Інстытут вывучэння вайны (ISW), спасылаючыся на геалакацыйныя звесткі, паведамляе, што расейскія войскі перарэзалі апошні шлях з Аўдзееўкі, якім карысталіся Збройныя сілы Украіны ў лагістычных мэтах. Але, паводле прадстаўніка Таўрычнай групы войскаў Аляксандра Тарнаўскага, украінскія вайскоўцы карыстаюцца другаснымі наземнымі лініямі для забеспячэння ЗСУ.
Паводле ISW, расейцы акружаюць Аўдзееўку, але ЗСУ аказваюць жорсткі супраціў.
«Сітуацыя складаная. Вораг складаны. Маем інфармацыю, што супраць нас стаяць сем варожых брыгадаў. Скажу так, гэта больш, чым з нашага боку. Мы паставілі рэкорд знішчэння жывой сілы і варожай тэхнікі за адзін дзень. Але пакуль святкаваць і радавацца асабліва няма чаму, таму што вораг звышскладаны, ён закінуў сюды свае элітныя падраздзяленні.
Гэта можна параўнаць з тым перыядам, калі пад Бахмутам яшчэ стаялі вагнэраўцы, пакуль мы іх адтуль не выбілі, але, мабыць, нават складаней», – каментаваў сітуацыю «Украінскай праўдзе» камандзір падраздзялення «Terra» ў 3-й ДШБ ЗСУ Мікалай Абдула Волахаў.
У чацвер 15 лютага маніторынгавы праект «DeepState» абнаўляў мапу баявых дзеянняў. Паводле «DeepState», украінскія вайскоўцы адышлі з пазіцыяў у раёне «Зеніту» ў Аўдзееўцы. Эксперты адзначалі, што гэтая пазіцыя была ў атачэнні і адступіць удалося не ўсім.
Камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкай войскаў «Таўрыя» генерал Аляксандр Тарнаўскі паведамляў уначы з 15 на 16 лютага, што сітуацыя ў Аўдзееўцы была складаная, але кантраляваная. Паводле яго, адбывалася планавае ўзмацненне падраздзяленняў і ажыццяўляліся манеўр войскаў на кірунках, на якіх пагражаў вораг. Выдаваліся дадатковыя рэсурсы боепрыпасаў.
У ISW, між тым, папярэджвалі, што «расейскія войскі могуць завяршыць акружэнне некаторых украінскіх падраздзяленняў, калі ўкраінскія войскі не адыдуць або не правядуць паспяховых контратак».
Зміцер Міраш belsat.eu