяляе менш за 1,5 кіламетра. Адначасова з гэтым войскі РФ занялі новыя пазіцыі ў лесапаласе на паўночным захадзе ад Аўдзееўкі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што расейцы адразу не дайшлі да сяла Ластачкіна, бо раней ЗСУ ўдалося знішчыць іхную калону цяжкай тэхнікі. Гэтая акалічнасць, на думку крыніцы, дала сілам абароны каля трох дзён для ўмацавання рубяжоў абароны і мініравання ваколіцаў.

Агулам, на момант публікацыі матэрыялу, падкантрольная ўкраінцам тэрыторыя Аўдзееўкі аказалася разрэзанай на дзве часткі, у якіх знаходзяцца апошнія ўмацаваныя рубяжы абароны – коксахімічны завод і шматпавярховы раён гораду, – сувязь з якімі ажыццяўляецца цераз другасныя дарогі.

Вайскоўцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ мяркуюць, што расейцы не будуць штурмаваць Аўдзееўскі коксахімічны завод, а замест гэтага паспрабуюць атачыць яго захаду, прасунуўшыся адначасова з ваколіцаў сёлаў Стэпавое і Ластачкіна.

Імаверна, такім жа чынам расейцы паступяць і на другім участку абароны ЗСУ, дзе яны будуць атачаць горад па лініі населеных пунктаў Севернае – Ластачкіна. Шырыня рубяжоў абароны ўкраінцаў на гэтым участку фронту складае каля кіламетра.

Моцны ціск расейскіх вайскоўцаў фіксуецца і на суседнім мар’інскім кірунку: украінскае камандаванне заяўляе пра 34 адбітыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка. 

Бярдзянскі, мелітопальскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На поўдні Данецкай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы тройчы атакавалі каля сёлаў Прачыстаўка і Старамаёрскае, але поспеху не дасягнулі.

У Запарожскай вобласці працягваюцца сустрэчныя баі на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў каля сёлаў Вэрбовае, Навапрокапаўка і Работына – зменаў не фіксуецца.

У Херсонскай вобласці расейцы прынамсі тры разы няўдала штурмавалі пазіцыі сілаў абароны на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Аналітыка
Расея атакуе, але выйсці з пазіцыйнага тупіка не можа. Тлумачым, што адбываецца на фронце
2023.12.27 19:15

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў