Амерыканскі сенатар Дык Дэрбін заклікаў тэрмінова вызваліць усіх беларускіх палітвязняў


Сенатар ЗША Дык Дэрбін заклікаў тэрмінова вызваліць усіх беларускіх палітвязняў, выказаў падтрымку Святлане Ціханоўскай і дэмакратычнай Беларусі, паабяцаў асабіста працаваць над узмацненнем закона аб дэмакратыі ў Беларусі. Аб гэтым палітык заявіў падчас выступлення ў Сенаце ЗША пасля вяртання з саміта NATO, які прайшоў у Вільні.

Сенатар Дык Дэрбін з партрэтамі Андрэя Кузнечыка і Ігара Лосіка выступае ў Кангрэсе. Скрыншот з відэа: «SenatorDurbin» / YouTube

13 ліпеня амерыканскі сенатар Дык Дэрбін, выступаючы ў верхняй палаце Кангрэсу ЗША пасля свайго візіту на саміт NATO у Вільні, выказаў словы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі і заклікаў амерыканскіх палітыкаў да канкрэтных крокаў, якія павінны дапамагчы беларусам у іх змаганні.

У прыватнасці Дык Дэрбін высока ацаніў нястомную працу лідаркі беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай, якая жыве ў Літве пасля таго, як ёй давялося ўцякаць з сямʼёй ад прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Дэрбін пазнаёміўся з ёй у Літве.

Сенатар зазначыў, што пасля таго як Лукашэнка пасадзіў Сяргея Ціханоўскага за спробу ўдзелу ў выбарах прэзідэнта, Святлана пайшла на прэзідэнцкія выбары замест мужа і «напэўна выйграла іх, але Лукашэнка адмовіўся падпарадкавацца вынікам галасавання і ёй прыйшлося ўцякаць у суседнюю Літву». Таксама Дэрбін адзначыў, што пасля правалу на выбарах Лукашэнка «стаў марыянеткай Пуціна і нават дазволіў Расеі перамяшчаць ядравую зброю на сваю тэрыторыю».

Сенатар таксама адзначыў, што не гледзячы на дзеянні Лукашэнкі, дэмакратычна настроеныя беларусы і Святлана Ціханоўская працягваюць супраціў:

«Незлічоная колькасць беларусаў былі зняволены ў турму за патрабаванне асноўных свабодаў, і ўсё ж яна і многія іншыя гераічна працягваюць барацьбу, у тым ліку падтрымліваюць змаганне Украіны і некаторыя змагаюцца за яе».

У якасці прыкладу таго, за што Лукашэнка рэпрэсуе беларусаў, амерыканскі палітык паказаў у зале паседжання амерыканскага Сенату плакат з фатаграфіямі двух зняволеных беларускіх журналістаў, супрацоўнікаў «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка і Ігара Лосіка, падкрэсліўшы, што «абодва былі зняволены ў турму Лукашэнкам за тое, што яны проста журналісты».

«Яны і ўсе палітычныя зняволеныя павінны быць вызвалены тэрмінова», – заклікаў Дык Дэрбін.

Таксама сенатар заклікаў калег-парламентарыяў і адміністрацыю ЗША зрабіць новыя канкрэтныя крокі для падтрымкі дэмакратычнай Беларусі:

«Я таксама спадзяюся, што адміністрацыя хутка абʼявіць аб новым спецыяльным пасланніку ў Беларусі. А я буду працаваць з маімі калегамі з Сената над абнаўленнем і ўзмацненнем закону аб дэмакратыі ў Беларусі».

Дэрбін падзяліўся і некаторымі адзнакамі вынікаў саміту NATO, які праходзіў у Вільні 11-12 ліпеня з удзелам лідараў 31 краіны з усяго свету. Сенатар назваў саміт гістарычным і паспяховым, бо і праз 70 гадоў пасля стварэння Альянс працягвае дзейнічаць дзеля падтрымання міру, і гэтая місія абʼяднала мноства краінаў, пры чым не толькі саюзнікаў па NATO. Дэрбін адзначыў вельмі важным удзел у працы саміту прэзідэнта Паўднёвай Карэя і прэмʼер-міністр Аўстраліі.

«Сабраліся разам дзеля агульнай мэты, каб адбіцца ад любога, хто нападзе на нас, даць ведаць тым, хто думаў аб нападзе на нас, якім дарагім коштам яны заплацілі б».

Дэрбін кажа, што саміт у Вільні – кепская навіна для Уладзіміра Пуціна, бо Паўночнаатлантычны альянс цяпер «больш моцны і згуртаваны, чым калі-небудзь быў у гісторыі і ў некаторым родзе гэта сюрпрыз».

Палітык згадаў, што NATO было створана на попеле двух жудасных сусветных войнаў, пасля часоў савецкага прыгнёту да яго далучыліся новыя чальцы з Усходняй Еўропы. Аднак NATO «не чыніць пагрозы для Расеі, але будзе абараняць кожную цалю тэрыторыі любога чальца ад атакі з Расеі ці яшчэ адкуль».

Сенатар вітае далучэнне да NATO Фінляндыі і неўзабаве Швецыі. Кажа, што пуцінскае ўварванне ва Украіну было бессэнсоўным, забрала ўжо жыцці больш чым ста тысяч расейскіх салдатаў, панізіла становішча Расеі ў свеце і ўмацавала і пашырыла NATO, якое цяпер мае новыя сотні кіламетраў мяжы з Расеяй.

Таксама сенатара вітаў датаковыя гарантыі бяспекі Украіне і палягчэнне шляху ўступлення гэтай краіны ў NATO, «каб у канчатковым выніку стаць часткай NATO, якой, я спадзяюся, яны будуць».

Дык Дэрбін кажа, што вельмі ўражаны «устойлівай рашучасцю і агульнай мэтай у разгроме Расеі ў яе вайне з Украінай», якую прадэманстравалі саюзнікі па NATO, якія раней знаходзіліся пад савецкім прыгнётам і не хочуць дапускаць імперскіх дзеянняў Расеі сёння.

Сенатар заявіў, што верыць у вайсковы поспех Украіны і адзначыў неабходнасць саюзнікаў ЗША падтрымліваць сваю абарону ад Расеі:

«Еўрапейцы разумеюць, што барацьба Украіны – гэта іх барацьба. Гэта таксама і маё пачуццё і бальшыні ў Сенаце, што барацьба Украіны за дэмакратыю і суверэнітэт таксама наша барацьба. Я хачу завяршыць свой выступ пасланнем Уладзіміру Пуціну ад саміту Альянсу: NATO мацней чым калі-небудзь, і мы адзіныя ў нашай рашучасці спыніць ваша бязлітаснае ўварванне ва Украіну».

Сенатар мае цікавую асабістую гісторыю – яго маці паходзіць з Літвы, эмігравала адсюль ва ўзросце 2 гады. Аднак ён любіць прыязджаць на радзіму мамы. Першы візіт быў у 1979 годзе, яшчэ да яго абрання ў Кангрэс. Сённяшняя Літва, паводле Дэрбіна, мае выразны кантраст з Літвой савецкай. Палітык згадаў выключны шлях, які прайшла гэта краіна – ад савецкай тыраніі да квітнеючай дэмакратыі. Сенатар падкрэсліў, што Літва таксама адкрыты прыхільнік Украіны нягледзячы на ўварванне Пуціна, і прыхільнік беларусаў, якія вымушаны былі ўцячы са сваёй краіны ад палітычнага пераследу. І яна супрацьстала эканамічнаму ціску Кітая, які узнік у адказ на рост літоўска-тайваньскага гандлю.

«Я быў сведкам, як былая Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стала літаральна першай рэспублікай, што зрабіла крок наперад і сказала: мы рвём з Масквой, мы хочам нашай уласнай незалежнасці. Яны заплацілі моцна за цэнавы ціск, перажылі ўзброенае ўварванне пры Гарбачове, савецкія лідары паспрабавалі спыніць гэтую маленькую краіну, але пацярпелі няўдачу. Літва цяпер – ганарлівая нацыя».

Поўнасцю выступленне сенатара Дыка Дэрбіна можна паглядзець на YouTube:

Hавiны
Ціханоўская агучыла некаторыя дэталі сустрэчы з Байдэнам
2023.07.13 08:27

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў