Беларускія дэмакратычныя сілы і Еўрапарламент падпісалі пагадненне аб супрацы


3 траўня Святлана Ціханоўская і старшыня Еўрапейскага парламенту Рабэрта Мэтсаля падпісалі Ліст пра намер супрацы паміж беларускім дэмакратычным рухам і Еўрапейскім парламентам.

Кіраўніца АПКБ Святлана Ціханоўская і старшыня Еўрапейскага парламенту Рабэрта Мэтсаля падпісалі Ліст пра намер супрацы паміж беларускім дэмакратычным рухам і Еўрапейскім парламентам.
Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі / Telegram

Дакумент, падпісанне якога адбылося падчас візіту кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету на Мальту, беспрэцэдэнтны: гэта першая дамова, якая замацоўвае супрацу дэмакратычных сілаў Беларусі з афіцыйным замежным палітычным органам.

Як падкрэслівае прэс-служба АПКБ, у дакуменце адзначаецца, што Абʼяднаны пераходны кабінет Беларусі і Каардынацыйная рада маюць разглядацца міжнароднаю супольнасцю як прадстаўнікі народу Беларусі.

Акрамя таго, у тэксце дакументу дэкларуецца падтрыманне дзейнасці асноўных палітычных структураў дэмакратычнага руху Беларусі ў кірунку еўрапейскага выбару: Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі і беларускіх палітычных партыяў.

Сярод практычных кірункаў дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў і Еўрапарламенту ў Лісце пазначаныя наступныя пункты:

  • узаемадзеянне і падтрыманне ціску на рэжым;
  • падтрыманне дэмакратычнага руху Беларусі ў абароне суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці ад пагрозаў з боку Расеі;
  • спрыянне ў развязанні міграцыйных праблемаў беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь з палітычных прычынаў;
  • намаганні для прыцягнення прадстаўнікоў рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама за суўдзел у ваенных злачынствах і злачыннай агрэсіі супраць Украіны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў