«Кожны крок у турме – і ты бліжэй да дому». Правілы жыцця журналіста Анджэя Пачобута


16 студзеня ў гарадзенскім абласным судзе пачнецца працэс над знаным журналістам, актывістам незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэем Пачобутам. Ён застаецца за кратамі ўжо год і 10 месяцаў. За гэты час пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. Адчуў на сабе ціск з боку адміністрацыі, сярод іншага – блакаванне ліставання і наагул якой-небудзь інфармацыі. Яму прапаноўвалі выехаць за мяжу ў абмен на вызваленне, некалькі разоў – напісаць прашэнне аб памілаванні, аднак журналіст адмовіўся. Цяпер яму пагражае да 12 гадоў зняволення.

Анджэй Пачобут.
Фота: Анджей Почобут/Facebook

Анджэй Пачобут – вядомая і хіба ўжо легендарная асоба як у журналістыцы, так і грамадскай дзейнасці. Цягам гадоў ён быў голасам палякаў Беларусі. Прыводзім ягоныя правілы жыцця, узятыя з урыўкаў лістоў з-за кратаў.

1. «Я думаю пра тых, хто сядзеў у гэтых сценах у 1940–50-ыя гады, і яны чакалі суда. Ім было цяжэй, у тыя гады гэта было сапраўднае пекла. Іх прыклад дае сілы. Мы не выбіраем часу, у якім жывем, але мы выбіраем, як нам жыць у той час. Вядома, я ніколі не думаў, што гісторыя раптам стане такою небяспечнай, але рэчаіснасць заўсёды здзіўляе. У гэтым і заключаецца яе прыгажосць».

2. «Хоць рэчаіснасць тут змрочная, я не губляю аптымізму і бадзёрасці. Я веру, што ўрэшце праўда і справядлівасць пераможа».

3. У жодзінскай турме Андрэй Пачобут цяжка перахварэў на ковід. У лістах пісаў, што пасля выздараўлення, каб аднавіцца, стараўся як мага больш займацца ў камеры і шмат хадзіць. У апошняй камеры, дзе ён сядзеў, можна было зрабіць толькі 4 крокі ў адзін бок, але Анджэй хадзіў па некалькі гадзінаў за дзень:

«Я прыдумаў так: кожны крок – гэта крок да Горадні, і ты бліжэй да дому. Гэта вельмі матывуе! Я ведаю, што мяне вывезлі далёка і павязуць яшчэ далей, але калі ты не здаешся і будзеш крочыць далей, то рана ці позна дабярэшся да дому, да нашага каралеўскага гораду».

4. «Сапраўднае пакаранне тут – спякота, якая прыемная на дварэ і ля ракі ці возера. (…) Так што сёлета як ніколі чакаю ў Жодзіне канца лета ці хаця б сезону дажджоў. Гэта, вядома, чысты эгаізм, але я нават не буду гэтага хаваць».

У Беластоку адкрылася выстава, прысвечаная старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліцы Борыс і журналісту Анджэю Пачобуту. Беласток, Польшча. 2 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«…Надвор’е нармалізавалася, і ў турме наступіла мілата…».

5. «Мая справа ідзе павольна, але я не хвалююся. У зняволенні ты проста пасажыр, які едзе, а дакладней, каго вязуць, і твой уплыў на кірунак руху вельмі абмежаваны… Але як толькі вы прывыкнеце да гэтага, вы ведаеце, што часам трэба быць вельмі жорсткім, а часам проста не звяртаць увагі і жыць з думкаю, што час ідзе і ніхто не можа яго спыніць. Усё пройдзе, і гэта (турма)».

6. Пра гарадзенскую турму:

«У мяне ўсё нармальна, мяне перавялі ў камеру 43, гэта корпус 1, які я ведаю з 2011 года. Няшмат тут змянілася з таго часу. Мабыць, мне робяць «экскурсію» па турме. Як журналісту мне ўсё тут цікава».

Ліст з гарадзенскай турмы, напісаны Анджэем Пачобутам падчас зняволення ў 2011 годзе:

«Адна з прыемных падзеяў у маім турэмным жыцці – шпацыр. Сем крокаў у адзін бок – і ты ўпіраешся ў сцяну, разварот – і сем крокаў у іншы. Здавалася б, што тут можа быць прыемнага? Але пасля камеры тут раздолле. Бокс, у якім нас «выгульваюць», – гэта тая ж камера, толькі замест даху там краты. Гэта значыць, відаць неба і ёсць свежае паветра. У турме пачынаеш цаніць такія простыя і, здавалася б, агульнадаступныя рэчы. За адзін шпацыр я ў сярэднім праходжу 3 ці 3,5 км, што за адседжаны ўжо месяц дае прыкладна 90 км. Па-мойму, нядрэнны вынік. Каб было весялей, іду, напяваючы «Na znojną walkę», «Pierwsza brygada», «Piechota», «Piosenka ludzi bez domu» і да т. п. Турэмныя сцены, верагодна, не сутыкаліся з такім рэпертуарам ужо гадкоў з 1960-х. З песняю час ляціць хутчэй, дый ісці заўсёды весялей. У суседніх боксах таксама, бывае, напяваюць. Але там рэпертуар іншы:)».

7. Анджэй Пачобут з сумам рэагаваў на хвалю знішчэння польскіх могілак на Гарадзеншчыне ў 2022 годзе:

«…Чуў пра Сурконты. Насамрэч гэта апошні стрэл, больш нічога ўжо няма, каб на польскі мазоль наступіць. Салдаты 50 гадоў без крыжа ляжалі, таму ім не прывыкаць… А памяць пра Сурконты, пра салдатаў ад гэтага толькі ўзмоцніцца, як у Беларусі, так і ўва ўсім свеце. Не першы раз у гісторыі разбураюцца польскія могілкі… Спадзяюся, што лёс палякаў Беларусі нікога не пакіне абыякавым, а абараняць гонар герояў Арміі Краёвай будзе кожны паляк».

Акция в поддержку политзаключенных Анджея Почобута и Анжелики Борис в Белостоке
Акцыя на падтрыманне палітзняволеных Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс. На здымку – Марыя Цішкоўская. Беласток, Польшча. 25 студзеня 2022 года.
Фота: АЛ /Белсат

8. «Я вельмі люблю наш прыгожы Нёман. Ён такі разнастайны: ад вузкай рачулкі да мора шырокага… Я таксама люблю летні лес, як пахне чабор, іншыя кветкі…»

9. «Толькі праўда цікавая».

10. «Дзякуй за тое, што не забываеце пра мяне і не абыякавыя да майго лёсу. Веру, што дрэнны час раней ці пазней скончыцца».

Хто такі Анджэй Пачобут: 5 фактаў

1. Анджэй Пачобут нарадзіўся ў 1973 годзе ў Вялікай Бераставіцы Гарадзенскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Неўзабаве сямʼя пераехала ў Горадню. Вучыўся на юрыста, але мары пра кар’еру адваката разбіліся аб рэчаіснасць, калі да ўлады ў краіне прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Анджэй, вядомы сваёй прынцыповасцю і абвостраным пачуццём справядлівасці, пайшоў у журналістыку. Быў карэспандэнтам буйнога польскага выдання «Gazeta Wyborcza» ў Беларусі, супрацоўнічаў і з іншымі выданнямі – беларускімі і польскімі.

2. У пачатку 1990-х Андрэй разам з малодшым братам Стасам стварае ўжо легендарны гурт «Deviation», які меў выразна анархічную афарбоўку. Анджэй не толькі граў на гітары, але і пісаў вершы па-беларуску. А яшчэ ён кандыдат у майстры спорту па шахматах.

Але самае вялікае захапленне і хобі Анджэя, якое ён пранёс праз усё жыццё, – гэта гісторыя, у прыватнасці Другая сусветная вайна і паваенны польскі партызанскі рух. Дарэчы, ягоны бацька спадар Станіслаў – сапраўдная жывая энцыклапедыя па гісторыі Гарадзеншчыны.

3. У 1990-ыя Анджэй Пачобут актыўна камунікаваў з беларускімі арганізацыямі, бываў на сустрэчах БНФ і «Маладога фронту», браў заўважны ўдзел у Канфедэрацыі дзейных суполак «Разам», якая аб’яднала анархістаў, зялёных, эколагаў. Але са з’яўленнем аб’яднання палякаў Беларусі цалкам прысвяціў сябе менавіта справе польскай меншасці ды абароне яе правоў. Ён заўсёды быў актыўным у Саюзе палякаў у Беларусі, нягледзячы на ціск, шматлікія затрыманні, арышты, ператрусы. Цяпер Анджэя Пачобута добра ведаюць і паважаюць у Польшчы, ён мае вялікі ўплыў на польскія структуры ды арганізацыі.

4. У 2011 годзе Анджэй Пачобут ужо быў палітычным вязнем і два месяцы заставаўся за кратамі ў СІЗА Гарадзенскай турмы. Тады яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у абразе прэзідэнта Беларусі і паклёпе на кіраўніка дзяржавы. Гэтая справа выклікала міжнародны рэзананс: шматлікія польскія арганізацыі ды міжнародныя структуры патрабавалі вызваліць Пачобута. У выніку журналіста асудзілі на тры гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на два гады паводле артыкулу за паклёп і апраўдалі паводле артыкулу аб абразе. Вызвалілі ў зале суда. За час перабывання за кратамі журналіст скінуў больш за 20 кілаграмаў.

5. Анджэй Пачобут – адналюб. Калісьці менавіта каханне затрымала яго ў Горадні. Мае жонку Аксану, дачку Яну і сына Яраслава.

Акция солидарности белорусской диаспоры в Белостоке
Беларусы Беластоку правялі ўжо традыцыйную акцыю салідарнасці з палітычнымі вязнямі. Польшча. 25 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

«Справа Пачобута»

Ранкам 25 сакавіка 2021 года ў кватэру да Анджэя Пачобута ўварваліся сілавікі. Ператрус адбываўся больш за тры гадзіны, затым Анджэя забралі і павезлі на допыт у Менск, дзе заключылі пад варту паводле «справы палякаў». Яго разам з іншымі прадстаўнікамі СПБ абвінавачвалі ў распальванні нянавісці і рэабілітацыі нацызму.

Сёння з пяці абвінавачваных у «справе палякаў» за кратамі застаецца толькі Пачобут. Але абвінавачанне падкарэктавалі: за артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га журналіста абвінавацілі ў «распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыкметы» (арт. 130 КК). У матэрыяле Анджэй Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуруюць заявы журналіста для абароны польскай меншасці ў Беларусі, артыкул у польскім выданні «Gazeta Wyborcza» пра здушэнне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст у «Magazyn Polski» ў 2006 годзе пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гарадзеншчыне. Таксама журналіста абвінавацілі ў закліках да санкцыяў супраць Беларусі (арт. 361 КК). Паводле гэтых артыкулаў Пачобуту пагражае ад 6 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Анджэй Пачобут застаецца за кратамі ўжо 662 дні. Увесь час зняволення на яго ціснулі, каб ён з’ехаў з краіны, напісаўшы прашэнне аб памілаванні. Напрыклад, больш за месяц, з 14 красавіка да 17 траўня 2021 года, Пачобут быў у менскім СІЗА на Валадарскага ў сектары, дзе праводзяць апошнія дні асуджаныя да смяротнага пакарання. Анджэй мог з’ехаць з Беларусі яшчэ да арышту, аднак заўсёды казаў, што за мяжой яму няма чаго рабіць, ён застаецца ўдома.

У кастрычніку 2022 года КДБ залучыў яго ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Разгляд «справы Пачобута» неаднаразова пераносілі: пачатак працэсу прызначалі на 28 лістапада 2022 года, затым на 9 студзеня 2023 года, пасля – 16 студзеня. Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый Бубенчык.

Саша Гоман

Стужка навінаў