Расейцы ціснуць на стратэгічных участках фронту. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 690-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы ў Данецкай вобласці. 13 студзеня 2024 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку працягваюцца сустрэчныя баі за сяло Сынькоўка ў Харкаўскай вобласці: Генштаб ЗСУ і Мінабароны РФ пішуць пра адбіццё чатырох атак праціўніка на гэтым участку фронту, што сведчыць пра прыкладна аднолькавую актыўнасць абодвух бакоў.

На суседнім, ліманскім кірунку ініцыятыва за расейскімі вайскоўцамі. Паводле ўкраінскага камандавання, цягам содняў сілы абароны краіны адбілі чатыры атакі праціўніка каля сёлаў Макееўка і Тэрны ў Луганскай і Данецкай вобласцях адпаведна.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Romanov Лайт» піша, што УС РФ пасля працяглага перапынку ўзнавілі наступ у бок Белагораўкі на Луганшчыне.

Самыя ЗСУ на ліманскім кірунку атакавалі ў Сэрэбранскім лясніцтве каля сяла Дзіброва, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку галоўнай задачай Узброеных сілаў РФ ёсць выхад да гораду Часаў Яр.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што войскам РФ удалося прасунуцца ў лесапаласе на паўночным захадзе ад Багданаўкі, а каля Клішчыеўкі яны выбілі ЗСУ з часткі вышыняў, але самыя пакуль не замацаваліся на новых пазіцыях.

У гэты ж час праўкраінскі канал «Бахмутський Демон» піша, што вышыні пад Клішчыеўкай застаюцца за ЗСУ. Разам з тым крыніца адзначае моцны ціск праціўніка каля сяла Хромава.

Таксама УС РФ атакавалі каля Андрэеўкі, але поспеху не дасягнулі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Істотная наступальная актыўнасць расейскіх вайскоўцаў фіксуецца і ў ваколіцах Данецку.

Паводле інфармацыі ўкраінскага камандавання, на поўначы аўдзееўскага кірунку сілы абароны краіны адбілі пяць атак праціўніка каля Навабахмутаўкі і ў самой Аўдзееўцы, у гэты ж час на поўдні – 15 атак у ваколіцах населеных пунктаў Севэрнае, Первамайскае і Невельскае.

Разам з тым тэлеграм-канал «Белорусский силовик» паведамляе пра дзейнасць дыверсійна-выведных групаў УС РФ у Первамайскім, вынікам чаго сталася павелічэнне так званай шэрай зоны.

На захадзе ад Данецку – мар’інскі кірунак – Генштаб ЗСУ фіксуе 17 няўдалых атак праціўніка каля Краснагораўкі і Новамыхайлаўкі.

Між тым расейскі ваенкар Сямён Пегаў сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся пад Новамыхайлаўкай у паўднёва-заходнім кірунку.

У гэты ж час байцы 46-й аэрамабільнай брыгады ЗСУ ў сваім тэлеграм-канале тлумачаць, чаму расейцы кідаюць вялізныя сілы ў ваколіцы звычайнага сяла ў Данецкай вобласці. Адзначаецца, што цяперашняя сітуацыя звязаная з леташнімі няўдачамі войскаў РФ пад Вуглядарам, калі яны лабавымі атакамі намагаліся заняць умацаваны раён ЗСУ.

Зразумеўшы сваю бяссільнасць на поўдні, расейцы пастанавілі ўдарыць па Вуглядары з флангу, для гэтага ім і трэба прасунуцца наперад на мар’інскім кірунку.

Мяркуецца, што расейскае камандаванне разлічвае выйсці да гораду адразу з двух бакоў: на больш шырокім радыусе цераз Мар’інку, Георгіеўку і Курахава (апошні населены пункт ёсць важнай лагістычнай кропкай) і на малым радыусе цераз Новамыхайлаўку і Касцянтынаўку.

Каля Мар’інкі расейцы ўжо дасягнулі тактычнага поспеху, але наступаць тут далей без паралельнага прасоўвання каля Новамыхайлаўкі для іх небяспечна, бо існуе імавернасць франтавых удараў з боку ЗСУ. Таму цяпер асноўны націск робіцца менавіта на ваколіцы Новамыхайлаўкі.

Поспех праціўніка на гэтым участку фронту пагражае сілам абароны Украіны абвалам усёй лініі абароны на поўдні Данецкай вобласці і мажлівым эфектам даміно на суседніх кірунках.

Бярдзянскі і мэлітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

На бярдзянскім кірунку фіксуецца паступовае павелічэнне актыўнасці Узброеных сілаў РФ. Паводле ўкраінскага камандавання, цягам содняў ЗСУ адбілі чатыры атакі праціўніка каля населеных пунктаў Прэчыстаўка, Старамаёрскае і Раўнопаль на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

На мэлітопальскім кірунку ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы атакавалі каля сёлаў Работына і Вэрбовае (на поўдні ад гораду Арэхаў). Са словаў ваенкара Пегава, на паўднёвым захадзе ад апошняга населенага пункту войскі РФ вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў.

Генштаб ЗСУ піша пра пяць няўдалых штурмаў сваіх пазіцыяў з боку праціўніка.

Сямён Пегаў гаворыць, што ўкраінскія вайскоўцы атакавалі з астравоў каля сяла Пішчанаўка. У гэты ж час ля сяла Крынкі працягваюцца сустрэчныя баі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў