Украіна збіла над Азоўскім морам расейскі самалёт А-50 і падбіла Іл-22


Увечары 14 студзеня ЗСУ Украіны збілі расейскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 ды падбілі над Азоўскім морам самалёт Іл-22, паведамляе УНІАН са спасылкаю на крыніцы ў войску.

Самалёт-лакатар А-50. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Мінабароны Расеі

«Каля 21:00 украінскія падраздзяленні нанеслі агнявое паражэнне па двух самалётах РФ, а менавіта па самалёце А-50 ДРЛВ і бамбавіку Іл-22 над акваторыяй Азоўскага мора», – паведаміў у тэлеграм-канале народны дэпутат Юрый Мысягін.

Пазней спікер Украінскай добраахвотніцкай арміі «Поўдзень» Сяргей Братчук напісаў, што ягоныя крыніцы зафіксавалі знікненне з радараў самалёта А-50, а таксама пацвердзіў, што Іл-22 быў падбіты:

«Паводле папярэдніх звестак, інфармацыя пацверджаная, таму чакаем каментароў ад Паветраных сілаў. Калі казаць пра самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50, то іх усяго прыблізна 30 адзінак. Цэль вельмі тлустая».

Кошт самалёта А-50 перавышае $ 300 млн. У лютым 2023 года менавіта адзін з такіх самалётаў быў пашкоджаны на аэрадроме ў Мачулішчах у Беларусі.

«РБК-Україна» са спасылкаю на крыніцы ў Сілах абароны, паведамляе, што А-50 збілі адразу пасля таго, як той заступіў на дзяжурства каля Кірылаўкі (прыблізна 21:10–21:15). Самалёт перастаў адказваць на запыты тактычнай авіяцыі, а пасля пілот расейскага Су-30 зафіксаваў «узгаранне і падзенне неапазнанага паветранага судна» (выданне апублікавала перахопленыя перамовы пілота).

Іл-22 (бартавы нумар 75106) быў падбіты на ўзбярэжжы Азоўскага мора каля 21:00 і хацеў зрабіць пасадку ў Анапе. Пілот запытваў эвакуацыю, а таксама выклікаў медыкаў і ратаўнікоў. «Оперативний ЗСУ» выказвае здагадку, што Іл-22 быў падбіты расейскаю СПА, якая адказвала за бяспеку Крымскага мосту. Расейскі бок афіцыйна пакуль не каментуе страты самалётаў.

Паводле Генеральнага штабу ЗСУ, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расея страціла 329 самалётаў і 324 верталёты.

Агляд
Расейцы ціснуць на стратэгічных участках фронту. Што вядома?
2024.01.14 18:49

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў