Ініцыятыва «BELPOL» паведаміла, што ўсю аператыўную каманду чарговы раз праверылі на паліграфе. «Асобы, якія супрацоўнічаюць са злачынным рэжымам Лукашэнкі, не выяўленыя», – запэўнілі ў арганізацыі.
Як кажуць у «BELPOL», для некаторых сябраў арганізацыі гэта было ўжо трэцяе правяранне на паліграфе:
«Як мы абяцалі, уся нашая аператыўная каманда прайшла чарговае правяранне на паліграфе. У выніку не выяўленыя асобы, якія маюць супрацу са злачынным рэжымам Лукашэнкі або здзейснілі ўчынкі, што дыскрэдытуюць».
Там адзначылі, што даследаванне зладзіў незалежны адмысловец. Ён падрыхтаваў не толькі пісьмовую справаздачу, але і перадаў графікі зафіксаваных псіхічна-фізіялагічных рэакцыяў, якія пацвярджаюць высновы.
«BELPOL» утварыўся ў выніку расколу ў арганізацыі «BYPOL». Аляксандр Азараў раней сцвярджаў, што прычынаю сваркі сталася адмова некаторых сябраў ад правярання на паліграфе.
Сяргей Крот belsat.eu