Азараў расказаў што з «BYPOL»: Наглядальная рада, незалежны аўдыт і план «Перамога»


Пры фондзе «BYPOL» ствараецца наглядальная рада, за ім застаецца план «Перамога», звольненым супрацоўнікам выплацяць запазычанасці па заробку. Аб гэтым расказаў прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аляксандр Азараў.

Аляксандр Азараў.
Фота: «Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі» / Telegram

9 ліпеня прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аляксандр Азараў расказаў, якім чынам пераадольваецца сітуацыя, якая ўзнікла ў арганізацыі «BYPOL» у пачатку чэрвеня.

«13 чэрвеня адбылася сустрэча калектыву «BYPOL» з кіраўніцай Кабінета Святланай Ціханоўскай і былі дасягнутыя пэўныя дамоўленасці, якія сталі адпраўным пунктам для захадаў па пераадоленні непаразуменняў», – паведаміў Азараў.

У прыватнасці, ствараецца Наглядальная рада, у якую ўжо абраныя кандыдаты, рыхтуюцца змены ў статут фонду і затым будзе прызначаны незалежны аўдыт.

Таксама Азараў паведаміў, што надалей у адказнасці фонду «BYPOL» застаецца план «Перамога».

«Даныя ўсіх удзельнікаў плана знаходзяцца ў поўнай бяспецы, мы працягваем працу па яго развіцці, а менавіта па стварэнні новых партызанскіх ячэек на тэрыторыі Беларусі, і працу з актывістамі ўнутры краіны», – запэўніў Аляксандр Азараў.

Паведамляецца таксама, што ўсе дзейныя супрацоўнікі «BYPOL» «паспяхова прайшлі паліграф з атрыманнем адпаведных дакументаў». Зроблены пэўныя крокі для ліквідацыі запазычанасці па заробках звольненым супрацоўнікам фонду: падпісана дамова аб фінансаванні арганізацыі і запазычанасць будзе зліквідаваная «пры атрыманні на рахунак арганізацыі грашовых сродкаў».

Азараў таксама падкрэсліў, што дзейныя супрацоўнікі «BYPOL» узялі на сябе пэўныя абавязкі ў дачыненні іншых удзельнікаў канфлікту – «прытрымлівацца мараторыя на ўзаемныя абвінавачванні і публічную крытыку, а таксама любыя дзеянні, якія прычыняюць шкоду другому боку і «BYPOL» як супольнасці».

Для паведамлення афіцыйнай інфармацыі ад імя фонду «BYPOL» быў зарэгістраваны і дзейнічае новы тэлеграм-канал «BYPOL – План “Перамога”»

Hавiны
Абʼяднанне сілавікоў Беларусі змяніла назву на «BELPOL»
2023.07.05 18:40

Нагадаем, 5 ліпеня Мацвей Купрэйчык паведаміў аб тым, што Аб’яднанне сілавікоў Беларусі змяніла назву з «BYPOL» на «BELPOL», у арганізацыю вярнуўся Андрэй Астаповіч. АСБ працягне выконваць ранейшыя задачы – правядзенне расследаванняў, выкрыццё агентуры, праца з людзьмі ў Беларусі і за мяжой, дапамога сродкам масавай інфармацыі. Было заяўлена, што з АСБ выключаныя Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў, з імі і з фондам «BYPOL» спынена «любое супрацоўніцтва».

«Перайменаванне арганізацыі – гэта мера выключна тэхнічная. Поўным праваўладальнікам абсалютна ўсіх магчымасцяў і інструментаў, як тэхнічных, так і інтэлектуальных, зʼяўляецца АСБ «BELPOL». Юрыдычная назва «BYPOL» і план «Перамога» застаецца за фондам А.Азарава», – заявіў 5 ліпеня прадстаўнік «BELPOL».

Каментар
Заснавальнік «BYPOL» Андрэй Астаповіч пра канфлікт у арганізацыі: «Ні на чыім баку выступаць не буду»
2023.06.10 00:45

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў