Дзень Канстытуцыі ў краіне дзе «не да законаў»

З савецкіх часоў у народзе ніколі асабліва Дзень Канстытуцыі ніхто не адзначаў. Ну Канстытуцыя і Канстытуцыя. Пра што тут казаць? Усе разумелі, што там хутчэй за ўсё напісана ўсё прыгожа і выдатна і на яе глядзелі з большага як на нейкі твор мастацтва, які жыве сабе сваім асобным жыццём.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: SIMON DAVAL / MAXPPP / Forum

Усё змянілася пасля таго, як народ атрымаў хоць і маленькую, але магчымасць выказвацца. Усе з захапленнем глядзелі трансляцыю пасяджэнняў Вярхоўнага Савету СССР. Шмат хадзіла анекдотаў наконт выказвання аб Канстытуцыі лідараў сярэднеазіяцкіх рэспублік, якім складана было вымаўляць гэтае слова на рускай мове. Слова «Канстытуцыя» усё часцей гучала з высокіх трыбун. Пасля развалу СССР пра Канстытуцыю загаварылі на ўсіх узроўнях. Права на самавызначэнне, развіццё нацыянальнай культуры, права на правядзенне сходаў, свабода сумлення і рэлігіяў – пра гэта гаварылі, гэтага патрабавалі і за гэта многія ўжо гатовы былі змагацца.

Трыццаць гадоў таму 15 сакавіка Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Канстытуцыю. Тады гэта азначала, што Беларусь пойдзе шляхам еўрапейскіх краін і ўсё неабходнае для гэтага ў краіны ёсць. Але мінуў год і рэферэндум увесну 1995 года паказаў, што надзеі могуць не апраўдацца. Першы ж перформанс, які жорстка разагналі сілавікі каля будынку адміністрацыі прэзідэнта, паказаў, што свабоды, прапісаныя ў Канстытуцыі хутчэй за ўсё давядзецца адстойваць. Было зразумела, што і дэпутацкая фракцыя нічога не зможа зрабіць на заканадаўчым узроўні пасля таго, як у Авальную залу Вярхоўнага савету ўварваліся людзі ў масках і збілі дэпутатаў.

Новы рэферэндум 1996-га і так званыя змены і дадаткі ў асноўны закон краіны сталі пачаткам злучэння галін улады ў руках аднаго чалавека. Не адразу, але няўхільна ўлады сталі адсоўваць апазіцыю ад уплыву на народ. Лідары грамадскасці, пазбавіўшыся магчымасці выступаць праз дзяржаўныя СМІ, вывелі людзей на вуліцы. У тыя часы выходзілі дзясяткі тысяч людзей. Народ патрабаваў захавання Канстытуцыі. Але ў адказ пачалі зʼяўляцца Дэкрэты прэзідэнта. Каб збіць хвалю абурэння Дэкрэт №5 забараняў любыя сходы і дэманстрацыі без санкцыі ўладаў. А хто іх дасць гэтыя самыя санкцыі? У адваротным выпадку ўдзельнікаў каралі вялізнымі штрафамі і арыштамі. Вось тады і запрацаваў судовы канвеер. І ён набіраў і набіраў абароты. Менавіта тады сталі адлічваць студэнтаў і звальняць непажаданых выкладчыкаў. Нядоўга трэба было чакаць, пакуль чарга дойдзе і да астатніх.

Канстытуцыя 1994 года.
Фота: Белсат

Праз год у Дзень Канстытуцыі падчас дэманстрацыі ад будынку Опернага тэатру да Палаца спорту некалькі маладых людзей сарвалі новыя дзяржаўныя флагі з ліхтарных слупоў і кінулі іх на зямлю. Некаторых хлопцаў затрымалі пазней. Справа пачала расследаваць Менская гарадская пракуратура. Справа новая, прэцэдэнту не было. Як яе ўвогуле кваліфікаваць? Памятаю перапалоханых бацькоў. Бо ў савецкі час за такое маглі і да вышкі прыгаварыць. Ішлі гутаркі, за імі допыты. Даказаць віну таго ці іншага чалавека ў той час было няпроста. Бо не было відэакамер. Здымалі натоўп супрацоўнікі КДБ, але гэта былі адзінкі. І таму не было сведкаў. Кагосьці апазнавалі, а кагосьці – не. Тады захаванне закону яшчэ мела значэнне. Фармальнасці прынамсі імкнуліся выконваць. Справу паступова спусцілі на тармазах. Ці магло сёння скончыцца ўсё такім чынам? Адказ відавочны.

У што пазней ператварылася заканадаўства краіны з усімі судамі, пракуратурамі і міліцыяй, сёння ведаюць нават дзеці. Якая перспектыва ў заканадаўчай галіне нас чакае? Гэта вельмі красамоўна паказвае апытанне, якое я аднойчы праводзіла сярод студэнтаў-юрыстаў. На пытанне: «які закон важней для выканання – дэкрэт прэзідэнта або Канстытуцыя?», 64% адразу адказалі, што дэкрэт, вядома ж. І толькі потым пагаджаліся, што, канешне, Канстытуцыя зʼяўляецца галоўным законам, але на практыцы ж гэта не так. Магутны аргумент для будучага юрыста.

Цяпер шмат дыскусій аб інстытуце прэзідэнцтва, хто вінаваты і ці можна было гэтага пазбегнуць. Круглыя сталы гэта добра і добра, што людзі маюць магчымасць гэта абмяркоўваць. Дрэнна, што такая магчымасць ёсць пакуль толькі за межамі краіны, у якой «не да законаў» і Канстытуцыя нават у тым «дапоўненым» выглядзе гэта ўсяго толькі нейкая брашурка.

30 гадоў таму Канстытуцыя краіны гарантавала народу права на дэмакратычнае развіццё і на тое, што краіна будзе незалежнай і суверэннай дзяржавай. Людзям гарантавалі права размаўляць на роднай мове і развіваць сваю нацыянальную культуру. Здароўе нацыі павінна было стаць прыярытэтам ва ўнутранай палітыцы. Ніхто тады не ведаў, што права абіраць і быць абраным у гэтай краіне будзе ў нас толькі адзін раз.

Ніхто не ведаў тады, што будзе парушана ўсё, што толькі можна будзе парушыць. Усе былі ўпэўненыя, што ніякія вайскоўцы чужых краін не змогуць базавацца на тэрыторыі Беларусі і тым больш узлятаць з яе аэрадромаў, каб бамбаваць мірныя гарады іншай краіны. Затое сёння можна прыгадаць, што шанец у нас усё ж быў і надзея яго вярнуць у нас застаецца. Сёння варта прыгадаць тых людзей, якія змагаліся за нашы правы, і, што гэтыя правы аднойчы былі нам усім гарантаваныя той Канстытуцыяй. Прайшло 30 год і здаецца, што ўсё было толькі ўчора. Дзень Канстытуцыі для сённяшняй Беларусі выглядае як сарказм і здзек з народа. Але трэба памятаць, што шанец у нас быў і ён пакуль яшчэ застаецца.

Меркаванні
Не атрымліваецца ў расейцаў абараняць сваю зямлю
2024.03.12 20:49

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў