«Лукашэнка баіцца захопу райцэнтру». Вайсковы эксперт растлумачыў, навошта Лукашэнка паклікаў ваенных з Расеі


Вайсковы эксперт мяркуе, што сумесная з Расеяй групоўка патрэбная рэжыму не для нападу на Украіну, а для абароны ад унутраных ворагаў. Аналітык на сказаў «Белсату», што Аляксандр Лукашэнка сапраўды баіцца «уварвання незаконных узброеных фармаванняў з мэтай захопу раённага цэнтру».

Ва ўкраінскай сталіцы прайшло трэнаванне для новых байцоў, якія далучыліся да беларускага батальёну імя Каліноўскага ў складзе Тэрытарыяльнай абароны Кіева, Украіна. 18 сакавіка 2022 года.
Фота: АЦ / Белсат

Вайсковы эксперт пракаментаваў «Белсату» разгортванне рэгіянальнай беларуска-расейскай групоўкі, аб чым на гэтым тыдні абвясціў Аляксандр Лукашэнка. Аналітык мяркуе, што такое ўзмацненне патрэбнае для абароны ад узброеных фармаванняў унутры краіны і на выпадак запуску плана «Перамога».

«Сумесная групоўка войскаў – адказ на тое, што магчыма ўварванне, як яму паведамляе выведка, нейкіх незаконных узброеных фармаванняў з мэтай захопу раённага цэнтру, абвяшчэння яго нейкім незалежным раёнам, які будзе прызнаваць Ціханаўскую і не прызнаваць Лукашэнку і звернецца па дапамогу да заходніх дзяржаў, каб яны дапамаглі бараніць гэтую тэрыторыю ад Лукашэнкі», – сказаў эксперт.

Ён падкрэсліў, што Лукашэнка «рэальна баіцца такога развіцця падзей».

«І ён папрасіў Пуціна падкінуць яму 3-3,5 тысячы вайскоўцаў, каб прыкрыць гэтыя месцы. Ён баіцца, што яшчэ нехта з NATO нападзе праз Балтыку ці Польшчу. Пуцін шмат не даў, у яго практычна няма вольных войскаў», – адзначыў аналітык.

Раней чалец Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык казаў, што на разгортванне сумеснай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі спатрэбіцца некалькі месяцаў. На ягоную думку, гэтыя захады могуць сведчыць пра планы Пуціна яшчэ раз уварвацца ва Украіну з беларускай тэрыторыі.

Разбор
Лукашэнка ўступае ў вайну? Што азначае разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў
2022.10.10 17:37

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў