Расея атакуе, але выйсці з пазіцыйнага тупіка не можа. Тлумачым, што адбываецца на фронце


Расейская армія актывізавалася амаль на ўсіх кірунках і фактычна захапіла горад Мар’інка Данецкай вобласці. Аднак ніякіх перадумоваў для больш шырокага прарыву ўкраінскага фронту цяпер няма і бліжэйшым часам не прадбачыцца. Стратэгічны пазіцыйны тупік у вайне захоўваецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камандзір 59-й матарызаванай брыгады ЗСУ бачны ў напрамку Мар’інкі, Украіна. 16 снежня 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Увечары 25 снежня міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў пра ўзяцце Мар’інкі, што мусіць дазволіць расейцам «больш эфектыўна абараняць Данецк ад агню ЗСУ» і «выходзіць на шырэйшы аператыўны прастор». Афіцыйна страту паселішча ўкраінскі бок не прызнае, зазначаючы, што жаўнеры ЗСУ яшчэ знаходзяцца ў адміністрацыйных межах Мар’інкі. Аднак фармальная прысутнасць у гэтай лакацыі мала што змяняе, асабліва ўлічваючы той факт, што горад цалкам зруйнаваны.

«Па стане на сёння, нашыя войскі яшчэ знаходзяцца ў паўночнай частцы, нашыя войскі падрыхтавалі абарону і рубяжы па-за гэтым населеным пунктам. Але я магу сказаць, што гэтага паселішча ўжо не існуе», – заявіў 26 снежня галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны.

27 снежня аналітычны праект «DeepState» канстатаваў, што «вораг захапіў руіны гораду Мар’інка» і ўкраінскае войска цяпер рыхтуе новую лінію абароны.

Што азначае захоп Мар’інкі

Расея імкнецца выжаць з акупацыі Мар’інкі максімальны прапагандысцкі эфект, тым больш што гэта першы захоплены ва Украіне горад з часоў бітвы за Бахмут. Шайгу абвесціў пра гэтую падзею асабіста Уладзіміру Пуціну перад пачаткам саміту ЕАЭС (прэзідэнт РФ яўна хацеў пахваліцца сваімі дасягненнямі перад іншымі еўразійскімі лідарамі). Пуцін паабяцаў шчыра ўзнагародзіць удзельнікаў штурму Мар’інкі, а прапагандысты пачалі праслаўляць поспехі расейскага войска.

Аднак насамрэч казаць пра вялікую перамогу Расеі не выпадае. Мар’інка – гэта мястэчка, якое знаходзіцца на лініі судакранання з 2014 года і перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі там пражывала ўсяго 9,3 тысячы чалавек. Пасля лютага 2022 года Мар’інка стала месцам разлютаваных баёў, якія прывялі да поўнага знішчэння гораду. Восенню 2023 года атакі расейцаў на гэтым кірунку актывізаваліся.

Расейскі незалежны вайсковы эксперт Ян Матвееў прааналізаваў мапы баявых дзеянняў і прыйшоў да высновы, што насамрэч поспех пуцінскай арміі вылічваецца літаральна ў сотнях метраў. З кастрычніка, за два месяцы інтэнсіўных баёў, войска агрэсара прасунулася ўсяго на 1 км па руінах Мар’інкі (а агулам з лютага 2022-га – на 3 км). «У рэальнасці захапілі 200 метраў развалін, што засталіся», – пракаментаваў Матвееў апошнія пераможныя данясенні Шайгу. На ягоную думку, ніякіх значных тактычных магчымасцяў акупацыя мястэчка для расейцаў не адкрывае.

«Захоп Мар’інкі – выключна прапагандысцкая гісторыя. Каб хадзіць і тыкаць – «Ага, глядзіце, мы Марʼінку ўзялі, і што вы зараз скажаце?» – рэзюмуе ён.

Да аналагічных высноваў прыйшлі аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW).

«Імаверны захоп Мар’інкі дае расейцам абмежаваную тактычную выгаду і не прадвесціць нейкага значнага ў аператыўным плане прасоўвання… Невялікае і цалкам разбуранае паселішча не дае расейскім войскам надзейнага аператыўнага плацдарму для далейшых наступальных дзеянняў», – падкрэсліваюць у ISW.

Эксперты зазначаюць, што ўкраінцы мелі час, каб добра падрыхтаваць навакольныя населеныя пункты, таму няма ніякіх падставаў казаць пра тое, што прасоўванне расейцаў у далейшым будзе больш хуткім і менш цяжкім, чым падчас заваявання Мар’інкі.

Разам з тым, акупацыя Мар’інкі, імаверна, мусіць аблегчыць аперацыю РФ супраць пасёлку Наваміхайлаўка.

Сітуацыя каля Мар’інкі, Украіна. 27 снежня 2023 года. Мапа: deepstatemap.live

Ян Матвееў лічыць гэтае паселішча больш важным у тактычным плане, бо кантроль за ім дасць расейцам магчымасць «зрэзаць» увесь выступ на гэтым участку фронту. Па звестках «DeepState», гэты пасёлак, дзе перад вайной пражывала 1,4 тысячы чалавек, расейцы інтэнсіўна штурмуюць ужо 2,5 месяцы.

Актывізацыя па ўсіх кірунках

«Расея дасягае невялікіх поспехаў на полі бою, узмацняючы ціск на Украіну», – з такім загалоўкам выйшаў артыкул «The New York Times» за два дні да заявы Шайгу пра захоп Мар’інкі. Украіна фактычна яшчэ з лістапада перайшла на фронце да абароны, канчаткова згарнуўшы свае наступальныя аперацыі. У камандаванні ЗСУ наракаюць, што скарачэнне наземных аперацыяў і карэктаванне задачаў абумоўлена збоем у атрыманні заходняй дапамогі – генералы кажуць пра недахоп артылерыйскіх снарадаў. Праўда, прызнаюць, што і ў расейцаў у гэтым сэнсе не ўсё добра. Тым не менш, цяпер агрэсар наступае адразу на шэрагу кірункаў.

Камандуючы Сухапутнымі войскам ЗСУ Аляксандр Сырскі па стане на 27 снежня паведамляў пра інтэнсіўныя наступальныя дзеянні расейскіх войскаў на Усходзе: ліманскім, сіверскім, купянскім і бахмуцкім кірунках. На ліманскім кірунку агрэсар імкнецца пашырыць торскі выступ, на сіверскім – развіваць наступ каля Салядару і Сіверску, на бахмуцкім – вярнуць свае пазіцыі ў раёне Клішчэеўкі, Андрэеўкі і Курдзюмаўкі, на купянскім – заблакаваць Купянск. Сырскі сцвярджае, што ўкраінцы «стрымліваюць прасоўванне ворага і наносяць яму значныя страты».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы 59-й матарызаванай брыгады ЗСУ рыхтуюцца да артылерыйскага абстрэлу расейскіх пазіцый на перадавой у Данецкай вобласці, Украіна. 16 снежня 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Ці ёсць змены ў лініі фронту генерал не ўдакладняе, аднак падобна на тое, што дзе-нідзе расейскія вайскоўцы здолелі нязначна адсунуць пазіцыі ўкраінцаў. Conflict Intelligence Team сцвярджае, што 22-25 снежня агрэсар прасунуўся на 300-500 м углыб сяла Багданаўка пад Бахмутам (Данецкая вобласць). Нязначнае прасоўванне ворага на бахмуцкім кірунку прызнаюць і аналітыкі «DeepState». А, напрыклад, украінскі вайсковец Станіслаў Бунятаў, які вядзе блог «Говорять Снайпер», паведамляў 26 снежня пра страту двух пазіцыяў на паўднёвым захадзе ад Крэміннай (Луганская вобласць).

Камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі назваў сітуацыю на паўднёвым напрамку «напружана складанай». «Вораг актывізаваў свае дзеянні амаль па ўсёй лініі баявога судакранання», – падкрэсліў ён. Паводле Тарнаўскага, расейцы хочуць паспець дасягнуць поспеху да канца 2023 году. Як мінімум – узяць Аўдзееўку (яшчэ адзін горад, які з’яўляецца прыфрантавым з 2014 году).

«Больш амбітная мэта – гэта выхад на адміністрацыйныя межы Данецкай, Луганскай абласцей і захоп тэрыторыяў на ўчастках, страчаных расейцамі падчас вядзення нашых наступальных дзеянняў на Запарожскай кірунку», – патлумачыў ён.

У апошнім выпадку Тарнаўскі мае на ўвазе сяло Работына, вызваленне якога стала фактычна галоўным тэрытарыяльным дасягненнем Украіны на мелітопальскім кірунку. «DeepState» сцвярджае, што сітуацыя там крытычная: расейцы нарошчваюць артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары, а таксама нядаўна выкарысталі хімічныя рэчывы, што выклікала ў байцоў ЗСУ ванітаванне, галавакружэнне і цяжкасць дыхання.

Праўда, сітуацыя каля Работына не ўпершыню характарызуецца ў падобных змрочных выразах: у пачатку снежня ўкраінцы ледзь не страцілі гэтае паселішча падчас разлютаваных баёў, але ўсё-ткі адкінулі ворага.

Аўдзееўка можа быць страчана

Падобна на тое, што Аўдзееўка застаецца цяпер найбольш гарачым участкам фронту. Тут масіраванае наступленне пачалося яшчэ 10 кастрычніка і суправаджалася вялізарнымі стратамі з боку РФ. Сваякі расейскіх мабілізаваных наракалі раней, што генералы хацелі паспець узяць Аўдзееўку да «прамой лініі» Пуціна (не атрымалася), або да Новага году. Таму ў акопы гналі нават вайскоўцаў з раненнямі сярэдняй і лёгкай цяжкасці. «Муж кажа, яны там па трупах ходзяць, імі проста ўсё завалена», – распавядала журналістам жонка аднаго з расейскіх вайскоўцаў.

Расейцы не пакідаюць надзеі зрэзаць выступ, які ўтвараюць сабой украінскія пазіцыі ў гэтым раёне, і ўзяць Аўдзееўку ў абцугі. На мінулым тыдні ISW канстатаваў нязначнае прасоўванне агрэсара на паўднёвым усходзе і паўночным захадзе ад Аўдзееўкі.

Сітуацыя каля Мар’інкі, Украіна. 27 снежня 2023 года. Мапа: deepstatemap.live

У ЗСУ заяўляюць, што цяпер рэальнай пагрозы акружэння ўкраінскіх сілаў у горадзе няма, аднак адступленне дапускаюць. Валерый Залужны заявіў 26 снежня, што Расея можа за 2-3 месяцы зрабіць з Аўдзееўкай тое ж самае, што раней зрабіла з Бахмутам.

«Калі сілаў будзе недастаткова, то лепш захаваць людзей. Вядома, мы такое рашэнне прымем і захаваем людзей, і потым адваюем», – сказаў Залужны.

Аўдзееўка – значна больш важнае паселішча ў ваенным сэнсе, чым Мар’інка. Галоўны рэдактар «Цензор. нет» і вайсковы эксперт Юры Бутусаў называе Аўдзееўку важным вузлом данецкай агламерацыі, кантроль за якім дазваляе трымаць франтавы рубеж у дзясяткі кіламетраў. «Страта Аўдзееўкі прымусіць нашыя войскі адкаціцца на значную адлегласць, і значна палепшыць аператыўнае становішча акупантаў на Данбасе, ператворыць Пакроўск, Курахава і Мірнаград у франтавыя гарады», – сцвярджае ён.

Выхаду з пазіцыйнага тупіка не бачна

Разам з тым, адстойваць Аўдзееўку любой цаной украінскім вайскоўцам наўрад ці мае сэнс. У выпадку страты гораду фронт будзе адсунуты, але катастрофы не адбудзецца – ніякіх перадумоваў для шырокага прарыву ўсё роўна не існуе. Эксперты ISW лічаць, што на вялікія і імклівыя механізаваныя аперацыі Расея цяпер у прынцыпе не здольная.

З гэтым згодныя эксперты даследчай суполкі Conflict Intelligence Team. «У ходзе цяперашняй акопнай фазы вайны любыя прасоўванні, як правіла, складаюць прыкладна 300-500 м, што можна параўнаць па маштабе з заняткам лесапасадкі. Ніякіх маштабных прарываў і акружэнняў да вясны, хутчэй за ўсё, чакаць не трэба», – падкрэсліваюць аналітыкі.  Далей, мяркуюць у ISW, шмат што будзе залежаць ад паставак вайсковай дапамогі Украіне заходнімі саюзнікамі.

Вайсковыя эксперты, апісваючы сітуацыю на фронце, усё часцей звяртаюцца да паралеляў з Першай сусветнай вайной, дзе арміі былі ўцягнуты ў крывавыя безвыніковыя баі за невялікія лапікі зямлі. На гэтым фоне найбольш дынамічнымі і паспяховымі (для Украіны) застаюцца аперацыі ў паветранай прасторы і на моры. ЗСУ апошнім часам тут прадэманстравалі бліскучыя поспехі. Усяго за тыдзень былі знішчаны 5 расейскіх баявых самалётаў. Тры з іх, знішчальнікі-бамбавальнікі Су-34, былі збіты падчас паветранай засады на паўднёвым фронце. А 26 снежня ў акупаванай Феадосіі ў выніку атакі крылатымі ракетамі быў знішчаны расейскі дэсантны карабель «Навачаркаск».

Аб’ектыў
ЗСУ знішчылі вялікі дэсантны карабель ЧФ Расеі «Новачэркаск»
2023.12.26 20:39

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў