Топ-5 надзейных менскіх новабудоўляў: з цэннікам ад $ 1000 за квадратны метр

Пісаць пра забудоўнікаў, у якіх у тэорыі могуць узнікнуць праблемы, было б безадказна. Немалая колькасць з іх будуе за кошт дольнікаў на мяжы рэнтабельнасці. Напішы, што яны слабыя, – новыя дольнікі да іх не пойдуць, а значыць, і шанец дабудаваць знікне. І пацярпяць найперш тыя, хто ўжо даверыў грошы праекту. А вось скласці топ-5 надзейных – лёгка.

1. Новая Баравая ад «A-100 Development»

Буйны праект рэалізуецца ў вёсцы Копішча каля Менску. З плюсаў – дызайн, архітэктура, азеляненне, велапаркінгі і «зялёныя» ладаванкі, добра прапрацаваныя грамадскія зоны, наагул уважлівае стаўленне да патрэбаў будучых жыхароў.

Тут будуюць пераважна панэльныя дамы. Але гэта ўжо новая панэль – эстэтычная, з вялікімі вокнамі, цікавымі рашэннямі месцаў агульнага карыстання.

Новая Баравая.
Фота: newbor.by

«A-100 Development» абяцаў навасельцам «асаблівае асяроддзе» – так і выйшла, жытло ў Новай Баравой выбіралі і выбіраюць айцішнікі, маладыя, крэатыўныя і палітычна актыўныя.

Менавіта гэтая катэгорыя цярпіць ад рэпрэсіяў і нявызначанасці. Што будзе заўтра? Ці не давядзецца з’язджаць? Палітычная сітуацыя адбілася на попыце. Год Новая Баравая спрабавала трымаць дакрызісны цэннік. Але цяпер у новых дамах, якія здадуць праз год, – акцыі. І ўжо з’яўляюцца 60-метровыя 2-пакаёвыя кватэры без аздаблення за $ 1000 за квадратны метр, 45-метровыя 1-пакаёвыя – за $ 1150.

Новая Баравая.
Фота: newbor.by

Нагадаю, «A-100» не паведамляе на сайце цэнаў, толькі пры асабістым звароце. Гэта дае поле для манеўру: можна зніжаць кошты ў пэўных дамах, не прыцягваючы ўвагі масавай аўдыторыі. А праект падабаецца шмат каму, аўдыторыя за ім сочыць.

2. «Пятроўскія верфі» ад УКБ «Захад»

Жылы комплекс «Пятроўскія верфі» – гэта 9 дамоў у стылі піцерскай набярэжнай, дзе дамы – гэта напамін пра караблі з высока ўзнятымі ветразямі. Дамінанта комплексу – дом, які сімвалізуе маяк.

Канцэпцыю забудовы распрацавалі адмыслоўцы піцерскага архітэктурнага бюро «Студыя 17», якія перамаглі ў конкурсе на найлепшую канцэпцыю забудовы жылых кварталаў у Санкт-Пецярбурзе і Менску. Гэта значыць, што праект сіметрычны: у паўночнай сталіцы Расеі будуюць Беларускі квартал.

Жылы комплекс «Пятроўскія верфі», дом «Маяк».
Фота: verfi.by

Узводзяцца «Верфі» непадалёк ад станцыі метро «Пятроўшчына». У комплексе будуць двары без машынаў, крамы на першых паверхах, тры паркінгі, агульная плошча з фантанам.

Спачатку меркавалі, што жыць у «Верфях» будуць толькі людзі з чаргі на жытло. Але сам праект не з танных, і паспрабаваць прадаць тыя ж пентхаусы людзям з чаргі на жытло не ўдалося. Нядаўна УКБ дамаглося права прадаваць свабодныя кватэры ўсім ахвочым.

Пакуль выставілі нераспрададзенае ў першых двух дамах – «Маяк» і «Ветразь». Да кожнай кватэры неабходна выкупіць месца ў шматузроўневым паркінгу. Цана месца – Br 24 613, каля $ 9 323.

Жылы комплекс «Пятроўскія верфі», паркінг.
Фота: verfi.by

Кватэры ацэненыя выключна ў рублях, троху таннейшыя з іх – на першых паверхах. Ёсць зніжкі пры стоадсоткавай аплаце. Ёсць варыянт заплаціць 10 % ад кошту і далей плаціць паводле графіку.

У доме «Ветразь» 1-пакаёвая кватэра плошчаю 47 квадратных метраў пры стоадсоткавай аплаце абыдзецца, зыходзячы з Br 3 250 за квадратны метр, цяпер, згодна з курсам, гэта будзе $ 1 231. Квадратны метр у пентхаусе плошчаю 117 квадратных метраў – Br 2500 пры стоадсоткавай аплаце ($ 947 паводле курсу Нацыянальнага банку).

Прасторную 77-метровую 2-пакаёвую кватэру прапануюць за Br 2650 за метр пры стоадсоткавай аплаце.

У «Маяку» кошты крыху ніжэйшыя, але і метраж кватэр большы. Напрыклад, 3-пакаёвыя кватэры плошчай ад 86,5 квадратных метраў на першым – другім паверхах выстаўленыя за Br 2450 пры стоадсоткавай аплаце. Тыя, што вышэй, – ужо за Br 2600. Але таксама выходзіць ужо крыху танней за $ 1000, зважаючы на курс Нацбанку.

Жылы комплекс «Пятроўскія верфі», дом «Ветразь». Фото: verfi.by

130-метровыя пентхаусы прадаюцца за Br 2400 за квадратны метр пры разавым плацяжы. Гэта цяпер $ 118 тысячаў за ўсю кватэру.

Для параўнання, чаргавікам нармаваную плошчу (15 метраў на сямейніка і 20 – на чальца шматдзетнай сям’і) у «Маяку» прапаноўвалі за Br 2222 за метр.

3. «Левада» ад «Айрану»

Жылы комплекс павышанай камфортнасці будуецца на беразе Свіслачы каля вуліцы Нававіленская на месцы знесенай птушкафабрыкі. Тут узводзяць два тыпы маналітна-каркасных дамоў – 7-павярховыя на некалькі пад’ездаў і кампактныя 4-павярховыя ўздоўж ракі.

Плюсам комплексу будзе адносная аддаленасць ад шумных вуліцаў, двары без машынаў, шмат паркінгаў, свая інфраструктура (школа, сад, фітнес-зала). Цяпер стартуюць продажы ў чарговым такім 7-павярховым доме.

Жылы комплекс «Левада». Стадыя гатовасці на 1 сакавіка 2021 года.
Фота: levada.by

Самы танны квадратны метр – у 3-пакаёвых кватэрах плошчаю 75–80 квадратных метраў. Яго пры стоадсоткавай аплаце забудоўнік ацаніў на $ 1350. Прычым пры прыцягненні крэдыту кошт метра павялічваецца на $ 50.

Пры гэтым сайт забудоўніка паказвае, што кошты стартуюць з $ 1300 за квадрат – столькі каштуюць метры ў кватэрах на першым паверсе ўжо пабудаванага дому.

У 4-павярховых «элітных» дамах у Свіслачы цэны цяпер – ад $ 2000 за квадратны метр.

4. «Праменад» ад «БіЮСіСі»

Пекінска-менская кампанія развіцця нерухомасці «БіЮСіСі» будуе «Праменад» даўно і амаль без рэкламы. Тут прадаюць выключна гатовае жытло, гэта значыць, не ката ў мяшку. Можна зайсці ў кватэру, паглядзець, якія віды адкрываюцца і наколькі роўныя сцены.

Нізкашчыльны «Праменад» расце недалёка ад праспекту Пераможцаў, у межах вуліцаў Мястраўскай і Ільянскай. Увесь комплекс увядуць у эксплуатацыю ў канцы 2022 года.

Кошт квадратнага метра стартуе з $ 1290. Пры стоадсоткавай аплаце пакупнік атрымлівае зніжку да 2 % ад кошту кватэры (у сярэднім $ 28 за квадратны метр).

5. «Камфорт-Парк» ад «Стромінвесту»

Таксама надзейная прапанова – першы маналітна-каркасны дом у межах вуліцаў Ціміразева, Панфілава, Грыбаедава і Татарскай. Ужо гатовы, можна асабіста паглядзець кватэру перад набыццём.

Метр у кватэры плошчаю 51 квадрат (патэнцыйная 2-пакаёвая кватэра з еўрапейскім свабодным планаваннем) каштуе $ 1 525, сама кватэра – $ 78 690.

Кватэра плошчаю 72,2 квадрата (можна перарабіць у 3-пакаёвую кватэру з еўрапланаваннем) ацанілі на больш як $ 106 тысячаў, $ 1475 за квадратны метр.

Стартаваў продаж з $ 1450 за квадрат у любой кватэры. Наколькі забудоўнік гатовы гандлявацца, мне не вядома.

Забудоўнік – група кампаніяў «Стромінвест». Адною з умоваў для вылучэння зямельнага ўчастку для будоўлі было тое, што па $ 50 з кожнага квадратнага метра пералічацца Прэзідэнцкаму спартоваму клубу.

«Камфорт-Парк» ад «Стромінвесту».
Фота: comfortpark.by

Гэты топ не кажа пра тое, што ў Менску больш няма надзейных праектаў і ўсе астатнія – пад пагрозаю стаць даўгабудамі. Зусім не. Рэйтынг можна расцягнуць і да паўтара дзясятка. Але ў гэтай пяцёрцы дакладна не даводзіцца сумнявацца: тут альбо гатовае жытло, альбо самыя ўстойлівыя забудоўнікі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў