У Горадні пачынаюць судзіць палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута


У Горадні пачынаецца судовы працэс над вядомым гарадзенскім журналістам і сябрам Саюзу палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам. Працэс пройдзе ў закрытым рэжыме. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

У Гарадзенскім абласным судзе 16 студзеня пачынаецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні вядомага гарадзенскага журналіста і сябра Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута. Да таго разгляд справы неаднаразова пераносілі, прызначалі працэс спачатку на 28 лістапада, затым на 9 студзеня і ў рэшце – на 16 студзеня 2023 года. Судовы працэс будзе весці так званы суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Як стала вядома, судовы працэс над Анджэем Пачобутам будзе праходзіць у закрытым рэжыме. На гэтым настаяла пракуратура. На працэс спачатку пусцілі толькі найбліжэйшых сваякоў і некалькіх актывістаў. Пазней усіх выставілі.



Палітзняволенага журналіста абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці або разладу (ч. 3 арт. 130 КК).

Анджэй Пачобут на судзе ў Горадні, Беларусь. 16 студзеня 2022 года.
Фота: belta.by

Нагадаем, што Анджэй Пачобут застаецца за кратамі ўжо год і дзесяць месяцаў. За гэты час ён пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. Адчуў на сабе ціск з боку адміністрацыі, сярод іншага – блакаванне ліставання і наогул якой-небудзь інфармацыі. Яму прапаноўвалі выезд за мяжу ў абмен на вызваленне, некалькі разоў – напісаць хадайніцтва аб памілаванні, аднак журналіст адмовіўся. Цяпер яму пагражае да 12 гадоў зняволення.

Сёння на сайце «Белсату» апублікаваныя «правілы жыцця» Пачобута, узятыя з урыўкаў ягоных лістоў з-за кратаў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў