Стала вядома, у чым абвінавачваюць зорку «Што? Дзе? Калі?» Фёдара Шведава


15 красавіка Гарадзенскі абласны суд пачаў разгляд справы зоркі «Што? Дзе? Калі?» Фёдара Шведава. Яго судзяць за данаты. Прапагандысцкае выданне «СБ. Беларусь сегодня» раскрыла сумы, якія пераводзіў Шведаў «экстрэмісцкім» арганізацыям.

Фёдар Шведаў у залі суда.
Фота: СБ. Беларусь сегодня

48-гадовага Фёдара Шведава абвінавачваюць паводле артыкула 361-2 Крымінальнага кодэксу («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»).

Так, згодна з абвінавачаннем, у 2020–2021 гадах ён перавёў грошы арганізацыі «Сумленныя людзі» (52,88 рубля, або 20 долараў па курсе), «Беларускай Радзе культуры» (26,7 рубля, або 10 долараў па курсе) і арганізацыі «BY_help» (26,2 рубля, амаль 10 долараў па курсе).

Паводле абвінавачанняў, Шведаў выкарыстоўваў для данатаў мабільны тэлефон і пералічаў грошы праз ААТ «СберБанк», пры гэтым дзейнічаў «па матывах ідэалагічнай варожасці».

Мужчыну можа пагражаць да васьмі гадоў пазбаўлення волі і вялікі штраф. Абставінамі, якія «змякчаюць дзеянні» Шведава, пракурор назвала наяўнасць на ўтрыманні ў яго малога дзіцяці.

Фёдара трымаюць у зале суда ў кайданках.
Фота: СБ. Беларусь сегодня

Выданне «СБ. Беларусь сегодня» прыводзіць фотаздымкі з залы суда, на якіх бачна, што падчас працэсу Шведава трымаюць у кайданках.

Вядома, што Шведава затрымалі 26 студзеня 2024 года. Вынікі суду пакуль невядомыя.

Фёдар Шведаў з’яўляецца ўладальнікам «Вялікай хрустальнай савы» як найлепшы гулец сезона, ягоная каманда да 2020 года згуляла восем сезонаў. Фёдар нарадзінец Светлагорска Гомельскай вобласці, скончыў фізіка-тэхнічны факультэт Гарадзенскага дзяржуніверсітэту, а таксама факультэт эканамічнай кібернетыкі БДУ. Да затрымання працаваў у онлайн-школе, зарэгістраванай на Кіпры, выкладчыкам фізікі. Усяго ў Фёдара Шведава трое дзяцей, двое з іх ужо дарослыя.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў